Усё ж і ранейшай даты выбараў — 9 верасьня — яны пакуль не аспрэчваюць.
Чакалі, што сёньня Савет "палаты прадстаўнікоў" ухваліць праект пастановы наконт правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў ды прапануе паставіць гэтае пытаньне на парадак дня сэсіі.
Аднак напярэдадні ўвечары паступілі заўвагі й дапаўненьні з адміністрацыі Лукашэнкі. Як вынік, ані афіцыйны праект ад дэпутацкай групы ў справе распрацоўкі гэтай пастановы, ані альтэрнатыўны праект Вольгі Абрамавай разгледжаныя не былі. Гаворыць удзельнік паседжаньня Васіль Хрол:
(Хрол: ) "Прынялі рашэньне, што 28 траўня мы правядзем яшчэ адно паседжаньне Савету "палаты", і на ім канчатковы варыянт праекту ўжо павінен быць прыняты".
Такім чынам, толькі пры канцы месяца можна чакаць рашэньня пра прызначэньне выбараў "палатай прадстаўнікоў".
Паводле словаў дэпутата Аляксея Ваганава, нават вельмі фармальны праект пастановы пра выбары, які распрацаваны ў "палаце", выклікаў супраціў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасьці, адміністрацыя выказалася супраць пункту пра тое, што сябры рабочай групы "палаты" ў справе распрацоўкі праекту будуць кантраляваць правядзеньне выбараў.
Але, паводле словаў кіраўніка рабочай групы Міхаіла Сасонкі, ніхто з прадстаўнікоў дзяржаўных структураў не аспрэчвае даты выбараў, якая прапануецца — 9 верасьня.
Рабочая група накіроўвала свой праект для высноваў і ўзгадненьня ў дзяржаўна-прававое ўпраўленьне прэзыдэнцкай адміністрацыі, Савет міністраў, Міністэрства юстыцыі, Канстытуцыйны суд, ЦВК.
Цэнтарвыбаркам і іншыя дзяржаўныя структуры прапанавалі толькі рэдакцыйныя папраўкі. Грамадзкім арганізацыям і палітычным партыям тэкст праекту для абмеркаваньня не накіроўвалі, таму яны, апрача хіба толькі толькі групы Леаніда Сініцына, ніякіх заўваг і не прыслалі.