Cьвяточнае шэсьце пачалося раніцай на Кастрычніцкай плошчы. У ім бралі ўдзел некалькі тысячаў чалавек. Усе ўваходы на плошчу прыкладна за гадзіну да пачатку мерапрыемства перакрылі міліцэйскія кардоны.
Калёну ўзначальваў Аляксандар Лукашэнка з сынам Віктарам. Пад гукі савецкіх маршаў у выкананьні вайсковага аркестру калёна рушыла да плошчы Перамогі.
У шэсьці таксама ўдзельнічалі прэм'ер Уладзімер Ярмошын, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Міхаіл Мясьніковіч, сакратар Рады бясьпекі Ўрал Латыпаў ды іншыя высокія чыноўнікі.
За вэтэранамі йшлі студэнты менскіх ВНУ, якіх сабралі па разнарадцы, маладыя "патрыёты" з БПСМ з чырвонымі й чырвона-зялёнымі сьцягамі, актывісты "Саюзу афіцэраў", іншых пракамуністычных арганізацыяў, а таксама бальшавікі з партрэтамі Леніна й Сталіна ды транспарантамі з заклікамі "аднавіць СССР".
Але найбольш экзатычна выглядала невялікая група людзей пад чырвоным сьцягам з надпісам "Камароўскі рынак".
За шэсьцем назірала вельмі шмат супрацоўнікаў службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі. Паводзілі яны сябе даволі груба й нахабна. Напрыклад, адзін зь целаахоўнікаў груба адштурхнуў старую жанчыну-вэтэрана, калі тая хацела падарыць Лукашэнку кветкі, ды выхапіў у яе з рук букет.
Перад помнікам Перамогі Аляксандра Лукашэнку сустрэў мітрапаліт Філарэт. Яны пацалаваліся, пасьля чаго Лукашэнка выступіў на плошчы з кароткай прамовай. Акрамя традыцыйнага віншаваньня, у ягонай прамове гучалі й палітычныя заявы:
(Лукашэнка: ) "Сёньня асобныя дамарослыя й замежныя старацелі спрабуюць навязаць нам іншыя гістарычныя каштоўнасьці. Даць іншыя палітычныя арыенціры. Усё савецкае мінулае, у тым ліку зьвязанае з гэтай страшнай вайной, малюецца імі чорнымі фарбамі. Падобная страта памяці была б самым жорсткім злачынствам перад цяперашнім і будучымі пакаленьнямі".
Лукашэнка таксама заявіў, што для Беларусі ўсе краіны ёсьць патэнцыйнымі партнэрамі, але "дыктату й ціску мы не пацерпім, адкуль бы яны ні зыходзілі".
На гэтым мітынг скончыўся. Ад’яжджаючы з плошчы, Аляксандар Лукашэнка дзіўна й двухсэнсоўна адказаў журналістам на пытаньне "Зь якім пачуцьцём вы пакідаеце плошчу Перамогі?"
(Лукашэнка: ) "З добрым пачуцьцём, наперадзе ў мяне Хатынь".