(Цыганкоў: ) “Пачалася гадзіна смутку са сьпеваў. Людзі з запаленымі сьвечкамі сьпяваюць “Магутны Божа”, “Не пагаснуць зоркі ў небе” ды іншыя песьні. Абвешчана, што шэсьце пачнецца прыблізна а 18:10.
Сёньня неназваны супрацоўнік ГрАУС Менгарвыканкаму паведаміў Інтэрфаксу, што ў выпадку парушэньня дэманстрантамі грамадзкага парадку міліцыя прыме адэкватныя захады. Міліцыя ня будзе пераведзеная на надзвычайны рэжым службы, аднак асабовы склад будзе ў рэзэрве.
Наколькі адэкватныя могуць быць гэтыя захады, сьведчыць тое, што сёньня раніцай дзясяткі крытых грузавікоў заводзілі ў Менск жаўнераў унутраных войскаў і міліцыю. Аднак вакол пляцу сілавікоў амаль не назіраецца. Зь мегафону міліцэйскай машыны ўвесь час паўтараюцца заклікі не парушаць грамадзкі парадак, ісьці да Акадэміі Навук і адтуль на плошчу Бангалёр.
У пачатку акцыі Вячаслаў Сіўчык паведаміў, што зараз дэлегацыя беларускіх навукоўцаў нясе пэтыцыю ў Дом ураду з патрабаваньнем павялічыць асыгнаваньні на ліквідацыю наступстваў Чарнобылю, і калі навукоўцы вернуцца, тады і пачнецца шэсьце”.
(Карэспандэнт: ) “Якое надвор’е і якую колькасьць удзельнікаў шэсьця прагназуюць арганізатары?
(Цыганкоў: ) “Надвор’е добрае, градусаў 13-15. Арганізатары плянуюць, што ў шэсьці возьме ўдзел 5-10 тысяч чалавек”.