Народныя гуляньні ў Берасьці распачаліся аб 11-й гадзіне на рагу праспэкта Машэрава ды вуліцы Савецкай.
Арганізатары гуляньня патлумачылі, што невыпадкова абралі гэтае месца. Гарвыканкам забараніў арганізатарам ладзіць мітынг, і адной з прычынаў адмовы была верагодная пагроза жыцьцю ды здароўю людзей. Во й вырашылі зьбірацца на народныя гуляньні каля будынку берасьцейскага райаддзелу ўнутраных справаў, каб міліцыянты бачылі, што ніякай пагрозы жыхарам гораду няма.
Арганізатары гуляньня віншавалі мінакоў з Днём Волі ды раздавалі ўлёткі. Прыкладна праз гадзіну ад пачатку гуляньняў на вуліцы Савецкай міліцыянты пачалі спыняць людзей. У выніку чатырох удзельнікаў акцыі затрымалі, гэта Валянцін Лазарэнкаў, Яўген Бяласін, Віктар Кучынскі ды яшчэ адзін хлопец, імя якога пакуль не вядомае.
Іх завезьлі ў Ленінскі РАУС, там зь імі сустрэўся адзін з кіраўнікоў раённай міліцыі, свайго імя ён не пажадаў назваць. На пытаньне, чаму іх затрымалі, удзельнікі народных гуляньняў пачулі ад міліцэйскага чыноўніка, што іх ніхто не затрымліваў. Міліцыянты хацелі адно папярэдзіць, што распаўсюд улётак можна разглядаць як недазволены пікет. Пасьля гэткіх тлумачэньняў у затрыманых грамадзянаў перапісалі пашпартныя зьвесткі ды адпусьцілі.
Тымчасам народныя гуляньні з нагоды Дня Волі працягваліся на спартовых пляцоўках.
Увечары з нагоды сьвята будзе імша ў грэка-каталіцкім прыходзе сьвятых Пятра і Андрэя.