Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬМЕСТ РЭКАМЭНДАЦЫЯЎ РАБОЧАЙ ГРУПЫ ПА АБСЭ ПАКУЛЬ НЕВЯДОМЫ


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня працоўны дзень адмысловай рабочай групы пачаўся сустрэчай з дэпутатамі Вярхоўнага Савету Беларусі. Адметным быў склад суразмоўцаў. Да Анатоля Лябедзькі й Віктара Хоміча — двух сябраў сталай дэлегацыі ВС у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ — далучыўся Ўладзімер Кудзінаў. Іх трох прадставілі гасьцям як нацыянальную дэлегацыю ВС.

Пасьля сустрэчы сп. Лябедзька адзначыў, што, на ягоную думку, пазыцыя прадстаўнікоў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ прымальная для апазыцыі.

Дэпутаты ВС усьведамляюць, што думка Ўрбана Аліна і Герта Вайскірхена, якія прыбылі ў Беларусь на даручэньне мандатнай камісіі ПА АБСЭ, будзе значыць у Вене яшчэ далёка ня ўсё.

Акрамя таго, вядома, што беларускае афіцыйнае кіраўніцтва прыкладае як ніколі шмат намаганьняў, каб схіліць міжнародную супольнасьць на свой бок — наўпрост і праз расейскія парлямэнцкія й зьнешнепалітычныя структуры.

Дэлегацыя Вярхоўнага Савету падобную працэдуру аспрэчваньня сваіх паўнамоцтваў ужо пасьпяхова прайшла ў 1997 і 1998 гадах. Анатоль Лябедзька і Віктар Хоміч, якія будуць прадстаўляць ВС у Вене гэтым разам, і цяпер спадзяюцца на посьпех.

Сёньня на сустрэчу з кіраўніком Лукашэнкавай адміністрацыі Міхаілам Мясьніковічам міжнародныя парлямэнтары крыху спазьніліся, таму што затрымаліся ў міністра замежных справаў Хвастова.

Група журналістаў, якія прадстаўляюць афіцыйныя мэдыі, скарысталі час, каб атрымаць прагноз памочнікаў Мясьніковіча. Тыя былі настроеныя пэсымістычна. А сам Мясьніковіч пасьля сустрэчы абмежаваўся толькі адным сказам: улады спадзяюцца на большае паразуменьне з боку міжнародных арганізацыяў.

Спадары Вайскірхен і Алін не захацелі парушаць правілаў працэдуры й казаць пра свае рэкамэндацыі мандатнай камісіі Парлямэнцкай асамблеі. Але адну думку Герт Вайскірхен выключна нашаму радыё паведаміў:

(Вайскірхен: ) "З размовы з прадстаўнікамі апазыцыі ў мяне склалася такое ўражаньне, што яны цяпер шукаюць формулу, якая б дазволіла ім пазмагацца й перамагчы Лукашэнку. Калі яны знойдуць такі рэцэпт, гэта будзе сапраўдным прарывам у вашай краіне".

Менавіта спадары Алін і Вайскірхен на паседжаньні мандатнай камісіі зробяць даклад пра палітычную сытуацыю ў Беларусі. У сваю чаргу, мандатная камісія паводле вынікаў слуханьняў унясе прапановы Сталаму камітэту ПА АБСЭ, якую структуру — Вярхоўны Савет 13 скліканьня або так званую Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу — лічыць паўнамоцным прадстаўніком Беларусі ў ПА АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG