Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СХАВАНЫЯ МАГЧЫМАСЬЦІ КУЛЬТУРЫ - КАМПАЗЫТАРКА І СЬПЯВАЧКА ВОЛЬГА ЦЯРЭШЧАНКА


Сяргей Дубавец, Вільня

Некага пакінула паэзія, нехта пакінуў сцэну, а нехта - і радзіму. Вось такое ў нас цяпер культурнае жыцьцё. Дакладней, такі заняпад. Сытуацыя вызначаецца ня новымі шэдэўральнымі творамі, або якімі неардынарнымі фэстамі, а менавіта стратамі, сярод якіх на першым месцы - людзі, таленавітыя і пэрспэктыўныя творцы, што пакінулі сцэну, а то й радзіму.

Летась улетку мы распавядалі ў "Вострай Браме" пра Андрэя Патрэя, сьпевака, голас якога дагэтуль напаўняе жыцьцём колішнія песьні пра "Пляц Францыска" і "Радыё Свабода". Сёньня Патрэй жыве дзесьці пад Воршай і шмат думае пра праваслаўнага Бога. Вольга Цярэшчанка - сьпявачка і кампазытарка, жыве ў Гомелі і служыць Богу каталіцкаму. Яна сьпявае, але даўно ўжо ня піша песень. Але й тое, што яна напісала, - безумоўны набытак нашай культуры. Мне пра гэта падумалася, калі чытаў у "Нашай Ніве" рэцэнзію пра новы песьняроўскі альбом на вершы Ларысы Геніюш. Аўтар рэцэнзіі прызнаваў высокі ўзровень ансамбля, але наракаў на тое, што ва ўсім тым альбоме няма аніводнай арыгінальнай мэлёдыі. Вось жа гэтым і адрозьніваецца кампазытарская творчасьць Цярэшчанкі - арыгінальнымі мэлёдыямі, якія запамінаюцца і правакуюць на сьпеў. А яшчэ тыя песьні вельмі беларускія, што асабліва заўважаеш на тле многіх цяперашніх гуртоў, якія сьпяваюць па-беларуску на шырокай, так бы мовіць, музычнай аснове, дзе чуеш то пэруанскія, то туркмэнскія матывы.

Зрэшты, песьні трэба слухаць, а не пераказваць іхныя вартасьці. І сёньня мы паслухаем песьні Вольгі Цярэшчанкі, а таксама яе саму - што яна пра гэта ўсё думае. І ў тым дапаможа нам Зьміцер Бартосік, які адмыслова выправіўся ў Гомель.

(Зьміцер Бартосік: ) “Напэўна, для кожнага, хто на мяжы 80-х і 90-х азываўся "сьвядомым беларусам", тыя часы захаваліся ў памяці, як эпоха вялікіх адкрыцьцяў. Калі самыя фантастычныя ідэі здаваліся рэальнымі, а наперадзе ў кожнага адкрываўся невядомы, але абавязкова вялікі лёс. З нашай савецкай рэчаіснасьцю тады выходзіла дзіўная мэтамарфоза. Мы чыталі "Крыніцу" зь "Бярозкай", дзе даведваліся пра ВКЛ і Вільню. Пакуль нашыя маткі намагаліся хутчэй патраціць зьбясцэненыя грошы на масла зь мясам, мы хадзілі па кнігарнях і скуплялі Літаратуру. Памятаю, як за ўбогі чырвонец у студзені 92-га ў маленькай кнігарні на Гомсельмашы я набыў апошні асобнік Статуту Вялікага Княства Літоўскага. Ідучы па вуліцы, я разглядаў ілюстрацыі ў фаліянце і па-новаму бачыў свой шэры, блёчны мікрараён. Варта было паставіць на падваконьне радыёпрыймач, настроены на "Свабоду", і самы ўстылы краявід ужо не здаваўся такім змрочным. Жывучы ў Гомелі, мы вучыліся ўсьведамляць, што жывем у Эўропе.

Шчыра не спачуваю людзям, для кога тыя часы афарбаваныя ў шэрыя колеры разьвітаньня зь любімым Саюзам. Для мяне ўваходжаньне ў беларушчыну неадрыўна зьвязанае з голасам Вольгі Цярэшчанкі. Дагэтуль грэе адзін эпізод тых часоў... Стаяў вельмі халодны й сьнежны сьнежань 91-га. У абласным драмтэатры сьвяткавалася стогодзьдзе з дня нараджэньня Максіма Багдановіча. У мармуровым фае наладзілі невялічкую выставу "народнай творчасьці". Акторы мясцовай драмы чыталі вершы. Некаторыя карыфеі ўжо пасьпелі з Аляксандраў парабіцца Алесямі. Афіцыйныя асобы з выканкамаў і ўправы культуры распавядалі публіцы, як яны ў цяжкія хвіліны зачытваліся Багдановічам. Але больш цікавага я знаходзіў сярод публікі. Асабліва запамнілася адна маладая кабета з дачкой. Дачка клікала маці на другі паверх у буфэт. Я міжволі спыніўся. Бо ўпершыню ў жыцьці пабачыў і пачуў беларускамоўнае дзіця. Па антракце маладзіца зьявілася на сцэне з гітараю.

Ці знаёмае вам такое радаснае пачуцьцё, калі, напрыклад, пасьля прачытаньня кніжкі, ці прагляду фільма трэба тэрмінова паведаміць пра гэта ўсім, каму толькі магчыма? Каб чыталі й глядзелі неадкладна. Нешта падобнае я адчуў падчас сьпяваньня Вольгі Цярэшчанкі. Тое, што ў беларускай нацыі былі геніяльныя паэты, багатая гісторыя й самы прыгожы сьцяг, безумоўна натхняла. Але тое, што ў маім горадзе пішуцца такія неверагодна прыгожыя песьні!.. І я зразумеў, што гэта ня проста прыгожая песьня. Гэтая песьня сьведчыла пра нашую хуткую бліскучую будучыню. Асабліва выразна гэта адчувалася пасьля тых афіцыйных фальшывых выступаў. У бліскучай, зорнай будучыні аўтаркі гэтай песьні я не сумняваўся.

Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайта
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG