Калі дзьве буйнейшыя віцебскія моладзевыя арганізацыі Сёмая грань ды Малады фронт падавалі заяўкі ў гарвыканкам, яны спадзяваліся, што могуць правесьці імпрэзы, прымеркаваныя да Дня сьвятога Валянціна, калі ня ў цэнтры Віцебску, дык хаця б у традыцыйным месцы – у сквэры насупраць фільгармоніі.
Але гарадзкія ўлады ськіравалі віцебскую моладзь далёка за горад – у парк, з калісьці годным назовам “Імя савецкай арміі”. Дабрацца да гэтага парку культуры і адпачынку можна адзіным гарадзкім маршрутам.
Летам аўтобусы запоўненыя дачнікамі. А ўзімку амаль няма ні пасажыраў, ні саміх аўтобусаў. Паркавыя атракцыёны зімой не працуюць. А жыцьцё адбываецца, калі можна так сказаць, толькі на гарадзкіх могілках, якія знаходзяцца побач з паркам і называюцца “Дружба”.
Трэба адзначыць, што гарадзкія ўлады самі зрэдку праводзяць тут афіцыйныя сьвяткваньні, якія, звычайна, нешматлюдныя. Гэтага, відаць, дабіваюцца ўлады і пад час моладзевай акцыі. У мінулым годзе на акцыі ў гонар сьвятога Валянціна сабраліся некалькі сотняў чалавек.