Сёньня пра гэта паведаміў сьледчы Барысаўскай гарпракуратуры Сяргей Пашкевіч. Ён сказаў, што Зьміцер і Міхась Кузьняцовы, як і іншыя ўдзельнікі нядаўняга пікету-пэрформансу — сацыял-дэмакраты Аляксандар Абрамовіч, Алесь Ясюк і Надзея Грачуха — зрабіліся аб'ектамі крымінальнай справы не выпадкова.
Нагадаем, 16 студзеня Зьміцер на Цэнтральнай плошчы Барысава трымаў плякат з патрабаваньнем псыхіятрычнага абсьледаваньня Лукашэнкі. Міхась жа трымаў плякат "Бывайце здаровыя, Аляксандар Рыгоравіч!"
Сяргей Пашкевіч зазначыў, што на пачатку дазнаньня юнакі давалі яму паказаньні толькі як сьведкі. Які ж будзе судовы вырак братам Кузьняцовым, калі справа дойдзе да суду?
С.Пашкевіч кажа, што 14-гадовы Міхась замалы, і пакараны ня будзе. А 16-гадоваму Зьмітру, які ўжо можа адказваць юрыдычна за свае дзеяньні, могуць даць 2 гады папраўчых работ з утрыманьнем ва ўстанове для няпоўнагадовых ці буйны грашовы штраф.
Між іншым, 13 лютага адбудзецца паседжаньне Камісіі па справах няпоўнагадовых Барысаўскага гараддзелу адукацыі, там разгледзяць і паводзіны братоў Кузьняцовых. Па разглядзе могуць даць буйны штраф бацькам Зьмітра й Міхася. Рэч у тым, што леташнім лістападам Камісія ўжо разьбіралася з удзелам братоў у несанкцыянаванай моладзевай акцыі "Пераменаў!"
Такім чынам, Зьмітру пагражае падвойнае пакараньне за адзін учынак. Гаворыць лідэр філіі БСДП "Народная Грамада" Аляксандар Абрамовіч:
(Абрамовіч: ) "Юрыдычная валтузьня вакол непаўнагадовых братоў Кузьняцовых лішні раз паказвае, што беларускае права робіцца ўсё больш жорсткім. Асабліва калі заходзіць пра палітычнае волевыяўленьне грамадзянаў. Пакараньне ў такіх справах атрымліваюць нават дзеці й падлеткі".