Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 кастрычнiка 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

У Лунiнецкiм раёне напярэдаднi другога туру галасаваньня працягваецца цiск ня толькi на аднаго з кандыдатаў — незалежную журналiстку Марыю Юрко — але й на мясцовых выбаршчыкаў. Вяскоўцам пагражаюць пазбавiць сяльгастэхнiкi, калi яны ў нядзелю ня зробяць свой выбар на карысьць вылучэнца ад «вэртыкалi».

Другi тур выбараў у гэтак званую «Палату прадстаўнiкоў» адбудзецца ў шасьцi акругах, што створаны на тэрыторыi Берасьцейскае вобласьцi. Але магчымасьцяў для сапраўднага выбару ў тых, хто зьбiраецца прыйсьцi на ўчасткi для галасаваньня, ня будзе. У большасьцi названых акругаў у другi тур выйшлi чыноўнiкi мясцовага i абласнога узроўню або кандыдаты, якiх адкрыта падтрымлiвае «вэртыкаль». Таму прадстаўнiкi Беларускага Гэльсынскага камiтэту ды iншых грамадзкiх арганiзацыяў вырашылi адмовiцца ад назiраньня за галасаваньнем у блiжэйшую нядзелю, бо ня бачаць у гэтым сэнсу.

Адзiнай акругаю на Берасьцейшчыне, дзе будуць прысутнiчаць незалежныя назiральнiкi, пазначаная Лунiнецкая выбарчая акруга №12. Тут у другi тур галасаваньня выйшлi дэпутат цяперашняе «Палаты прадстаўнiкоў» Васiль Гаргун i ўласны карэспандэнт газэты «Брестский курьер» у палескім рэгiёне Марыя Юрко. Пасьля таго, як журналiст незалежнага выданьня апярэдзiла ў гэтай акрузе старшыню Лунiнецкага раённага выканкаму Аляксандра Воўчыка, мясцовыя ўлады не хаваюць свайго раздражненьня. Ад кiраўнiцтва вобласьцi атрыманы загад зноў зрабiць дэпутатам Васiля Гаргуна, бо ў iншым выпадку шмат хто ў Лунiнецкiм раёне пазбавiцца сваiх пасадаў.

Паводле словаў давераных асобаў Марыi Юрко, пад час першага туру галасаваньня былi зафiксаваны шматлiкiя факты парушэньня заканадаўства (ў тым лiку й на выбарчых участках пад час падлiку галасоў). Брудная кампанiя супраць незалежнага кандыдата працягваецца й зараз: жанчыне адмаўляюць у магчымасьцi сустрэцца зь выбаршчыкамi ў працоўных калектывах, распаўсюджваюць пра яе па акрузе хлусьлiвыя зьвесткi…

Але саму спадарыню Юрко абурае нават ня гэта. Зь вёсак Лунiнецкага раёну прыходзiць iнфармацыя пра тое, што йдзе запужваньне сельскiх жыхароў: магчымасьць скарыстацца калгаснымi коньмi, сяльгастэхнiкаю ды iншымi прыладамi для ўборкi ўраджаю на прысядзiбных участках ставiцца ў непасрэдную залежнасьць ад таго, цi зробяць вяскоўцы, так бы мовiць, «правiльны выбар». Марыя Юрко не выключае, што непасрэдна перад другiм турам галасаваньня ўлады выкарыстаюць i iншыя захады, каб правесьцi ў «палату» свайго кандыдата.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG