Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 верасьня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Менску міліцыя зарыштавала вялікую частку накладу спэцвыпуску газэты "Рабочы", у якім былі зьмешчаныя матэрыялы на тэму байкоту восеньскіх выбараў. Міліцыянты затрымалі таксама галоўнага рэдактара выданьня Віктара Івашкевіча, юрыдычнага кансультанта рэдакцыі Зьмітра Касьцюкевіча й генэральнага дырэктара прыватнае друкарні "Мэйджык" Юрыя Будзько.

Сёньня ўраніцу юрыдычны кансультант рэдакцыі "Рабочага" Зьміцер Касьцюковіч разам з экспэдытарам прыехалі ў друкарню, каб забраць частку накладу спэцвыпуску газэты. Экспэдытар ужо пачаў выносіць з друкарні пакункі газэтаў, калі да іх падыйшлі дырэктар рэжыму заводу "Тэрмапляст", на тэрыторыі якога знаходзіцца "Мэйджык", і невядомы міліцэйскі палкоўнік. Яны запатрабавалі ад супрацоўнікаў газэты паказаць накладныя быццам бы дзеля нейкае праверкі, і пайшлі ў будынак друкарні.

Празь нейкі час каля "Мэйджыку" зьявіліся намесьнік начальніка Першамайскага раённага аддзелу міліцыі, некалькі ягоных падначаленых і прадстаўнікі раённае ўправы КГБ. Яны аб'явілі супрацоўнікам рэдакцыі, што наклад спэцвыпуску колькасьцю 112 тысячаў паасобнікаў арыштаваны, бо ў газэце зьмешчаныя матэрыялы з заклікам да байкоту выбараў.

Разам са спэцвыпускам на некалькі гадзінаў быў арыштаваны й наклад чарговага нумару газэты. У гэты час да друкарні пад'ехаў галоўны рэдактар "Рабочага" Віктар Івашкевіч, які патрабаваў растлумачыць, на якой падставе зарыштаваная газэта, што лягальна выходзіць на тэрыторыі Беларусі. Замест тлумачэньняў, спадароў Івашкевіча, Касьцюкевіча, а таксама генэральнага дырэктара "Мэйджыка" Юрыя Будзько й выканаўчага дырэктара друкарні Сьцяпана Жарнасека адвезьлі ў пастарунак.

Празь нейкі час спадара Жарнасека адпусьцілі, а на Івашкевіча, Касьцюкевіча й Будзько склалі пратаколы паводле артыкулу 167.3 Адміністратыўнага кодэксу (парушэньне заканадаўства ў выбарах — заклікі да байкоту). Прычым, пры допытах апазыцыянэраў прысутнічала начальства з гарадзкой управы міліцыі ды начальнік раённага аддзелу КГБ. Затрыманыя пратэставалі супраць незаконных, на іхную думку, дзеяньняў міліцыянтаў, бо паводле новага Выбарчага кодэксу байкот выбараў не забаронены.

У пастарунку Віктара Івашкевіча і ягоных калегаў трымалі амаль тры гадзіны, пасьля чаго даставілі ў суд. Аднак усе яны запатрабавалі прадаставіць ім адвакатаў, і судзьдзя Сяргей Нясінаў быў вымушаны перанесьці разгляд іхных справаў на панядзелак.

Вось як пракамэнтаваў сёньняшнія падзеі пасьля судовага паседжаньня Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) "Гэта яшчэ толькі пачынаецца агітацыя за байкот, і яны вось зрываюцца, яны ня могуць спакойна глядзець, як гэта адбываецца і хочуць нас выштурхнуць у нейкую нелегальшчыну".

Паведаміў спадар Івашкевіч.

Галоўны рэдактар "Рабочага" будзе патрабаваць прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў, якія, як ён лічыць, зьдзейсьнілі сёньня палітычную цэнзуру газэты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG