Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 верасьня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 31 жніўня)
Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт разгледзеў абедзьве заяўкі на правядзеньне сьвяткаваньня Дня беларускае вайсковае славы, што былі пададзеныя групамі грамадзянаў, і прапанаваў заяўнікам іншыя мейсцы сьвяткаваньня.

Паводле рашэньня Менскага гарадзкога выканкаму, заяўнікі ад Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ могуць правесьці мітынг на пляцы Бангалёр, а не на пляцы імя Якуба Коласа. Там жа Юрыю Хадыку й Віктару Івашкевічу з партыі БНФ "Адраджэньне" дазваляецца ладзіць тэатралізаванае відовішча. Чыноўнікі Менскага гарадзкога выканкаму патлумачылі перанос мітынгу Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ на пляц Бангалёр тым, што на пляцы імя Якуба Коласа распачатая рэканструкцыя.

Прэсавы сакратар КХП-БНФ Валер Буйвал кажа, што далейшыя перамовы з уладамі адносна мейсца правядзеньня акцыі безсэнсоўныя:

(Буйвал: ) "Няма сэнсу перамаўляцца з гэтай публікай, якая хоча нас, людзей, якія шануюць нацыянальныя сьвятыні і сьвятыя дні, адправіць на месца выгула сабак".

Іншую групу заяўнікаў намесьнік старшыні Менскага гарадзкога выканкаму Міхал Пятрушын у вуснай размове першапачаткова паслаў сьвяткаваць Дзень беларускае вайсковае славы яшчэ далей — ажно на Крапівінскае поле, пад Воршу.

Пісьмовы адказ на сваю заяву спадары Хадыка ды Івашкевіч павінны атрымаць бліжэйшымі днямі. Віктар Івашкевіч запэўнівае, што ў любым разе сьвяточныя акцыі пачнуцца а 18-й гадзіне 8 верасьня на пляцы Перамогі й працягнуцца ў Купалавым сквэры. Бо для ўскладаньня кветак і народных гуляньняў з тэатралізаванымі відовішчамі дазвол не патрабуецца.

Праўда, традыцыйны канцэрт, верагодна, усё ж адбудзецца, як выказаўся Віктар Івашкевіч, у "камэрна-народна-акустычным варыянце".

Юры Хадыка абураны рашэньнем спадара Пятрушына, які, дарэчы, сам нарадзіўся на Варшаншчыне:

(Хадыка: ) "Гэта нейкая незвычайная істота з гранічным нахабствам, якую выцягнулі зь нейкіх глыбіняў ідэалягічнай вэртыкалі. Ён нас адсылаў, ня ведаючы (гэта намесьнік старшыні выканкаму!), што выканкам распараджаецца толькі тэрыторыяй да кальцавой дарогі і ніякая дачыненьня ня мае. Гэты невук вось зараз будзе вызначаць разьвіцьцё…"

Міхаіл Пятрушын надоечы зьмяніў на пасадзе намесьніка старшыні Менскага гарадзкога выканкаму Віктара Чыкіна. І апазыцыя цяпер мае магчымасьць параўнаць новае і старое кіраўніцтва гораду.

(Хадыка: ) "Чыкін быў больш прыстойны. Ён казаў: "Я, хлопцы, не магу зрабіць іншага". І што зь яго можна было ўзяць?"

Можна чакаць, што й новае кіраўніцтва сталіцы працягне традыцыю ўрачыста адзначаць савецкія сьвяты, а не нацыянальныя. Толькі невядома, ці пашле спадар Пятрушын заяўляльнікаў, да прыкладу, мітынгу з нагоды Дня працы ў Чыкага, дзе некалі адбыўся страйк амэрыканскіх працоўных. Бо 1 траўня таксама да Менску й Беларусі ня мае аніякага дачыненьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG