Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 жніўня 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 19 жніўня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

Міністэрства культуры загадала "пакласьці на паліцу" дакумэнтальны фільм "Стагодзьдзе ХХ", які зьняў на Белвідэяцэнтры малады кінарэжысэр Андрэй Кудзіненка. Стужка распавядае пра канфлікты ў "гарачых кропках" і войны, у якіх брало ўдзел савецкае войска. Намесьнік міністра культуры ў справах кінематографу Юры Цьвяткоў забараніў фільм Кудзіненкі з даволі камічнай фармулёўкаю "за прапаганду пацыфізму й гвалту".

Сёлета ў Менску будзе ўсталяваны чатырохмэтровы бронзавы помнік Тарасу Шаўчэнку, падараваны гораду Ўкраінай. Можна спадзявацца, што беларускія ўлады запрапануюць у адказ замовіць нашым разьбяром хай сабе й больш сьціплы помнік Уладзімеру Караткевічу і ўсталяваць яго ў Кіеве, дзе Караткевіч вучыўся ва ўнівэрсітэце.

У Нацыянальнай мастацкай галярэі адчынілася выстава дзесяцёх мастакоў сярэдняга веку "Паўстагодзьдзя са стагодзьдзем". Усім яе ўдзельнікам – жывапісцу Мацьвею Басаву, аўтарцы габэленаў Тацяне Белавусавай ды іншым – сёлета споўнілася 50 гадоў. Столькі ж адсьвяткавала днямі і аўтарка канцэпцыі выставы, стваральніца першай у Беларусі мастацкай галярэі "Брама" Ларыса Фінкельштэйн. Выставу фундуе Амэрыканскі габрэйскі камітэт "Джойнт", хоць амаль усе яе ўдзельнікі – беларусы.

Кінарэжысэрка Маргарыта Касымава днямі скончыла здымаць малабюджэтны мастацкі фільм "Зорка Вэнэра" паводле сцэнара Віктара Казько й вершаў Генадзя Бураўкіна. Стужка распавядае пра вясковых наркаманаў, якія лечацца ад сваёй хваробы малітвамі. Маргарыта Касымава спадзяецца паказаць "Зорку Вэнэру" на кінафэстывалі ў Таронта.

Творчая майстэрня "Крэда", што дзеіць пры Наваполацкім унівэрсытэце, запрашае прыхільнікаў новых формаў мастацтва ўзяць удзел у фэстывалі альтэрнатыўных тэатраў, які пройдзе ў гарадзкім Доме культуры Наваполацку ў лістападзе. Апроч беларускіх, на фэсьце выступяць тэатральныя гурты з Польшчы, Летувы й Латвіі, а журы ўзначаліць былы мастацкі кіраўнік "Вольнае сцэны" Валеры Мазынскі.

Моладзевы адукацыйны цэнтар "Fialta" пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН UNISEF ладзіць у летніках акцыю "Рукі ў абарону дзяцей". Чакаецца, што каля трох тысячаў беларускіх падлеткаў паставяць адбітак сваёй правай рукі на палатне памерам у 45 кв. мэтраў і такім чынам прагаласуюць за пашырэньне правоў дзіцяці й здаровы лад жыцьця. Падобныя акцыі пройдуць 1 верасьня ў некаторых школах. У канчатковым выглядзе калекцыя рук будзе дэманстравацца ў Менску 19 верасьня, у Міжнародны дзень міру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG