Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая на працягу чатырох дзён вывучала сытуацыю ў Беларусі, будзе рэкамэндаваць бюро Парлямэнцкай асамблеі не пасылаць назіральнікаў на выбары ў "Палату прадстаўнікоў". Пра гэта паведаміў сёньня кіраўнік дэлегацыі Тэры Дэйвіс.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі спадар Дэйвіс заявіў, што дэлегацыя Рады Эўропы вельмі расчараваная адсутнасьцю прагрэсу ў стварэньні адэкватных умоваў, неабходных для правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў.

(Дэйвіс: ) "Мы вельмі расчараваныя відавочным правалам многіх намаганьняў. За час, які мінуў з сакавіка, калі мы апошні раз наведвалі Беларусь, прагрэс фактычна не зафіксаваны. Нават прапановы грамадзка-палітычнага дыялёгу, які быў зарганізаваны на ініцыятыву прэзыдэнта Лукашэнкі, былі ў сваёй большасьці ўладамі не прынятыя. У нас выклікала поўнае неразуменьне тое, што ўлады няздольныя адшукаць або патлумачыць зьнікненьне вядомых у Беларусі асобаў".

Кіраўнік дэлегацыі адзначыў, што пасьля вяртаньня ў Страсбург дэлегацыя будзе рэкамэндаваць бюро Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы не пасылаць назіральнікаў на маючыя адбыцца 15 кастрычніка выбары ў "Палату прадстаўнікоў". Пры гэтым Тэры Дэйвіс асабліва падкрэсьліў, што гэтая рэкамэндацыя прымалася ня ім асабіста, а са згоды ўсіх без выключэньня сябраў дэлегацыі – дакладчыка ў справах Беларусі Палітычнага камітэту Вольфганга Бэрандта й дакладчыка камітэту правоў чалавека і юрыдычных пытаньняў Цырыла Свобады.

Кіраўнік дэлегацыі вітаў рашэньне некаторых крытыкаў палітыкі Лукашэнкі ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах у якасьці індывідуальных кандыдатаў. "Неабходна выкарыстоўваць любую магчымасьць, каб у новым парлямэнце было як мага больш розных пунктаў гледжаньня", – падкрэсьліў Тэры Дэйвіс.

Як ацэньваюць рашэньне дэлегацыі Рады Эўропы беларускія палітыкі? Адразу пасьля заканчэньня прэсавае канфэрэнцыі ў інтэрвію нашаму радыё дэпутат Павал Знавец адзначыў:

(Знавец: ) "Ілюзіі Эўропы адносна Лукашэнкі закончыліся, але яны працягваюць гульню з Масквой аб умовах пошуку кампрамісу аб магчымай легітымізацыі рэжыму. Эўропе ня хочацца губляць твару і трэба рабіць выгляд, што гэтыя чатыры ўмовы хоць у нейкай ступені выконваліся. На мой погляд, усё будзе залежыць ад еднасьці апазыцыі. І, калі чаканьні грамадзтва адносна пераменаў ня спраўдзяцца ў выніку "палатных" выбараў, гэта будзе мацнейшы ўдар для рэжыму".

А вось як камэнтуе падзею яшчэ адзін дэпутат – Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Улада павінная неяк улічыць гэтую думку ўсясьветнай супольнасьці ў сваёй канкрэтнай працы".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы лічыце, а за гэтыя засталыя 25 дзён можна нешта зьмяніць ці не?"

(Нісьцюк: ) "Думаю, калі мяне зараз паставіць на месца Аляксандра Лукашэнкі, я б, напрыклад, прыняў шэраг крокаў, якія б прадэманстравалі добрую волю. Ён жа мае права прымаць дэкрэты, якія маюць сілу закона. Ён мог бы адшліфаваць гэтае заканадаўства. Па-другое, доступ палітычнай апазыцыі да СМІ дзяржаўных. Таксама няма ніякіх праблемаў. У нас ёсьць напрацаваны дакумэнт. Можна зараз паставіць пытаньне, каб разам экспэртным групам абмеркаваць новыя функцыі парляманту".

30 жніўня, – адзначыў Тэры Дэйвіс, – у Вене Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, Парлямэнцкая асамблея АБСЭ і Эўрапарлямэнт прымуць рашэньне наконт назіраньня за выбарамі ў Беларусі. Пры гэтым, спадар Дэйвіс зьвярнуў увагу журналістаў на тое, што гэтае рашэньне будзе канчатковым і пераглядацца ўжо ня будзе. На працягу 26 дзён міжнародныя структуры будуць адсочваць сытуацыю ў Беларусі і прыйдуць да канчатковае высновы, ці змогуць беларускія ўлады выйсьці з тупіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG