Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 8 ліпеня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Адной з галоўных падзеяў на адыходзячым тыдні стала пазбаўленьне Беларусі права бязмытнага ўвозу тавараў на амэрыканскі рынак. Такое рашэньне прыняў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

Як успрынятае гэтае рашэньне ў Беларусі? Рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі была нэрвовай. Выступаючы 5 ліпеня ў Віцебску, ён дапускаў нават зьнявагі на адрэсу Біла Клінтана і сьцьвярджаў, што з-за нязначнага аб'ёму таваразвароту з Амэрыкаю Беларусь лёгка кампэнсуе страты ад пазбаўленьня рэжыму найбольшага спрыяньня.

Гэтыя захады з боку Злучаных Штатаў былі змушаныя. Амэрыканскія прафсаюзы яшчэ ў 1997 годзе накіравалі ва ўрад ЗША пратэст з патрабаваньнем пазбавіць Беларусь права на ільготы з-за парушэньняў правоў рабочых. Для вывучэньня праблемы была створаная адмысловая ўрадавая камісія, якая пацьвердзіла, што "урад Беларусі працягвае абмяжоўваць правы прафсаюзаў і перасьледуе прафсаюзных лідэраў, што ў Беларусі забараняюцца незалежныя прафсаюзы".

Беларусь пацерпіць з-за санкцыяў значныя страты. З канца мінулага году і асабліва сёлета амэрыканска-беларускія гандлёвыя стасункі пачалі набіраць высокія тэмпы. З пачатку 2000 году таваразварот паміж ЗША і Беларусью ўзрос болей як на 50%, і ЗША пачалі ўваходзіць у лік асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі пасьля Расеі, Украіны, Нямеччыны й Польшчы, пераўзыйшоўшы ў гэтым сьпісе Францыю, Вялікую Брытанію ды Італію. Зьявілася надзея, што эканамічныя стасункі з Амэрыкаю стануць вызначальнымі для разьвіцьця Беларусі. І раптам – такая падзея. І гэта ва ўмовах адмоўнага сальда ў замежным гандлі, якое за першыя 5 месяцаў года перавысіла 500 млн. даляраў.

І яшчэ адна акалічнасьць. Рашэньне прэзыдэнта Біла Клінтана як раз супала з тым момантам, калі ў Беларусі працягвае абвастрацца фінансавы крызыс: на многія мільярды не выконваецца прыбытковая частка бюджэту; няма грошай на фінансаваньне жніва і вось-вось будзе ўключаны друкарскі варштат для эмісіі грошай; запазычанасьць у заробках працягвае расьці й перавысіла 17 млрд. рублёў. Нарэшце, настаў час летняга адпачынку, а грошай на адпускныя бракуе. Страты ў гэтых умовах ад скасаваньня гандлёвых ільготаў на амэрыканскім рынку дужа непажаданыя. Тым болей, што прыклад ЗША могуць пераняць іншыя краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG