Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 чэрвеня 2000 г.


Вольга Караткевіч

Правабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала справаздачу пра сытуацыю з правамі чалавека ў сьвеце ў 1999 годзе. У разьдзеле, датычным Беларусі, найбольш акцэнтуецца ўзмацненьне рэпрэсіяў у дачыненьні да беларускай апазыцыі, зьнікненьне апазыцыйных лідэраў і закрыцьцё незалежных газэтаў. З камэнтаром з Жэнэвы – міжнародны каардынатар грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя-97" Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) "Міжнародная амністыя" зьяўляецца вельмі ўплывовай арганізацыяй, і вось гэтыя справаздачамі і ўвогуле дакумэнтамі Амністыі карыстаюцца і праваабарончыя арганізацыі, і ўрады. Гэта вельмі добра распаўсюджваецца і заўсёды зьвяртаецца ўвага на тое, як Амністыя ацэньвае сытуацыю з правамі чалавека ў краіне. Калі яна адзначае парушэньне правоў чалавека і сур'ёзныя парушэньні як у Беларусі – зьнікненьне людзей, закрыцьцё сродкаў масавай інфармацыі. Гэта небясьпечны сыгнал для любога ўраду. Амністыя і ў мінулым годзе, й сёньня надае больш увагі падзеям у Беларусі, таму ацэньвае сытуацыю ў Беларусі, як небясьпечную. Павінны ўлады задумацца, як у любой краіне, паколькі Амністыя, яшчэ раз адзначу, назірае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі".

Мы пацікавіліся ў Андрэя Саньнікава, ці можа неяк беларускія ўлады прарэагаваць на неаднаразова дэкляраваныя міжнароднымі праваабарончымі і палітычнымі структурамі парушэньні правоў чалавека ў Беларусі?

(Саньнікаў: ) "Сытуацыя не мяняецца, сытуацыя пагаршаецца, але лічыць, што водгуку няма ў сьвеце, у Беларусі – нельга, таму што вось гэтыя заявы (а гэтыя заявы Амністыі адрозьніваюцца тым, што небясьпечныя здарэньні добра прааналізаваныя) заявы міжнародных праваабарончых арганізацыяў, заявы міжнародных структур, такіх як Рада Эўропы, ворганы ААН, заўсёды улічваюцца дзяржавамі у іх дачыненьнях з дзяржавай-парушальнікам, і гэта адбіваецца на ўсім комплексе міждзяржаўных, міжнародных адносінаў. Гэта значыць, што як улады ня мелі кантактаў са зьнешнім сьветам, так і ня маюць, не будуць мець пакуль гэтая сытуацыя і будзе існаваць".

(Карэспандэнт: ) "Зараз ў Беларусі з 6-дзённым візытам працуе дакладнік камісіі ААН па правах чалавека. Азнаямляецца з рэальнай сытуацыяй у судовай сыстэме ў Беларусі. Прадстаўнік ААН спадар Курамасвамі будзе рыхтаваць справаздачу, якая будзе агучаная ў ААН ў красавіку, як плануецца, 2001 году. Скажыце, наколькі рэальна азнаёміцца з рэальнай сытуацыяй у судовай сыстэме, і наколькі значны гэты візыт?"

(Саньнікаў: ) "Гэты візыт вельмі важны, таму што ён узгоднены з уладамі. Прадстаўнік місіі ААН ня можа паехаць з нейкай місіяй і аналізаваць там сытуацыю па сродкам масавай інфармацыі ці судовай сыстэме без дазволу уладаў. Дакладнік зараз знаходзіцца ў Беларусі, і тое, што ён атрымаў дазвол на сваю працу, значыць, што вынікі гэтай працы павінны будуць абмяркоўвацца і будуць прынятыя ўладай, а тое, што ён рыхтуе справаздачу на красавік будачага году гэта не азначае, што ня будзе нейкіх папярэдніх камэнтароў. Я ведаю, што ён можа гэта зрабіць нават пад час сваёй прэсавай канфэрэнцыі, якая павінна адбыцца ў сыботу.

Я хацеў бы дадаць, што гэтыя справаздачы, якія рыхтуюцца ў ААН, зьяўляюцца вельмі сур'ёзнымі дакумэнтамі, яны распаўсюджваюцца паміж усімі сябрамі ААН, яны выкарыстоўваюцца ўсімі дзяржавамі, перш за ўсё дэмакратычнымі дзяржавамі ў дачыненьні да краіны, якая парушае правы чалавека. Тут гаворка ідзе аб тым, ці існуе ў нас незалежная судовая сыстэма ці не існуе. Я лічу, што дакладнік зможа добра пазнаёміцца ў Беларусі з усім, але гэта залежыць ад таго, наколькі шчырымі будуць нават не ўлады, але тыя судзьдзі, якія працуюць зараз на ўдалы, наколькі шчыра яны захочуць выказацца наконт таго, ці ажыцьцяўляецца на іх ціск у гучных судовых справах".

Гутарыла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG