Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міхал Чыгір не зьбіраецца зьяжджаць з краіны, нягледзячы на пагрозу зноў апынуцца за кратамі, і не адмаўляецца ад плянаў балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі. У інтэрвію нашаму карэспандэнту Чыгір сьцьвярджае, што з ўчорашняга дня за ім няспынна сочаць.

Сёньняшняе паседжаньне суду над Міхалам Чыгіром было вельмі кароткае. Адвакаты гатовыя былі выступіць з прамовамі, хаця й папярэдзілі судзьдзю, што ў іх не было дастаткова часу на грунтоўную падрыхтоўку, калі ўлічыць учорашнія дастаткова нечаканыя жорсткія абвінавачваньні пракурора. Нагадаю, пракурор Жынгель учора прасіў суд прызнаць Чыгіра вінаватым у чатырох эпізодах і пакараць пяцьцю гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Дадатковы час на падрыхтоўку адвакатка Юлія Чыгір прасіла яшчэ ўчора, але судзьдзя Аляксандар Васілевіч тады на гэтую просьбу ўвагі не зьвярнуў, і перанёс працяг спрэчак на сёньняшнюю раніцу. А сёньня раптам судзьдзя перадумаў і даў адвакатам на падрыхтоўку яшчэ дзень.

Самі адвакаты, праўда, не выключаюць, што ім трэба быць удзячнымі не судзьдзю, а амэрыканскаму амбасадару Дэніэлу Спэкгарду, чыё зьяўленьне сёньня на працэсе магло паўплываць на рашэньне судзьдзі.

Скарыстаўшыся паўзаю, я папрасіў Міхала Чыгіра адказаць на некалькі пытаньняў. І найперш – як былы прэм'ер ставіцца да верагоднасьці зноў апынуцца за кратамі.

(Чыгір: ) "Ведаеце, справа такая – як кажуць, ад турмы ніколі не заракайся. Прыйдзецца сядзець – буду сядзець. Але ж тыя, хто мяне пасадзіць, павінны ведаць, што ім адседзець таксама прыйдзецца. Я магу сказаць і больш на гэты конт. Адзін з высокіх чыноўнікаў, які мае справу да таго, што я восем месяцаў праседзеў у турме, ён мне ў гутарцы сам-на-сам сказаў, што "я згодны і без крыўдаў адсяджу, як прыйдзе той час, адсяджу столькі, колькі адседзелі Вы".

(Карэспандэнт: ) "Ці магчыма, што Вас проста спрабуюць запалохаць, а калі так, то навошта?"

(Чыгір: ) "Ёсьць і такая думка, бо калі раней я ня бачыў, каб за мной было віжаваньне, так званая "наружка", дык сёньня і ўчора я бачу, што за мной сочаць. Я ўжо выяжджаю з дому пад кантролем, і прыяжджаю сюды пад кантролем. Для іх быў бы вялікі падарунак, каб я паспрабаваў куды-небудзь уцячы. Вось тады я быў бы сапраўды вінаваты, і ў іх былі б сур'ёзныя падставы трымаць мяне ў турме, але гэтага не адбудзецца, хай яны не спадзяюцца".

(Карэспандэнт: ) "А пакуль Вы не заўважылі, што сочаць, у Вас не было думак зьехаць?"

(Чыгір: ) "Я нічога не парушаў. На працягу больш чым года больш чым 20 сьледчых вывучалі маю дзейнасьць у Аграпрамбанку і ва ўрадзе і нічога не знайшлі. Пачынаюць законы трактаваць так, як хочуць і толькі на падставе сваіх трактовак прапануюць мне суд.
Напэўна ў нейкай частцы суд пракурора падтрымае, бо суды, якія прайшлі ў апошні час над Лявонавым, над Клімавым, над Кудзінавым – яны пацьвярджаюць тое, што суды сёньня прыватызаваныя "прэзыдэнтам", і яны сёньня выконваюць яго загады".

(Карэспандэнт: ) "Калі будзе ўмоўны тэрмін, можа лепш пагадзіцца, можа лепш не раздражняць улады?"

(Чыгір: ) "Умоўны тэрмін для ўладаў, лічы, нішто. Тады навошта яны гэтую гульню арганізавалі. Калі я атрымаю ўмоўны тэрмін, я магу балятавацца ў Вярхоўны Савет і ў наступным годзе быць кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах. Таму я лічу, што прэзыдэнт будзе патрабаваць такіх захадаў, каб я ня змог у далейшым праяўляць палітычную актыўнасьць. Лукашэнка мае намер ісьці па шляху ўскладненьня адносінаў з апазыцыяй, і, магчыма, што практыка прыняцьця на судоввых працэсах неабгрунтаваных рашэньняў будзе працягвацца".

(Карэспандэнт: ) "Якое месца для сябе Вы адводзіце ў гэтым супрацьстаяньні?"

(Чыгір: ) "Маё рашэньне было прынятае яшчэ ў 1998 годзе, калі я прыехаў сюды, каб балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах".

(Карэспандэнт: ) "Дык Вы не адмовіліся ад плянаў стаць прэзыдэнтам?"

(Чыгір: ) "Я не адмаўляюся і адмаўляцца ад гэтага ня буду. Не для гэтага я сюды прыехаў. Учора я браў удзел у Чарнобыльскім Шляху і меў магчымасьць пагутарыць зь людзьмі, якія прыехалі з рэгіёнаў, і адчуваю, што адносіны да Лукашэнкі нават у сельскай мясцовасьці мяняюцца і мяняюцца вельмі хутка. Калі ён пойдзе на справядлівыя выбары, ён больш іх ніколі ня выйграе".

Гэта быў былы прэм'ер Міхал Чыгір, працэс над якім хутка павінен завяршыцца ў Менскім гарадзкім судзе. Пракурор просіць пакараць Міхала Чыгіра пяцьцю гадамі турмы, а сам Чыгір не адмаўляецца ад плянаў стаць прэзыдэнтам краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG