(эфір 1 красавіка)
Напрыканцы тыдня Лукашэнка ўпершыню асабіста выказаў сваё стаўленьне да падзеяў 25 сакавіка ў Менску. Пад час сустрэчы з прэм'ерам Буратыі кіраўнік Беларусі назваў "памылкаю" затрыманьне журналістаў пад час разгону апазыцыйнай акцыі, паабяцаў асабіста разабрацца ва ўсіх абставінах справы й даць палітычную ацэнку інцыдэнту. Лукашэнка заявіў, што аніякіх сур'ёзных прычынаў затрымліваць карэспандэнтаў не было. Ён выказаў меркаваньне пра наяўнасьць сілаў, якія зрабілі гэта наўмысна. У пацьверджаньне сваіх падазрэньняў Лукашэнка спаслаўся на тое, што памылковае затрыманьне журналістаў адбылося менавіта тады, калі ён адсутнічаў у краіне. Занепакоенасьць кіраўніка дзяржавы выклікала, паводле ягоных словаў, і тое, што пад час ягонай адсутнасьці аніводная беларуская афіцыйная асоба высокага рангу ня здолела даць зразумелых тлумачэньняў таму, што адбылося. Праблема, як бачым, штучна звужана да абыходжаньня з журналістамі. Кіраўнік Беларусі навогул ані слова не сказаў пра лёс сотняў звычайных грамадзянаў, не абароненых журналісцкімі пасьведчаньнямі, якія былі зьбітыя, затрыманыя, асуджаныя толькі за намер выказаць сваю думку. Але нават у рэакцыі Лукашэнкі на затрыманьне журналістаў ёсьць цікавыя моманты. Варта нагадаць, што гэта першы камэнтар падзеяў 25 сакавіка, які прагучаў зь ягоных уласных вуснаў. 26 сакавіка карэспандэнт беларускае тэлевізіі, які знаходзіўся разам з Лукашэнкам у Эміратах, паведаміў, што кіраўнік дзяржавы ўхваліў усе дзеяньні сілаў правапарадку пад час разгону мітынгу. Усе – гэта значыць, і затрыманьні журналістаў. І гэта ў той час, калі нават міністар нутраных справаў Сівакоў прызначыў службовае дасьледваньне дзеяньняў міліцыі, АМАПу й нутраных войскаў. Але заўважым, ацэнка Лукашэнкі прагучала ў пераказе журналіста. 28-га, няпярэдадні вяртаньня на Радзіму, меркаваньне кіраўніка дзяржавы зноў зьмянілася. Паводле словаў таго ж журналіста, ён нібыта заявіў: "Прыеду – разьбяруся". Ізноў – пераказ. Чым жа тлумачацца такія загадкавыя падзеі? Магчыма, сапраўды, Лукашэнка, які зараз, як і заўсёды, ва ўсім бачыць змову, у дадзеным выпадку часткова мае рацыю. Змова – ня змова, але тое, што пэўныя сілы ў лукашэнкавым атачэньні маглі скарыстаць разгон дэманстрацыі ў мэтах паляпшэньня свайго становішча – гэта цалкам магчыма. Напрыклад, дзеяньні праваахоўнікаў 25 сакавіка выклікалі хвалю абурэньня ў свеце, цалкам рэальнай стала пэрспэктыва ўвядзеньня супраць Менску санкцыяў. Пэрспэктывы дыялёгу, і зараз даволі кволыя, робяцца зусім прывіднымі. А палітычную адказнасьць за плён дыялёгу Лукашэнка, нагадаем, публічна ўсклаў на Мясьніковіча й Латыпава. Падзеі 25 сакавіка – гэта удар па іх пазыцыях. Іншы адказ на пытаньне "каму выгадна?" прапанавала "Белорусская деловая газета". Паводле ейных зьвестак, загад хапаць усіх, а журналістаў – асабліва, даў асабіста сакратар Рады бясьпекі Віктар Шэйман, а выконваў ягоны пратэжэ ў Міністэрстве нутраных справаў – намесьнік міністра Міхал Удовікаў. Паводле меркаваньня газэты, мэтаю было падставіць міністра Сівакова й дамагчыся ягонай адстаўкі. На карысьць падобнае вэрсіі сьведчыць тое, што назіральнікі часта надаюць дзеячам з атачэньня Лукашэнкі нейкія ідэйныя матывы. Хай сабе й дрэнныя – напрыклад, здаць Беларусь Расеі – але ідэйныя. Толькі падаецца, што гэтых людзей не цікавіць ня толькі лёс краіны, але нават і лёс сыстэмы, якой яны служаць. Іх галоўны вораг – не апазыцыя, Захад ці Расея, а сусед па службовым габінэце, канкурэнт у барацьбе за месца ва ўладзе. І калі ёсьць магчымасьць яго задушыць, хай нават і ставячы пад удар ўсю сыстэму ўлады – гары яна гарам, тая сыстэма. Але наяўнасьць гэтых апаратных гульняў, калі яны ў дадзеным выпадку сапраўды мелі месца, не здымае адказнасьці з Лукашэнкі, бо гэтую сыстэму стварыў менавіта ён. І нават магчымасьць правакацыі 25 сакавіка таксама стварыў ён асабіста. Зразумела ж, як усё было. Ад'яжджаючы ў Эміраты, ён загадаў: "25-га апазыцыянэрам палёгкі не даваць – даць, як трэба". І паехаў. А ўжо як даць, вырашалі самі. Але навогул, вэрсія пра злых баяраў – толькі адная з магчымых. Можа, Лукашэнка проста чакаў, вымяраў моц міжнароднае рэакцыі. Аказалася, што моц надзвычай вялікая. ЗША ня сёньня-заўтра ўвядуць санкцыі, адменены прыезд у Беларусь "тройкі" АБСЭ. Амбасадары краінаў ЭўраЗьвязу на гэтым тыдні давалі зразумець, што й рэакцыя Зьвязу будзе надзвычай рэзкай, але ставілі ступень гэтай рэзкасьці ў залежнасьць ад ацэнак Лукашэнкі: ці адмяжуецца ён ад дзеяньняў сваіх АМАПаўцаў. Варта ўлічваць, што на вялікую дапамогу з боку Масквы ў гэтым канфлікце афіцыйнаму Менску спадзявацца ня варта: пасьля таго, як падначаленыя Сівакова цягалі за валасы карэспандэнтаў расейскіх тэлеканалаў і білі іхныя камэры, надта ўжо зацята кідацца на абарону хаўрусьніка Расея ня будзе. Пробны шар не атрымаўся – рэакцыя аказалася надта моцнай. Тады зьяўляецца Лукашэнка, як кажуць, "увесь у белым", які ад усяго адмяжоўваецца, ва ўсім разьбіраецца й сувора карае вінаватых. А што ён дзеяньні міліцыі і АМАПаўцаў спачатку ўхваліў, дык гэта ж ня ён, гэта ж карэспандэнт БТ. Ці ад іх слова праўды пачуеш?