Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лютага 2000 г.


Ігар Карней, Менск

На ўезьдзе ў мястэчка Івянец Валожынскага раёну транзытныя пасажыры літаральна заміраюць перад адным з самых высокіх будынкаў. На чырвонай дахоўцы пакатае страхі шматмятровымі белымі літарамі выведзены крамольны ў сёньняшніх умовах заклік – "Жыве Беларусь!". І містычны Мірон ня мае да гэтага аніякага дачыненьня.

Крамольны надпіс, насуперак распаўсюджаным меркаваньням, зрабілі не апазыцыянэры, а мясцовае прадпрыемства "Крыніца". "Крыніца" спэцыялізуецца на пакрыцьці мэталаў палімерамі. Сучасная тэхналёгія гэтага працэсу такая, што аднойчы нанесены малюнак застаецца навечна.

Сьцерці яго, як насьценнае графіці, немагчыма. Менавіта гэта й сталася прычынаю непрыемнасьцяў, якія цяпер адчувае кіраўніцтва прадпрыемства. Яно раз-пораз вымушана апраўдвацца, што аніякага таямнічага сэнсу й палітычнага падтэксту ў заклік "Жыве Беларусь!" не ўкладвала. Маўляў, жыве – і дзякуй Богу.

Тым ня менш, дырэктару Аляксандру Кучынскаму даводзіцца даказваць, што на службу ў "Народны Фронт" ён не залічаны, сацыяльнага заказу заходніх спэцслужбаў не выконвае, што ён не фашыст, не камуніст і не "бээнэфавец".

Увогуле ж спадар Кучынскі лічыць сябе чалавекам, свабодным ад палітычнае кан'юнктуры. Бо калі займацца толькі тым, што кожную хвіліну арыентавацца на курс дзяржаўнага кіраўніцтва, то дрэнны зь яго будзе гаспадар. А лёзунг "Жыве Беларусь!" ён разумее ня больш, чым "жыве маё прадпрыемства". Так і тлумачыць дырэктар "Крыніцы" сваю пазыцыю вышэйшаму начальству.

Аднак гэтыя тлумачэньні мала дапамагаюць. Кіраўнікоў "Крыніцы" ўпарта хочуць выкрыць у палітычнай недабранадзейнасьці. Дзяржаўны аргумэнт традыцыйны: не хапала яшчэ рэклямаваць "бээнэфаўскія" лёзунгі.

Шчыруе мясцовая вэртыкаль. Прачнуліся дагэтуль аморфныя камуністы. Своеасаблівы рух за чысьціню івянецкіх стрэхаў набірае абароты. На аб'ект пэрыядычна выяжджае сталічнае начальства, каб паўшчуваць кіраўніцтва падначаленага прадпрыемства ў адсутнасьці палітычнае пільнасьці. Патрыятычнае словазлучэньне пераўтварылася ў палітычны раздражняльнік.

Нарэшце й жыхары Івянца пераканаліся, што дастаткова аднойчы прызнацца ў адданасьці не Лукашэнку, а Радзіме, як цябе тут жа ўключаць у сьпісы ваяўнічых нацыяналістаў і апазыцыянэраў.

Крамольны надпіс тым часам, дзякуючы сучаснай тэхналёгіі фарбаў, не блякне і не сьціраецца ані ад дажджу, ані ад сьнегу. Зьнішчыць яго можна толькі разам з дахам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG