(эфір 20 студзеня)
Для назіральніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Сарнацкага дзень 20 студзеня стаў "чорным". Калі Алесь Сарнацкі прыйшоў раніцай на працу ў цэх вагонарэмонтнага заводу, яго выклікалі на сустрэчу з супрацоўнікамі міліцыі, якія чакалі Алеся. Пазьней падышоў палкоўнік міліцыі і запатрабаваў паказаць скрыню з рэчамі. Там, апроч наклеек з надпісам "Стоп Лука" нічога не знайшлі. Супрацоўнікі міліцыі даставілі Алеся Сарнацкага ў Маскоўскі раённы адзьдзел унутраных справаў Менску, дзе трымалі дзьве гадзіны. Пасьля гэтага, не склаўшы пратаколу, адпусьцілі праваабаронцу. З размоваў у РАУСе Сарнацкі зразумеў, што раніцай у міліцыю патэлефанаваў невядомы і паведаміў, што ў скрыні з рэчамі знаходзіцца бомба. Па вяртаньні на працу Алесь Сарнацкі атрымаў ад намесьніка дырэктара вагонарэмонтнага заводу настойлівую параду напісаць заяву аб звальнені на ўласнае жаданьне, што ён і зрабіў. Цяпер яму прыйдзецца шукаць новую працу, каб утрымліваць сям'ю. Алесь Сарнацкі – актыўны ўдзельнік масавых выступленьняў у 1996-97 гадох, часта затрымліваўся, быў арыштаваным. Сарнацкі – сябра Беларускага народнага фронту.