Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Расейскае камандаваньне ў Чачні паведаміла аб пачатку выкарыстаньня новае тактыкі ў дачыненьні да мясцовага чачэнскага насельніцтва. Цяпер толькі жанчыны, дзеці і старыя будуць уважацца за ўцекачоў. Усё мужчынскае насельніцтва ва ўросьце ад 10 да 60 год будзе накіроўвацца ў так званыя фільтрацыйныя лягеры дзеля праверкі іх ляяльнасьці да расейскіх уладаў.

Із заявай на тэму новай тактыкі расейскае арміі ў Чачні выступіў гэнерал Віктар Казанцаў, галоўнакамандуючы расейскіх войскаў на Паўночным Каўказе. Паводле словаў Казанцава, расейскія войскі занадта лібэральна ставіліся да чэчэнскага насельніцтва, якое пачало выкарыстоўваць партызанскую тактыку. Тактыка гэтая палягае ў тым, што ўдзень мужчыны-чачэнцы зьяўляюцца мірнымі жыхарамі, а ўначы нападаюць на расейскіх жаўнераў у складзе ўзброеных фармаваньняў.

Менавіта гэткую тактыку выкарысталі чачэнцы, калі ў мінулыя выхадныя неспадзяваным ударам захапілі на нейкі час гарады Аргун і Шалі, а таксама заатакавалі ваколіцы Гудэрмесу, другога паводле колькасьці жыхароў гораду Чачні.

Контрнаступ чачэнцаў распачаўся ў нядзелю раніцай, калі сотні чачэнскіх байцоў адначасна з усіх бакоў заатакавалі Аргун і Шалі. Мэтай чачэнскага наступу, як сьцьвярджаюць ваенныя аналітыкі, было заданьне паслабіць расейскую аблогу Грознага і нэгатыўна паўплываць на і так невысокі баявы дух расейскай арміі.

Расейскія гэнералы сьцьвярджаюць, што яны так да канца і ня ведаюць, адкуль у тыле расейскай арміі ўзяліся так значныя чачэнскія сілы. Гэнерал-маёр Макараў, камандуючы ўсходняй групоўкай расейскага войска ў Чачні, сьцьвярджае, што значная частка тых, хто заатакаваў расейцаў у нядзелю – гэта тыя, хто выдаваў сябе за цывільных асобаў. На думку Макарава, у Аргуне і Шалі былі загадзя падрыхтаваныя добра замаскаваныя склады зброі, якія чачэнцы і выкарысталі падчас свайго контрнаступу.

Асабліва небясьпечная для расейцаў сытуацыя склалася ў Шалі, дзе чачэнцы за лічаныя гадзіны захапілі практычна ўвесь горад і атачылі расейцаў на чале з камэндантам гораду гэнералам Аляксандрам Бяспалавым у будынку мясцовай адміністрацыі і раёным аддзеле міліцыі. Аточаным расейцам чачэнцы накіравалі ўльтыматум: скласьці зброю і ўзьняць чачэнскі сьцяг над будынкам. Бяспалаў адмовіў, і ў адказ выклікаў авіяцыю, верталёты і артылерыю. Да гораду сьпешна пачалі накіроўвацца расейскія падмацаваньні, але ў раёне вёсак Мескер-Юрт, Октябрьская і Джалка яны трапілі ў загадзя падрыхтаваныя чачэнцамі засады.

Расейцы, хаця і прызналі, што іх страты падчас чачэнскага контрнаступу былі самыя высокія за ўвесь час вайны (28 толькі забітых), але, як сьцьвярджаюць незалежныя аглядальнікі, расейскае кмандаваньне пільна хавае праўду. Затое страты чачэнцаў расейцы ацэньваюць у 100 забітых жаўнераў.

Расейскія ваенныя камэнтатары сьцьвярджаюць, што паволі вайна ў Чачні пераходзіць на тыя самыя рэйкі, па якіх яна кацілася падчас першай чачэнскай вайны ў 1994 – 96 гг. "Нашыя войскі не кантралююць тэрыторыю Чачні, – піша газэта "Московский комсомолец", – яны проста знаходзяцца ў сваіх лягерох і бароняць саміх сябе. Усё гэта адбывалася і раней. Падчас вайны 1994 – 96 гг. нашая армія трымала ўсю тэрыторыю Чачні пад сваім цалкавітым кантролем".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG