Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 студзеня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Моцны супраціў чачэнскіх абаронцаў і кепскае надвор'е не дазваляюць расейцам узяць сталіцу Ічкерыі – Грозны. Цемра ўскладняе авіяналёты, якія павінныя дапамагаць наземным наступоўцам. Інфармацыю пра зьніжэньне тэмпаў расейскай вайны супраць Чачні пацьвярджае й расейскі штаб у Маздоку.

Заходнія інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць, што чачэнскія апалчэнцы прарвалі расейскую аблогу ў паўднёвым раёне Грознага Чарнарэчча. Такім чынам утварыўся калідор, празь які чачэнцы могуць атрымоўваць ежу, зброю ці выходзіць у горы. Расейскія вайскоўцы паведамляюць пра вялікія людзкія страты ў баі за Чарнарэччэ. Паводле афіцыйнай інфармацыі, каля 60 расейскіх жаўнераў узятыя ў палон. Марш расейцаў ад перамогі да перамогі – гэта ўжо гісторыя, – заявіў Апці Баталаў, старшыня адміністрацыі прэзыдэнта Аслана Масхадава.

Чачэнцы адбілі таксама частку паўночнага раёну Ханкала. Карэспандэнт Associated Press у Грозным паведамляе, што партызанам бракуе амуніцыі. Учора прэзыдэнт Масхадаў прапанаваў трохдзённы перапынак у вайсковых дзеяньнях, аднак расейскае камандаваньне рашуча адрынула гэтую прапанову. Масхадаў прапанаваў зрабіць паўзу ў баях з 8-га да 10 студзеня, каб расейскія і замежныя экспэрты маглі наведаць Грозны, каб праверыць факт выкарыстаньня расейскімі вайскоўцамі.

Віцэ-прэм'ер, паўнамоцны прадстаўнік ураду Расеі ў Чачэнскай Рэспубліцы Нікалай Кошман абверг чуткі пра тое, што фэдэральныя сілы гатовыя прадставіць Аслану Масхадаву калідор, каб прэзыдэнт мог пакінуць Чачню. Кошман падкрэсьліў, што расейскі ўрад прапаноўваў Масхадаву сесьці за стол перамоваў, пры ўмове выкананьня патрабаваньняў Пуціна – чачэнскі бок павінен прызнаць тэрыторыю рэспублікі суб'ектам Расейскай Фэдэрацыі і выдаць фэдэральным сілам Басаева і Хатаба.

Тым часам былы расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын пад час сьняданку ў гонар прэзыдэнта Ізраіля Вайцмана заявіў: "Праз месяц з тэрарыстамі мы пакончым".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG