Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сьнежня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў–Жодзіна–Менск

Вось ужо цэлы тыдзень у малочных ды мясных аддзелах харчовых крамаў Барысава, Жодзіна, Салігорску, Слуцку ды іншых гарадоў Меншчыны стаяць пакупніцкія чэргі. Іх можна параўнаць толькі з тымі, што былі напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў.

Сёньня у харчовых крамах Барысава цяжка набыць сьмятану, тварог, малако фасаванае ў поліэтыленавыя пакеты, кефір або масла мяйсцовага вырабу (а яно намнога таньнейшае за прывазное, расейскае).

Каб зрабіць неабходныя закупкі, барысаўцы займаюць чэргі ў малочных аддзелах з моманту адкрыцьця крамаў, хаця першы завоз прадукцыі мусіць адбывацца праз гадзіну – паўтары. Але графікі завозу звычайна зрываюцца: мяйсцовы малочны камбінат дастаўляе прадукты ў крамы паводле сваёй схэмы. Вось людзі й падпільноўваюць момант.

Што ж самі жыхары гэтага буйнога ў сталічнае вобласьці прамысловага цэнтру мяркуюць з нагоды вяртаньня харчовых чэргаў? У чым бачаць першапрычыну дэфіцыту?

На гэтыя пытаньні ўчора ўвечары мне адказаў чалавек пяцідзесяцігадовага веку, які назваўся Анатолем і які ў двухпавярховым супэрмаркеце "Зорачка" чакаў завозу кефіру.

Гаворыць спадар Анатоль: "Прадуктаў мала. Малако бывае толькі 15 – 20 хвілінаў. У пакетах. Людзі стаяць па паўдні, па дню. Пераважна там людзі сталага веку, пэнсіянэры, у каторых даходы нізкія. І яны чакаюць свайго малака, каб неяк выжыць. Таму што на 300 – 400 тысячаў рублёў з пэнсіі ў дзень лепшага ня купіш: батон і малака пакет. (…) Часам не бывае і хлеба. А са сьвінінаю тут так: яна дарагая і залёжаная, не апэтытная. Ялавічына рэдка бывае, а як бывае, то нізкай якасьці. (…) Я яшчэ бываю ў краме мясакамбінатаўскай насупраць Палацу Культуры, дык там людзі чаргу займаюць, я не ведаю калі – зусім, можа, у шэсьць гадзінаў ранку. Стаяць цэлы дзень. Як што прывязуць, дык не зайсьці ў краму. І купляюць пераважна косткі. Ёсьць сьвініна, фарш. Гэта не бяруць. А бяруць "супавыя наборы", якія каштуюць па 220 тысячаў рублёў. Даюць адзін пакет у рукі".

(Карэспандэнт: ) "Якое выйсьце Вы можаце прапанаваць?"

(Пакупнік: ) "Пэўна, трэба канчаць з калгасамі, бо яны сябе не апраўдалі. Трэба новыя формы".

Так сказаў вайсковы пэнсіянэр, беспартыйны, які, паводле ягоных словаў, выступае супраць хаўрусу Беларусі з Расеяй хаця б таму, што харчовыя прадукты з усходу ў Барысаў ідуць няякасныя і дарагія.

Між іншым, сваё незадавальненьне расейскімі харчамі ўчора выказала яшчэ адна пакупніца, але гэта ўжо было ў чарзе ў аддзеле кілбасаў цэнтральнага ўнівэрсаму суседняга гораду Жодзіна.

(Пакупніца: ) " Замарожаныя сасіскі проста есьці немагчыма.Іх нават калі пачынаеш варыць – праз хвіліну атрымліваецца цеста. Прапанавала кату. Кот адвярнуўся, ня стаў есьці!"

Як жа рэагуюць на гэтыя пакупніцкія чэргі, на таварна-харчовы дэфіцыт улады? Пераважна – карнымі мэтодамі.

Так, літаральна тры дні таму на пашыраным паседжаньні Менскага вабласнога выканаўчага камітэту за хібы ў калгасна-саўгаснае жывёлагадоўлі ў прысутнасьці прэм'ера Сяргея Лінга са сваімі пасадамі разьвіталіся кіраўнікі раённых "Сельгасхарчаў" з Салігороску ды Слуцку. Больш чым на паўмільярды беларускіх рублёў аштрафаваны Барысаўскі мясакамбінат. У Салігорскім раёне вызвалілі свае службовыя крэслы некалькі старшыняў калгасаў. Яшчэ больш калгасных кіраўнікоў-чыноўнікаў былі гэтымі днямі пазбаўленыя прэміяў, атрымалі суворыя вымовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG