Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

Год правалу эканамічных прыярытэтаў разам з прагнозамі…

Для адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі ды ягонае вэртыкалі 1999 год быў годам буйных правалаў усіх эканамічных ілюзіяў. Прычыны правалу ўлады шукаюць не ў сваёй глыбокапамылковай эканамічнай палітыцы, а ў вонкавых чыньніках.

Адчуўшы, што прагнозныя паказьнікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 1999 год рэалізаваць не ўдасца, з восені кіраўнікі краіны, у тым ліку і Аляксандар Лукашэнака, сталі шукаць прычыны краху сваёй эканамічнае палітыкі.

І такія прычыны былі знойдзены. Гэта – моцны ўплыў мінулагодняга жнівеньскага фінансавага крызісу ў Расіі. А пасьля – падаражаньне паліва, электраэнэргіі, сыравіны ды камплектуючых, якія паступаюць з Расеі.

Праўда, гэтыя аргумэнты слабыя, бо яны выяўляюць памылковасьць аднабаковай арыентацы ў эканоміцы выключна на Расею. Нашыя суседзі – Летува, Латвія ды Ўкраіна таксама гандлююць з Расеяй, але не прывязваюць свае эканомікі да крызыснай эканомікі ўсходняе суседкі. У выніку валюта там трывалая, згубнай інфляцыі там няма, назіраецца надзейная стабільнасьць, пачаўся рост эканомікі.

Таму нашы суседзі ўпэўніліся ў слушнасьці сваёй "шматвэктарнае палітыкі". Што да спаду эканомікі ў Беларусі, то прычыны тут бачацца дзьве – памылковая і заганная нутраная эканамічная палітыка ды арыентацыя ў вонкавым эканамічным супрацоўніцтве на крызысную Расею.

Прызнаючы правал у эканамічным разьвіцьці, кіраўнікі краіны тым ня меней суцяшаюць сябе тым, што з 12 асноўных прагнозных паказьнікаў 1999 году ўсё ж 4 будуць выкананыя, а 8 – не.

Але суцяшэньне тут малое, бо аналіз паказвае, што выкананьне некаторых паказьнікаў выглядае горш за правал. Назавем два такіх паказьнікі й прааналізуем іх значаньне.

Так, паводле статыстычных дадзеных за 11 месяцаў і папярэдніх за год, прамысловая вытворчасьць прыбавіць у росьце дзесь 7%. Нібы нядрэнна. Але справа ў тым, што гэты валавы паказьнік ні пра што станоўчае ня сьведчыць!

Чаму? Таму, што вытворчасьць у значнае ступені вялася на склад. У другой палове году нерэалізаванае прадукцыі назапасілася не менш як на 100 трлн. рублёў.

Да таго ж няспынна расла крэдыторская запазычанасьць рэальнага сэктару, якая складае зараз 1200 трлн. рублёў, перавышаючы дэбіторскую запазычанасьць на 500 трлн. Аказваецца, гэтак званы "рост прамысловае вытворчасьці" ажыцьцяўляўся ня толькі на склад, але й за кошт пазычаных грошай.

Ніхто й нішто не адчувае гэтага росту. І ці ёсьць гэты рост навогул? Бо невядома, паводле якога базавага ўзроўню цэнаў ён вызначаецца.

Цікава, чаму ўрад і міністэрства статыстыкі не скарысталі парады Інстытуту эканомікі Нацыянальнай Акадэміі Навук вызначаць дынаміку вытворчасьці не ў інфляцыйных рублях, а ў цьвёрдай валюце? Паколькі такая слушная прапанова не прынятая, то невядома – дзеля чаго ў статыстыцы выкарыстоўваецца інфляцыйны рубель: дзеля рэальнай ацэнкі ці каб абавязкова вывесці ўяўны рост?

Тое самае можна сказаць і пра паказьнік выкананьня й перавыкананьня прыбытковае часткі бюджэту яшчэ задоўга да канцу году. Гэта адбылося коштам інфляцыі, якая ў кастрычніку й лістападзе перавышала 14%, а за год дасягне 320%. Атрыманьне інфляцыйных "прыбыткаў" – хутчэй адмоўны бок бюджэту, чым станоўчы, бо ўзрослыя прыбыткі ня могуць пакрыць натуральныя патрэбы ані дзяржавы, ані грамадзтва.

Да таго ж фінасавы крызыс у краіне толькі паглыбляецца, амаль кожнае пятае прадпрыемства сёньня стратнае, а ў Магілеўскае вобласьці – кожнае трэцяе, а ў Гомельскае – чацьвертае. Сумма стратаў па народнай гаспадарцы складае 30 трлн. рублёў.

Характэрна, што ў 1999 годзе сарваны ўсе так званыя сацыяльна-эканамічныя прыярытэты. Калі ўзяць галоўны прыярытэт – разьвіцьцё аграрнага сэктару й забесьпячэньне харчовае бясьпекі, то цягам усяго году назіраўся крах аграрнае палітыкі дзяржавы.

Сабрана толькі 3,7 млн. тонаў збожжа – і то "бункэрнай" вагі. Недастаткова кармоў. Паводле словаў намесьніка кіраўніка ўраду Аляксандра Папкова, іх на 30% меней, чым у мінулым годзе. Увосень засталося неўзараным 30% зябліва. Рэзка пагоршыўся фінансавы стан гаспадарак. Запазычанасьць каўгасаў ды саўгасаў толькі перад дзяржаваю перавысіла 100 трлн. рублёў, а па заробкам у межах 1 трлн. Амаль палова гаспадарак стратная, а ў Віцебскае вобласьці – аж 85%.

А ў дадатак з прычыны бяскорміцы напачатку зімы пачалося рэзкае скарачэньне пагалоўя жывёлы. Ад пачатку году толькі буйное рагатае жывёлы паменела на 8%, а сьвіней – на 5%.

Аляксандар Лукашэнка правёў экстраную нараду, прысьвечаную праблеме – як уратаваць жывёлу ад пагібелі. Пастаўлена задача – любым коштам захаваць маткавае пагалоўе. Дзяржава выдаткавала 20 млн. даляраў на закупы фуражнага збожжа. Чэская Рэспубліка выдаткавала Беларусі ў крэдыт 500 тысячаў тонаў збожжа, зь іх 70 тысячаў тонаў збожжа ўжо адгружана.

Прыярытэт другі – жыльлёвае будаўніцтва і капіталаўкладаньні. Тут таксам адыход назад. Спачатку году так размахнуліся, што распачалі будоўлі на многіх аб'ектах. Каб закончыць іх – трэба атрымаць дадаткова 360 трлн. рублёў ільготных крэдытаў, а дзяржава можа выдаткаваць ня болей за 20. Значыць, лопнуў і гэты прыярытэт. Тым болей, што й агульны аб'ём капіталаўкладаньняў у краіне скараціўся на 5% у параўнаньні зь мінулым годам, калі ён таксама быў крытычным. А паказьнік гэта інтэгральны, ад якога залежыць разьвіцьцё эканомікі сёньня й заўтра.

Трэці прыярытэт – паскоранае разьвіцьцё экспартавае вытворчасьці. І тут небывалы абвал. За год экспарт прадукцыі скараціўся на 25%, прытым пераважна ў Расею.

Што гаварыць аб іншых паказьніках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, калі сарваны асноўныя прыярытэты. Правалены нагэтулькі, што пры вызначэньні важнейшэх парамэтраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця РБ на 2000 год улады не рызыкнулі вызначаць завышаныя паказьнікі, як на сёлетні год.

Яны больш сьціплыя. І гэта сымптаматычна. ВУП і выпуск прамысловае прадукцыі вырашана павялічыць толькі на 2-3%. Рост прадукцыі сельскае гаспадаркі прадугледжаны вялікі – на 8-9%, але калі ён і будзе выкананы, што вельмі сумніўна, то ўсё роўна ня будзе пакрыты абвал сельскае гаспадаркі ў 1999 годзе, які перавысіў 10%. Рэальныя ж прыбыткі насельніцтва падвысяцца толькі на 1% – і гэта адзін з характэрных паказьнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG