(эфір 15 лістапада)
Школа: беларуская або ніякая. Такое рашэньне напрыканцы першае навучальнае чвэрці прынялі бацькі вучня шостае клясы 16-й менскае школы-ліцэю Зьміцера Раманцова. Гэта быў адчайны акт пратэсту супроць гвалтоўнае зьмены адміністрацыяй школы мовы навучаньня ў клясе, якая фармальна працягвае заставацца беларускай. Пасьля больш чым тыднёвага хатняга пратэсту заўтра, 16 лістапада, Зьміцер зьбіраецца йсьці ў школу. Ці азначае гэта перамогу аднае асобна ўзятае беларускае сям'і над русыфікацыйным чынавенствам усяе школьнае сыстэмы? Кляса, у якой вучыцца Зьміцер, фармальна лічыцца беларускай. Аднак ужо летась матэматыку ў ёй выкладалі па-расейску. З пачаткам сёлетняга навучальнага году беларуская мова зьнікла і зь іншых урокаў. Нязгодным з гэтым Раманцовым адміністрацыя школы, а ўсьлед за ёю і кіраўніцтва аддзелу адукацыі Фрунзэнскага раёну прапанавала перавесьціся ў 4-ю школу-гімназію, якая на ўвесь вялікі раён застаецца адзінаю цалкам беларускаю. Аднак прапанова гэтая успрынятая сямьёй Раманцовых як дыскрымінацыйная. 4-я школа далёка ад іхнага дому, а ўлічваючы тое, што ў Раманцовых ёсьць, апрача Зьміцера, яшчэ двое малодшых школьнікаў, якія хочуць вучыцца таксама па-беларуску, то сям'і давядзецца траціць на навучаньне там дзяцей дадатковыя сілы, сродкі й час. 15 кастрычніка Ўладзімер Раманцоў накіраваў ліст міністру адукацыі Васілю Стражаву з патрабаваньнем забясьпечыць ягонаму сыну Зьміцеру канстытуцыйнае права навучаньня на роднай мове па мейсцы жыхарства. У выпадку адмовы бацька заявіў у лісьце міністру, а таксама ў інтэрвію нашаму радыё, што з пачаткам другое навучальнае чвэрці Зьміцер ня пойдзе ні ў якую школу, а будзе вучыцца дома. І ўвесь мінулы тыдзень хлопчык не хадзіў у школу. Трэба сказаць, што адміністрацыя школы зрэагавала на гэта досыць спакойна, толькі напрыканцы тыдня патэлефаніла клясная кіраўніца ды ўдакладніла прычыну адсутнасьці Зьміцера на занятках. Больш эмацыйна ўспрыняло гэтую неардынарную форму пратэсту кіраўніцтва гарадзкога школьнага ведамства, якому міністар Стражаў даручыў палагодзіць канфлікт. Інспэктар Галіна Новікава, якая ўвесь мінулы тыдзень непасрэдна займалася гэтым пытаньнем, заявіла нашаму радыё, што дырэкцыя школы паабяцала вярнуць у клясе моўны рэжым, які йснаваў там летась. Такое ж абяцаньне прагучэла зь яе вуснаў і ў тэлефоннай гутарцы з Уладзімерам Раманцовым. Пісьмовых гарантыяў, аднак, спадар Раманцоў пакуль што не атрымаў, няма ніякага адказу і ад міністра. Але спадар Раманцоў вырашыў ўсё ж паверыць вусным абяцаньням. Між тым, гарантаваць далёка наперад захаваньне канстытуцыйных правоў сям'і Раманцовых чыноўнікі й не зьбіраюцца. Інспэктар Новікава прызналася нашаму радыё, што вяртаньне беларускае мовы ў Зьміцераву клясу часовае і налета сытуацыя можа паўтарыцца. І чыста па-чалавечы дадала, што яна б раіла Раманцовым патрываць расейскамоўнасьць да канца сёмай клясы, а далей паступаць у Беларускі гуманітарны ліцэй. На маё пытаньне пра гарантыі канстытуцыйных правоў навучаньня на роднай мове яна сказала, што пасьля рэфэрэндуму 1995 году ў школьнай сыстэме дзейнічаюць зусім іншыя правы й вучыць па-беларуску аднаго вучня ў клясе ніхто ня будзе.