Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 лістапада 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

(эфір 4 лістапада)
За два дні да прэзыдэнцкіх выбараў у Таджыкістане цяперашні прэзыдэнт краіны Эмамалі Рахмонаў застаўся адзіным рэальным кандыдатам. Хаця, як меркавалася раней, выбары павінны былі прайсьці на альтэрнатыўнай аснове. За месяц да выбараў у выніку рэфэрэндуму ў Таджыкістане прэзыдэнцкая кадэнцыя была працягнутая з пяці да сямі гадоў.

Таджыкістан –найменшая з сярэднеазіяцкіх краінаў з 6 мільённым насельніцтвам. Кровапралітная грамадзянская вайна, якая вялася тут з 92 па 97 год, каштавала нацыі дзесяткі тысяч ахвяраў, яна ж спрычынілася і да эканамічнага застою.

На ўвесь Таджыкістан зараз налічваецца толькі 260 сумесных і замежных прадпрыемстваў, 80 працэнтаў насельніцтва краіны жыве ў галечы. Сярэдняя месячная зарплата складае у пераразьліку 8 даляраў.Толькі пасьля мірнага пагадненьня 97 году паміж уладамі і ўзброенай апазыцыяй Таджыкістан пачаў супрацоўнічаць з Міжанродным валютным фондам і Сусьветным банкам. Гэтае ж пагадненне стала базай адноснай стабілізацыі і, ў пэўным сэнсе, дэмакратызацыі таджыцкага грамадства.

Эмамалі Рахмонаў, колішні старшыня калгасу і камуністычны фунцыянэр з Кулябскага рэгіёну, прыйшоў да кіраўніцтва краінай ў 92 годзе, калі ўзброеная апазыцыя скінула двух папярэдніх прэзыдэнтаў – Рахмона Набіева і Ахбаршака Іскандарава. Тагачасны Вярхоўны Савет Таджыкістану абраў Рахмонава сваім старшынём. У 94м Рахмонаў перамог на прэзыдэнцкіх выбарах.

Умацаванне яго пазіцыяў тлумачаць падтрымкай, якую ён мае як ад Масквы, так і ад свайго кулябскага кляну. Атачэнне Рахмонава шмат працуе над тым, каб падтрымліваць імідж наймаладзейшага сярэднеазіяцкага прэзыдэнта. Зараз Рахмонаву 47 гадоў, ён мае сем дачок і аднаго сына.

Прынамсі тры супернікі мелі намер выставіць свае кандыдатуры на гэтых выбарах побач з Рахмонавым. Аднак кандыдат Дэмакратычнай партыі, былы кіраўнік нацыянальнай міліцыі Султон Кулатаў ды прадстаўнік Партыі справядлівасьці, бізнэсмэн Сайфудзін Тураеў не змаглі сабраць неабходнай колькасьці подпісаў для іх рэгістрацыі – 145 тысячаў. Кандыдат ад Аб'яднанай таджыцкай апазіцыі, міністар эканомікі Даўлат Усмон быў зарэгістраваны, аднак учора зьняў сваю кандыдатуру. Ён патлумачыў гэта тым, што ад самага пачатку прэзыдэнцкай кампаніі інтарэсы апанэтаў Рахмонава ўшчамляліся і парушаліся. Кіраўніцтва Аб'яднанай таджыцкай апазіцыі настойвае на перанясенні выбараў на больш позні час і да гэтага прыпыняе свой удзел у працы камісіі нацыянальнага прымірэння.

Асаблівасці гэтай сітуацыі я папрасіла пракамэнтаваць супрацоўніка таджыцкай рэдакцыі Радыё Свабода Джавіда Мукіма:

(Карэспандэнт: ) "Ці на самой справе зараз, нягледзячы на рашэньне апазыцыі байкатаваць выбары, у бюлетэнях усё ж друкуюцца два прозвішчы – Рахмонава і усмона?"

(Мукім: ) "Так, у бюлэтэнях ёсьць і прозьвішча альтэрнатыўнага кандадыта. Але ён некалькі разоў заявіў, што ня будзе ўдзельнічаць у выбарах, паколькі у часе перадвыбарчай кампаніі парушаўся закон. Да таго ж умова – сабраць для рэгістарацыі 145 тысячаў подпісаў – для Таджыкістану нерэальная. Прычым на збор подпісаў адводзіцца толькі 20 дзён. Усмон быў зарэгістраваны толькі таму, што яго прэтэнзіі да ЦВК прызнаў Вярхоўны Суд. Але зараз апазыцыя настойвае на тым, каб выбары былі адкладзеныя і падрыхтоўка да іх была праведзеная у належных умовах".

(Карэспандэнт: ) "Ці можна сказаць, што нядаўні рэфэрэндум, калі быў працягнуты тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, быў праведзены выключна у інтарэсах Рахмонава? Чаму на гэта пайшла апазыцыя, і ці азначае гэта, што Рахмонаў задавальняе апазіцыю?"

(Мукім: ) У выніку Рэфэрэндуму, які адбыўся 6 верасьня, былі зьмененыя некалькі артыкулаў канстытуцыі. Апазыцыя дабілася таго, каб паводле асноўнага закону ў краіне была дазволеная дзейнасьць рэлігійных партыяў. За гэтаю саступку яна пагадзілася на пашырэнне паўнамоцтваў прэзыдэнта. Цяпер ён можа, напрыклад, уводзіць надзвычайнае становішча, ён назначае траціну дэпутатаў верхняй палаты парлямэнту і сам пажыцьцёва мае права застацца дэпутатам парлямэнту.

Гэтага раней не было. Гэта быў кампраміс. Пры тым нельга сказаць, што насельніцтва праявіла вялікую цікавасьць да галасаваньня. Да таго ж, паводле фармулёўкі ў бюлетэнях не было магчымасьці выказацца за нейкія канкрэтныя зьмены у канстутуцыю асобна. Пытаньне стаяла так: ці згодныя вы на ўнясеньне зьменаў і дадаткаў у кантытуцыю. Усё ішло адным пакетам. Вельмі мала выбаршчыкаў было на ўчастках, хаця, паводле афіцыйных вынікаў, было 90-працэтнае ўхваленьне".

Заходнія назіральнікі ацэньваюць шанцы Рахмонава на перамогу як бяспрэчныя. Аднак, як заўважае сёньня агенцтва "France Press", у акрэсьленых умовах яны будуць выглядаць фарсам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG