За некалькі хвілінаў да эфіру стала вядома, што затрыманая й дэпутат расейскай Думы Вольга Беклямішчава. На цяперашні момант у сталічных райаддзелах міліцыі ўтрымліваецца значна больш за сто затрыманых. Паводле афіцыйных зьвестак, 4 амонаўцы шпіталізаваныя. Кольнасьць шпіталізаваных з боку маніфэстантаў – больш за 10 асобаў. Прыкметна, што аглядальнік Беларускага тэлебачаньня Зімоўскі ў сваім камэнтары некалькі разоў засяроджваў увагу, што нібыта мелі мейсца падпальваньні й выбухі, арганізаваныя дэманстрантамі. Зусім магчыма, што гэта зроблена адмыслова, у мэтах выставіць арганізатарам акцыі больш сур'ёзныя, чым звычайна, абвінавачаньні. Самая буйная за апошнія гады акцыя апазыцыі "Марш свабоды" несанкцыянавана распачалася на плошчы Якуба Коласа а 12-й гадзіне. У розны час у акцыі бралі ўдзел, паводле арганізатараў, ад 20-і да 30-і тысячаў маніфэстантаў. Асноўную частку складае моладзь. (Удзельнік: ) "Зараз мы ў белых халатах. Гэта сымбалізуе вось гэты дурдом, які адбываецца ў гэтай краіне. Канечне, гэта сьцёб. Мы ўяўляем сабой, нібыта, лякарню "Навінкі" і ў той самы час – газэту "Навінкі". Зь першых хвілінаў шэсьця маніфэстанты выйшлі на галоўны менскі праспэкт Скарыны, цалкам заняўшы праезную частку й ходнікі. Маніфэстанты, што йдуць да плошчы Бангалёр, выйшлі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ды антыўрадавымі лёзунгамі. (Удзельнік: ) "Чорная сотня, цыганскі барон зноў нам рыхтуюць маскоўскі трон". Арганізатары сёньняшняй акцыі "Марш свабоды" – 7 палітыкаў новай хвалі. На чале калёны маніфэстантаў рушаць Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі, Зьміцер Бандарэнка, Вінцук Вячорка. (Вячорка: ) "Тое, што ўжо два, альбо нават болей гадоў, столькі народу не выходзіла на вуліцы нашай сталіцы, сьведчыць, што бар'ер псыхалягічнай цярплівасьці, бар'ер нацыянальнай годнасьці, бар'ер сацыяльнай цярплівасьці ўжо перавышаны. Людзі прыйшлі. Яны пераадолелі бар'ер страху. І гэта самы важны вынік сёньняшняга дня". Мітынг, што а другой гадзіне распачаўся на плошчы Бангалёр, быў вельмі кароткі. Палітыкі выказалі абурэньне дыктатурай і нежаданьнем уладаў распачаць сапраўдныя перамовы. Вінцук Вячорка спаліў тэкст праекту чарговай саюзнай дамовы, заявіўшы, што гэта ёсьць ягонае стаўленьне да беларуска-расейскае інтэграцыі. Прынятую рэзалюцыю зачытаў Алесь Бяляцкі. (Бяляцкі: ) "Мы патрабуем неадкладна спыніць спробы прадаць нашу незалежнасьць пад выглядам інтэграцыі з Расеяй! Неадкладна вызваліць палітычных вязьняў! Спыніць палітычныя рэпрэсіі! Сказаць праўду пра зьніклых апанэнтаў рэжыму! Неадкладна адмяніць забарону на выхад незалежных газэтаў! Забясьпечыць дэмакратычным палітычным сілам доступ да дзяржаўных тэлебачаньня й радыё! Выкананьне гэтых патрабаваньняў дасьць падставу для мірных перамоваў аб пераходзе ад дыктатуры да дэмакратыі. Мы лічым, што перамовы – найлепшае выйсьце з палітычнага ды эканамічнага тупіку, куды загнаў рэжым нашу Беларусь! Далоў дыктатуру! Жыве Беларусь!" Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч заклікаў прысутных рушыць на плошчу Незалежнасьці і распачаў тым самым другую частку "Маршу Свабоды". У калёне маніфэстантаў, якая зноў рушыць па праезнай частцы вуліцы Багдановіча, зьявіліся два велічэзныя сьцягі 30 на 10 мэтраў: адзін бел-чырвона-белы, другі – эўрапейскі сьцяг. Сьцягі як бы накрываюць калёну. Першыя сутыкненьні маніфэстантаў зь міліцыяй адбыліся на скрыжаваньні праспэкту Скарыны й вуліцы Казлова. Міліцыянты перагародзілі праспэкт, і дэманстранты рушылі ў абыход.
Але сапраўдная бойка, а палове на чацьвертую, распачалася на скрыжаваньні вуліцы Першамайскай і вуліцы Пуліхава.
Міліцыянты і амонаўцы перагародзілі вуліцу. Праз кожныя пяць хвілінаў адбываецца чарговая атака з ужываньнем дубінак і сьлезацечнага газу. Маніфэстанты пачалі разьбіраць брук і кідаць у міліцыянтаў. А 16-й гадзіне міліцыянты і амонаўцы літаральна пагналі людзей па вуліцы Пуліхава. Пачалася так званая "зачыстка". Некаторыя маніфэстанты, ратуючыся ад амонаўцаў, пачалі кідацца ў раку Сьвіслач. Тых, каго амонаўцы здолелі дагнаць, зьбівалі на мейсцы. Зараз увесь цэнтар Менску ачэплены міліцыяй, а на мейсцы бойкі – скрыжаваньні Пуліхава й Першамайскай – стаяць тры машыны хуткай дапамогі.