Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 верасьня 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

А гэты матэрыял мы атрымалі літаральна хвіліну таму. У гэты час сябры Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" пікетуюць расейскую амбасаду. А 18-й гадзіне лідэры БНФ перадалі пэтыцыі і ў прадстаўніцтва ЗША, і ў прадстаўніцтва Расейскае Фэдэрацыі...

Сябры БНФ заклікаюць амэрыканскія ўлады не дапусьціць інкарпарацыі Беларусі ў Расею. "Такая інкарпарацыя пярэчыла б волі бальшыні беларускага народу",-- гаворыцца ў пэтыцыі. Аўтары дакумэнта падсумоўваюць: "Страта нашае незалежнасьці прывяла б да катастрафічных наступстваў у цэнтры Эўропы".

У пэтыцыі, што адрэсавана расейскаму ўраду, зазначаецца: "Беларусы зрабілі свой выбар і болей ня хочуць вяртацца ў эўраазіяцкую імпэрыю. У Расеі няма мейсца для беларускай мовы й культуры і беларускай духоўнасьці ўвогуле. Доўгі час Беларусь мусіла цярпець расейскіх ды іншых беларусафобаў. Беларускі Народны Фронт папярэджвае гора-інтэгратараў і тутэйшых халуёў, што беларусы і надалей будуць бараніць сваю незалежнасьць. Рукі прэч ад незалежнае Беларусі!",-- такім заклікам скончваецца пэтыцыя Беларускага Народнага Фронту да ўраду Расеі.

Сёньня апошні дзень пікетаваньня расейскае амбасады. Цягам 4-х дзён каля 20 сябраў БНФ пад бел-чырвона-белымі й зорна-паласатымі сьцягамі выказваюць сваё стаўленьне да інтэграцыі з Расеяй і падтрымкі з боку ўсходняе суседкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Вось некаторыя зь лёзунгаў: "Хаўрус з Расеяй — гэта голад, забойствы і вайна", "Абараніце Беларусь ад Расейскае імпэрыі!", "Не дазволім захапіць Беларусь!", "Расея, забяры свайго халуя!".

Вынікі пікету камэнтуе Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "Як паказвае гісторыя і досьвед нашага народу, досьвед нашых суседзяў — любыя публічныя дзеяньні заўсёды аказвалі ўзьдзеяньне на працэсы, якія ідуць. Іншая справа, што вырашыць усе праблемы, якія сёньня ёсьць у Беларусі, магчыма толькі салідарнымі дзеяньнямі дзясяткаў тысячаў і соцень тысячаў нашых грамадзянаў. Адной нейкай акцыяй, нейкім "залатым ланцужком" ніколі ў жыцьці аніякія праблемы вырашаны не былі".

Акцыямі ла расейскае амбасады распачынаецца цэлы тузін вулічных акцыяў. Грамадзкая ініцыятыва "Хартыя-97" ладзіць шэраг пікетаў. Так, сёньня з жыхарамі менскага мікрараёну Малінаўка сустракаецца намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка. Каардынатар "Хартыі-97" Людміла Гразнова запэўнівае, што ад наступнага панядзелку пікеты будуць праходзіць штодня, за выняткам выходных. Цэлых дзьве акцыі прымеркаваныя да Дню беларускае вайсковае славы — 7 верасьня а 19-й гадзіне Беларуская партыя Свабоды ладзіць несанкцыянаваную ўладамі акцыю пад назовам "Мы разьбілі маскалёў". Падзеі, прымеркаваныя да гадавіны перамогі пад Воршаю, працягнуцца на наступны дзень — 8 верасьня а палове на 6-ю гадзіну ўвечары БНФ ладзіць мітынг і шэсьце пад агульным назовам "За свабоду і людзкае жыцьце! Абаронім саміх сябе й наш дом Беларусь!".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG