Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 жніўня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

На сёньняшнім паседжаньні прэзыдыюму Вярхоўнага Савету меркавалася вызначыць дату правядзеньня першага пасьля заканчэньня легітымнасьці Лукашэнкі рабочага сходу дэпутатаў. Аднак, прызначэньне гэтае даты было перанесенае на 6 верасьня.

Паседжаньне прэзыдыюму, у якім удзельнічалі і ягоныя наваабраныя сябры: Генадзь Цярэня, Станіслаў Багданкевіч і Мечыслаў Грыб, праходзіла за зачыненымі дзьвярыма й цягнулася больш за дзьве гадзіны, пасьля чаго ягоныя ўдзельнікі вырашылі зрабіць перапынак аж да 6 верасьня, і роўна праз тыдзень зноў сабрацца, каб ужо назваць канкрэтную дату правядзеньня дэпутацкага сходу.

Віктар Ганчар, пад старшынствам якога йшло паседжаньне прэзыдыюму, патлумачыў нашаму радыё, што перапынак патрэбны, "каб выйсьці на сход з большай дынамікаю, з большай выніковасьцю".

Менавіта 6 верасьня сябры прэзыдыюму хочуць больш дэталёва прааналізаваць праекты пастановаў, якія будуць выносіцца на абмеркаваньне сходу парлямэнтарыяў.

Між тым, з дробра інфармаваных крыніцаў стала вядома пра тое, што на паседжаньні прэзыдыюму сёньня быў зачытаны ліст ад Сямёна Шарэцкага з Вільні. У ім старшыня Вярхоўнага Савету (менавіта так падпісаў ліст сам Сямён Шарэцкі) прапануе разгледзець кандыдатуру Міхала Чыгіра ў якасьці кіраўніка ўраду, які зьбіраецца ў верасьні абвясьціць Вярхоўны Савет.

Аднак, абмеркаваньня гэтага пытаньня на паседжаньні прэзыдыюму фактычна не адбылося, бо, паводле апошняй інфармацыі ад прадстаўніка Чыгіра, экс-прэм'ер пакуль не дае згоды на гэтае прызначэньне. Сябры прэзыдыюму вырашылі даведацца больш дакладна пра гэтую сытуацыю, паколькі раней Міхал Чыгір пагаджаўся на новае прызначэньне. Гэта таксама паўплывала на рашэньне сяброў прэзыдыюму працягнуць сваё паседжаньне 6 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG