Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 жніўня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Усясьветны банк не зьбіраецца дыктаваць Беларусі, якога эканамічнага курсу ёй трэба прытрымлівацца. Аднак, у залежнасьці ад гэтага курсу ейныя ўлады могуць спадзявацца на фінансавую дапамогу Банку або не разьлічваць на яе. Такую пэрспэктыву супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам намаляваў сёньня новы кіраўнік сталага прадстаўніцтва гэтае міжнароднае арганізацыі ў Беларусі Сяргей Кулік.

Сяргей Кулік быў прызначаны сталым прадстаўніком Усясьветнага банку ў Беларусі ў чэрвені гэтага году. Гэтае прызначэньне сталася наступствам перагляду Банкам сваёй пазыцыі да пэрспэктываў супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам. У 1998 годзе вашынгтонскае кіраўніцтва гэтае арганізацыі вырашыла зьнізіць статус свайго прадстаўніцтва ў Беларусі ды адклікала ў амэрыканскую штаб-кватэру папярэдніка спадара Куліка.

Сёлета Ўсясьветны банк нечакана зьмяніў сваё леташняе рашэньне. Як вынікае з тлумачэньняў чыноўнікаў гэтае арганізацыі, мінулагодні крок ейных кіраўнікоў нельга разглядаць як памылковы ва ўзаемадачыненьнях зь Беларусьсю. Рэч у тым, што Ўсясьветны банк у апошні час у глябальным сэнсе пераасэнсаваў сваю палітыку з краінамі так званага "пераходнага пэрыяду". І прышоў да высновы, што пэрыяд іхнага рэфармаваньня ў сапраўднасьці зойме болей часу, чымся гэта ўяўлялася калькі гадоў таму.

Такім чынам, аднаўленьне статусу сталага прадстаўніка Банку ў Беларусі палягае ў рэчышчы зьменаў ягонае агульнае стратэгіі. Пры гэтым, паводле словаў Сяргея Куліка, уплывовая фінансавая структура зусім не зьбіраецца пераглядаць фундамантальныя прынцыпы сваіх узаемадачыненьняў з краінамі, якія зьбіраюцца будаваць рынкавую эканоміку. У тым ліку — і зь Беларусьсю, — дадаў спадар Кулік.

Новы кіраўнік прадстаўніцтва Усясьветнага банку ўжо азнаёміў з базавымі прынцыпамі ягонае фінансавае палітыкі шэраг кіраўнікоў Беларусі. У прыватнасьці, на гэтым тыдні спадар Кулік сустракаўся з Сяргеем Лінгам, якому паведаміў аб сваім бачаньні шляхоў паляпшэньня супрацоўніцтва бакоў.

Між іншым, Сяргей Кулік выказаў сваё расчараваньне справаздачаю аб гэтай сустрэчы беларускае дзяржаўнае тэлевізыі. На ягоную думку, афіцыйныя тэлежурналісты згаданую справаздачу падалі ў аднабаковым выглядзе. Таму на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі сталы прадстаўнік Усясьветнага банку спыніўся на падрабязнасьцях свайго спатканьня зь Лінгам. У прыватнасьці, беларускаму прэм'еру было паведамлена, што без лібэралізацыі валютнага курсу й мэханізму цэнаўтварэньня Ўсясьветны банк ня зможа перайсці да буйнамаштабнага фінансавага супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам.

Рэч у тым, што захаваньне гэтых умоваў выклікана не бяздумнай цьвёрдасьцю банкаўскіх чыноўнікаў, а багатым эканамічным досьведам міжнароднае фінансавае арганізацыі. Спасылка Сяргея Лінга на ўнікальнасьць Беларусі, як вынікае з тлумачэньня спадара Куліка, зусім не арыгінальная. Усе краіны, — сказаў прадстаўнік Усясьветнага банку, — унікальныя, але дзеяньні эканамічных законаў маюць у іх агульныя наступствы. Прыкладам, бяз той жа лібэралізацыі валютнае або цэнавае палітыкі нельга пабудаваць рынкавую эканоміку.

На сустрэчы зь Сяргеем Лінгам апошняму было таксама паведамлена, што паводле меркаваньняў экспэртаў Усясьветнага банку, сур'ёзных карэктываў у Беларусі патрабуе палітыка прыватызацыі, палітыка занятасьці насельніцтва й нават сацыяльная палітыка. Як вядома, беларускія ўлады ганарацца сваімі сацыяльнымі дасягненьнямі, але, як зазначыў Сяргей Кулік, іх аналіз спэцыялістамі Банку сьведчыць аб вялікіх эканамічных выдатках дзяржавы на сацыяльныя праграмы. Прычым, выдатках нерацыянальных і неабгрунтаваных.

Паводле словаў спадара Куліка, Усясьветны банк па-ранейшаму трымае свае дзьверы адчыненымі дзеля супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Іншая справа, ці зьявіцца нарэшце ў ейных уладаў палітычная воля да такога супрацоўніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG