Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 ліпеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Гісторыя з "бэнзынавым голадам" паказала, што беларуская ўлада вымушаная была, хоць часткова, але адступіць ад сваіх звыклых адміністрацыйных мэтодаў. Жорсткі паліўны крызыс змусіў улады лібэралізаваць рынак нафты й нафтапрадуктаў. Пагроза Аляксандра Лукашэнкі ўзяць пад дзяржаўнае кіраваньне прыватныя запраўныя станцыі наўрад ці будзе зрэалізаваная.

Першыя вонкавыя прыкметы паліўнага крызысу зьявіліся ў Беларусі напачатку лета. Да запраўных станцыяў выстраіліся бясконцыя чэргі. Забуяў чорны рынак паліва. За паўтары месяцы кошт бэнзыну вырас у паўтары разы, але нават гэта не зьняло вастрыню крызысу.

Вельмі характэрна, што паліва цалкам зьнікла на прыватных "запраўках". Дзяржаўным АЗС можна загадаць гандляваць. Прыватныя "запраўкі" ніколі ня будуць гандляваць са стратаю для сябе. Да таго ж маюць мейсца інфляцыйныя чаканьні. Кошты на паліва мкліва растуць і ў Расеі, і ва Ўкраіне.

У савецкія часы напярэдадні істотных падвышэньняў коштаў тавары таксама зьнікалі з продажу. Аляксандар Лукашэнка абяцаў вярнуць сацыялістычны рай і дасягнуў у гэтым кірунку істотных посьпехаў. Але рай вярнуўся з усімі ягонымі пякельнымі наступствамі. У прыватнасьці, з дэфіцытамі. Прычым чэргі каля запраўных станцыяў — гэта толькі вонкавая праява крызысу, відавочная і для сялянаў, і для гараджанаў. А вось катастрафічны недахоп паліва на пасяўную — рэч менш відавочная, але, магчыма, больш важная.

Сучасная беларуская ўлада супраць усіх эканамічных хваробаў скарыстоўвае унівэрсальны рэцэпт — узмацненьне дзяржаўнага рэгуляваньня. Але ў гэтым выпадку такія лекі не дапамагаюць — свайго паліва ў Беларусі няма, а тых жа расейцаў везьці яго сюды не прымусіш.

На мінулым тыдні пад час сэлектарнай нарады "прэзыдэнт" загадаў кіраўніцтву дзяржаўных менскіх "заправак" узяць пад кантроль прыватныя АЗС. Лукашэнка папярэдзіў, што калі на прыватных "запраўках" ня зьявіцца паліва, яны будуць нацыяналізаваны, але варта адзначыць, што кіраўніцтва "Менскаблаўтазапраўкі" ня стала сьпяшацца выконваць загад. Кіраўнік гэтага прадпрыемства заявіў беларускай тэлевізыі, што ня будзе чапаць сваіх калегаў-прыватнікаў, пакуль ня будзе адпаведнага нарматыўнага акту.

Стрыманасьць чыноўніка зразумелая — значная частка прыватных "заправак" у Беларусі юрыдычна ці фактычна ўжо належыць расейскаму капіталу, а гэта публіка сур'ёзная. Яна мае звычку абараняць сваю ўласнасьць усімі сродкамі. А служба бясьпекі ў Беларусі толькі ў "прэзыдэнта" ёсьць.

Зразумела, Лукашэнка мог бы выдаць дэкрэт аб дзяржаўным кантролі над прыватнымі "запраўкамі". Але, відаць, на гэты раз людзі зь ягонага атачэньня здолелі пераканаць шэфа, што лепей карыстаць ня бізун, а пернік.

І пернік зьявіўся ў выглядзе ўказу № 404 ад 23 ліпеня, які дазволіў замежным фірмам прадаваць у Беларусі нафтапрадукты без стварэньня прадстаўніцтваў. У разьвіцьцё ўказу ўрад часова дазволіў увозіць нафтапрадукты ў Беларусь бяз выплаты мыты й падатку на даданую вартасьць. Больш за тое, пастановаю ўраду (зноў такі — часова) адменена ліцэнзаваньне на гуртовы продаж нафтапрадуктаў у межах краіны.

Нагадаем, што жорсткі кантроль над рынкам нафтапрадуктаў быў усталяваны у Беларусі адным зь першых указаў Лукашэнкі яшчэ ў 94-м годзе, неўзабаве пасьля ягонага прыходу да ўлады. З тае пары колькасьць абмежаваньняў толькі падвышалася. Дэкляравалася, што такім чынам дзяржава адсякае жулікаў.

Як там атрымалася з жулікамі — невядома. Але вось паўстаў сур'ёзны крызыс і высьветлілася, што рэгуляваць амаль няма што — не вязуць у Беларусь нафту а ні чэсныя, а ні жулікі. І толькі крызыс змусіў уладу адмовіцца да сваіх звычак і забабонаў, і даць эканоміцы крышачку свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG