Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 траўня 1999 г.


Ірына Курапаткіна, Вашынгтон

Прыкладна 10 месяцаў таму ў выніку «драздоўскага скандалу» амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Дэніэл Спэкхард быў адкліканы для кансультацыяў у Вашынгтон. Афіцыйныя дачыненьні паміж ЗША і Рэспублікай Беларусь за гэты час не пагоршыліся, бо складана пагоршыць тое, што амаль не існуе.

Так званая «палітыка выбраных кантактаў», амаль поўная адсутнасьць эканамічнага супрацоўніцтва і нявырашанае пытаньне з рэзыдэнцыяй амбасадара — у такім стане знаходзіліся стасункі паміж ЗША і Рэспублікай Беларусь на момант часовага візыту ў краіну Дэніэла Спэкхарда. Візыт, як вядома, адбыўся на пачатку траўня. Гаворыць амбасадар ЗША ў Беларусі Дэніэл Спэкхард:

(Спэкхард:) «Мой візыт меў тры задачы. Першая — упэўніцца, што беларускі народ ведае, што мы не забыліся пра Беларусь, што Злучаныя Штаты па-ранейшаму цікавяцца Беларусьсю і тым, у якім накірунку будзе разьвівацца гэтая краіна ў будучыні. Другая мэта майго візыту — пагутарыць з прадстаўнікамі беларускага кіраўніцтва, лідэрамі апазыцыі, групай АБСЭ, амбасадарамі іншых краінаў пра цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі, а таксама выказаць нашую працяглую заклапочанасьць станам правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Трэцяя задача — заахвочваньне дыялёгу паміж уладамі Беларусі і апазыцыяй як варыянт выхаду з палітычнага тупіку, у якім апынулася краіна».

Нагадаю, што візыт Дэніэла Спэкхарда супаў у часе з актыўнай падрыхтоўчай працай у правядзеньні альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. Як паведаміў сп. амбасадар, пытаньне выбараў абмяркоўвалася ў часе яго шматлікіх сустрэчаў. Цяпер вядомыя вынікі гэтых выбараў. Паведамлялася і пра афіцыйнае стаўленьне Вашынгтону што да вынікаў прэзыдэнцкай кампаніі, пра якое яшчэ раз нагадаў у часе нашай гутаркі Дэніэл Спэкхард.

(Спэкхард:) «Мы разглядаем гэтыя выбары як спробу апазыцыі распачаць палітычны дыялёг з народам Беларусі, выказаць свае палітычныя погляды і меркаваньні, як спробу чарговым разам узьняць праблему адсутнасьці згоднага прыняцьця беларускім грамадзтвам палітычнага рэжыму, што сфармаваўся пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году, і я думаю, што гэтая ініцыятыва таксама падкрэсьлівае, што ўраду неабходна зьвярнуцца да гэтай праблемы і адшукаць выйсьце з крызысу — пажадана шляхам дыялёгу».

Амбасадар ЗША ў Беларусі лічыць, што ў беларускага кіраўніцтва яшчэ ёсьць час да 20 ліпеня, каб ініцыяваць дыялёг з апазыцыяй, вызначыць шлях наперад, які будзе разглядацца міжнароднай супольнасьцю як рашучасьць беларускага кіраўніцтва ў пераадоленьні канстытуцыйнага крызысу.

У мінулую сераду ў Вашынгтоне прайшла сустрэча афіцыйных асобаў ЗША з амбасадарам Беларусі ў ЗША Валерыем Цапкалам, які прыбыў у Вашынгтон з часовым візытам. У часе сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні ўзаемадачыненьняў паміж ЗША і Рэспублікай Беларусь, тыя элемэнты палітычнай сытуацыі ў Беларусі, што выклікаюць асаблівую занепакоенасьць Злучаных Штатаў, а таксама «драздоўскае пытаньне», ад вырашэньня якога напрасткі залежыць вяртаньне амбасадара ЗША Дэніэла Спэкхарда ў Менск.

(Спэкхард:) «Вырашэньне «драздоўскай праблемы» складаецца зь дзьвюх частак. Першая — вызначыцца з новай рэзыдэнцыяй для амбасадара, і мы старанна працуем над гэтым. Мы ўжо адабралі некалькі магчымых месцаў, якія цяпер разглядаюцца. Другая частка — жаданьне беларускага ўраду выплаціць кампэнсацыю амэрыкансакму ўраду — кошт страчаных укладаньняў у рэзыдэнцыю ў Драздах, а таксама страты, зьвязаныя з высяленьнем. Я магу паведаміць, што з нашага боку мы рухаемся вельмі хутка, а як хутка адгукнецца беларускае кіраўніцтва на нашыя патрабаваньні кампэнсацыі — сказаць цяжка. Маё вяртаньне залежыць ад таго, як хутка беларускае кіраўніцтва здолее вызначыцца з выкананьнем сваіх абавязаньняў у справе кампэнсацыі».

Дэніэл Спэкхард таксама зазначыў, што спадзяецца на пасьпяховасьць перамоваў. Я запыталася ў сп. Спэкхарда — вырашэньнем якіх пытаньняў ён плянуе заняцца пасьля свайго вяртаньня ў Беларусь.

(Спэкхард:) «Я думаю, што самым актуальным пытаньнем у беларускім грамадзтве сёньня зьяўляецца ўзмацненьне дэмакратычных інстытутаў, працэсаў, а таксама правоў чалавека ў краіне. Таму, калі я вярнуся, я спадзяюся на цеснае супрацоўніцтва і з урадам Беларусі, і з апазыцыяй, недзяржаўнымі арганізацыямі і грамадзянамі Беларусі — каб забясьпечыць падтрымку іхным намаганьням, скіраваным на разьвіцьцё дэмакратычных працэсаў у вашай краіне. Я разьлічваю на супольную працу з рознымі групамі — улучна з урадам Беларусі — каб дасягнуць гэтай мэты».

Дэніэл Спэкхард асобна спыніўся на чарнобыльскай праблеме, якую лічыць вельмі актуальнай, і зазначыў, што будзе вельмі актыўна працаваць у забесьпячэньні падтрымкі Беларусі ў змаганьні з наступствамі чарнобыльскай катастрофы.

Пасьля тыднёвага візыту ў Беларусь сп. Спэкхард таксама наведаў некаторыя эўрапейскія краіны, дзе меў сустрэчы, у часе якіх абмяркоўвалася беларускае пытаньне. Сп. амбасадар паведаміў пра блізкасьць пазыцыяў ЗША і краінаў Эўразьвязу ў вызначэньні сытуацыі ў Беларусі. Паводле Дэніэла Спэкхарда, розныя краіны прапануюць розны мэханізм вяртаньня Беларусі на шлях дэмакратыі, аднак мэта агульная — дэмакратычная, адкрытая, заможная Беларусь. Працягвае амбасадар Дэніэл Спэкхард:

(Спэкхард:) «Я думаю, што станоўчы момант для Беларусі ў тым, што Эўрапейскі Зьвяз і ЗША па-ранейшаму адкрытыя і гатовыя да супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі — супрацоўніцтва, якое ўключае гандаль, інвэстыцыі і шмат эканамічнай карысьці. Гэтыя дзьверы па-ранейшаму адчыненыя, аднак каб Беларусь магла ўвайсьці ў гэтыя дачыненьні, яна павінна выконваць міжнародныя абавязаньні — тыя самыя, у адпаведнасьці зь якімі існуюць ЗША і Эўразьвяз, краіны АБСЭ. У тым, як мы ажыцьцяўляем кіраваньне дэмакратычнымі інстытутамі і працэсамі ў нашых краінах і як мы паважаем правы чалавека. Я спадзяюся, што Беларусь прадэманструе прагрэс у гэтых пытаньнях, што прывядзе да больш блізкіх дачыненьняў паміж нашымі краінамі, аднак шмат залежыць ад самой Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG