Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 траўня 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Выказваньні кіраўніка рабочай групы парляманцкай асамблеі АБСЭ прымушаюць сумнявацца ў наяўнасьці пасьлядоўнай канцэпцыі ўплыву эўрапэйскіх краінаў на дэмакратычныя працэсы ў Беларусі. Камэнтар Сяргея Навумчыка.

Апазыцыйныя сілы Беларусі, як вядома, па рознаму ацэньваюць мінулую прэзыдэнцкую выбарчую кампанію. Для адных гэта - праект Крамля, накіраваны на стварэньне прамаскоўскай апазыцыі Лукашэнку, для другіх – спроба вывесьці грамадзтва з палітычнай апатыі. Пры ўсім гэтым застаецца фактам, што выбары запатрабавалі ад вядучых апазыцыйных сілаў максымальнай мабілізацыі партыйных структураў, а ад актывістаў– асабістай мужнасьці.

Дзіўна, канечне, што прадстаўнік АБСЭ лічыць, што ўлады не разгортавалі маштабнай кампаніі супраць апазыцыі – якраз менавіта ў гэтыя месяцы масавыя арышты, допыты і ператрусы дасягнулі апагэю за ўсе пяць гадоў праўленьня Лукашэнкі. Але, нягледзячы на рэпрэсіі, у цэлым апазыцыя выявіла здольнасьць эфэктыўна працаваць у напаўлегальных умовах. А галоўнае – і беларускаму грамадзтву, і сусьвету нагадана пра тое, што 20 ліпеня тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта сканчаецца.

Лягічна пры гэтым, што наступнага кроку апазыцыя чакае ад урадаў тых краінаў, якія лічацца ўзорам дэмакратыі, і грамадзтва якіх найвышэй за ўсё ставіць законнасьціь і Канстытуцыю. Гэтым крокам павінна быць адназначнае непрызнаньне Лукашэнкі ў якасьці легітымнага прэзыдэнта пасьля канстытуцыйнага заканчэньня паўнамоцтваў.

Заява прадстаўніка АБСЭ пра тое, што выбарчая кампанія ёсьць толькі падстава для перамоваў паміж апазыцыяй і Лукашэнкам, выглядае досыць сумнеўна. Неадэкватнасьць гэтай прапановы беларускім рэаліям былы міністар замежных справаў Румыніі спадар Сэвэрын можа лёгка зразумець, калі паспрабуе ўявіць, што ў 1989 годзе нехта прапанаваў бы румынскім дысыдэнтам перамовы з Нікалае Чаўшэску.

Зрэшты, прадстаўнікі АБСЭ на ўласным вопыце апошніх гадоў маглі пераканацца, што пры гатоўнпасьці пэўнай часткі апазыцыі ісьці на дыялёг – Лукашэнка адмаўляецца ад якога б там ні было кантакту з палітычнымі апанэнтамі. Ізноў вяратючыся да ідэі перамоваў паміж апазыцыяй і Лукашэнкам, АБСЭ выяўляе адсутнасьць якой-небудзь пасьлядоўнай канцэпцыі ўплыву на палітычныя працэсы ў Беларусі. Якія, на шчасьце, яшчэ не набылі драматызму, уласьцівага бальканскаму канфлікту.

Канешне, дрэнны мір лепшы за добрую сварку, а перамовы – лепей, чым канфрантацыя.

І таму калі пагадзіцца з тым, што мінулая выбарчая кампанія можа быць штуршком для размовы з Лукашэнкам – дык другім бокам такіх перамоваў павінен зьяўляцца менавіта Захад. Прадмет размовы ў такім разе просты — наступствы спробаў утрымліваць уладу нелегітымным чынам.

Аднак у прыватных размовах некаторыя эўрапейскія лідары не хаваюць, што Захад наўрад ці пойдзе на абвастрэньне ўзамемаадносінаў з Ресеяй, якая пасьлядоўна падтрымлівае Лукашэнку. І тое, штоЗахад – прынамсі, эўрапейскія краіны – не гатовыя на такую ахвяру, - ставіць беларускую дэмакратыю ў яшчэ больш складаную сытуацыю.

Найважнейшы ўрок з гэтага, які апазыцыя можа зрабіць ўжо сёньня – ня надта разьлічваць на вонкавую дапамогу і спадзявацца, найперш, на ўласныя магчымасьці. Тым болей што, як выявіла выбарчая кампанія, магчымасьці гэтыя не такія ўжо і малыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG