Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 красавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Учора ў Беларусь вярнулася з Страсбуру дэлегацыя «нацыянальнага сходу». Сябры дэлегацыі бралі ўдзел у слуханьнях па Беларусі, наладжаных у межах сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.

На слуханьнях адбылася дыскусія паміж прадстаўнікамі «нацыянальнага сходу» і Вярхоўнага Савету. Дэлегацыя на чале зь віцэ-сьпікерам «палаты прадстаўнікоў» Уладзімерам Канаплёвым адзначыла, што дэбаты былі карысныя, але канстатавала, што стаўленьне Рады Эўропы да Беларусі не зьмянілася.

Сёньня сябры дэлегацыі «нацыянальнага сходу» наладзілі прэсавую канфэрэнцыю, каб распавесьці пра свае дыпляматычныя перамогі. Уладзімер Канаплёў паведаміў, што адбыліся сустрэчы дэлегацыі з генэральным сакратаром РЭ сп. Таршысам, з намесьнікам старшыні Парлямэнцкай Асамблеі сп. Дэвісам, кіраўніком Палітычнага Камітэту сп. Руфі і новым справаздаўцам па Беларусі сп. Бэрэнгам.

Паводле Канаплёва, ініцыятыва слуханьняў па Беларусі з удзелам прадстаўнікоў «нацыянальнага сходу» і Вярхоўнага Савету сыходзіла ад Рады Эўропы. У гэтай арганізацыі зьмянілася кіраўніцтва, і новае кіраўніцтва вырашыла вярнуцца да ацэнкі сытуацыі ў краіне. І ў размовах з кіраўнікамі Рады Эўропы, і падчас публічных дэбатаў на паседжаньні Палітычнага Камітэту Парлямэнцкай Асамблеі сп. Канаплёў і ягоныя паплечнікі выкладалі пазыцыю афіцыйных уладаў Беларусі: вынікі рэфэрэндуму 1996 году не падлягаюць перагляду, палітзьняволеных у Беларусі няма — толькі крымінальнікі, у дачыненьні да дэпутатаў Вярхоўнага Савету ніякія рэпрэсіі не ўжываюцца.

Падчас слуханьняў узьнімалася пытаньне і аб стане польскай меншасьці ў Беларусі, у прыватнасьці аб судовым пакараньні лідэра Саюзу Палякаў Беларусі Тадэвуша Гавіна. На гэта дэлегацыя на чале з Канаплёвым заявіла, што сп. Гавін быў пакараны цалкам правільна, бо «заклікаў да стварэньня польскай аўтаноміі, што недапушчальна для ўнітарнай краіны».

Але тэзы, выкладзеныя прадстаўнікамі «нацыянальнага сходу», рашуча аспрэчваліся іхнымі апанэнтамі з дэлегацыі Вярхоўнага Савету. Асаблівае раздражненьне Канаплёва і ягоных калегаў выклікалі выступы Анатоля Лябедзькі. Для характарыстыкі іх сябры дэлегацыі «нацыянальнага сходу» не шкадавалі эпітэтаў — «ілжывыя, канфрантацыйныя, правакацыйныя». Але сп. Канаплёў прызнаў, што большасьць сяброў Палітычнага Камітэту была на баку Вярхоўнага Савету. Асабліва непрыемныя пытаньні задавалі дэпутаты ад Украіны Аляксандар Емец і ад Польшчы Мар'ян Кшаклеўскі. На карысьць Лукашэнкавых дэпутатаў выступалі і задавалі пытаньні толькі прадстаўнікі Расеі.

Тым ня менш сябры «нацыянальнага сходу» казалі на прэсавай канфэрэнцыі, што засталіся задаволеныя і размовамі, і дыскусіяй, што адбылася ў Страсбуры. На думку Канаплёва, Эўропу ўжо не цікавіць ані канстытуцыйны рэфэрэндум 1996 году, ані альтэрнатыўныя выбары прэзыдэнта, прызначаныя на 16 траўня. Паводле віцэ-сьпікера «палаты прадстаўнікоў», ёсьць зацікаўленасьць з боку Эўропы ў тым, каб парлямэнцкія выбары ў «палату прадстаўнікоў» у 2000 годзе прайшлі паводле эўрапейскіх стандартаў.

Я спытаўся ў сп. Канаплёва — які ж быў вынік візыту дэлегацыі «нацыянальнага сходу», ці наблізіў ён час уступленьня Беларусі ў Раду Эўропы? На гэта кіраўнік дэлегацыі адказаў, што Рада Эўропы застаецца пры сваім меркаваньні і захоўвае ранейшую пазыцыю. У сьвятле такога адказу радасьць сяброў дэлегацыі выглядае даволі дзіўнай. Як бачым, іхныя аргумэнты і доказы не зрабілі на прадстаўнікоў Рады Эўропы ніякага ўражаньня. Можа, радасьць была выкліканая толькі тым, што давялося зьязьдзіць у Эўропу — ня вельмі ж часта даводзіцца.

Дарэчы, сёньня правёў прэсавую канфэрэнцыю па выніках візыту ў Страсбур і Анатоль Лябедзька. Ён сказаў, што каманда Канаплёва ня столькі перашкаджала, колькі дапамагала дэлегацыі Вярхоўнага Савету, за што ён, Лябедзька, хоча накіраваць падзяку прэзыдэнту. Паводле Лябедзькі, калі прадстаўнікі «нацыянальнага сходу» заяўлялі, што «славянам няма дзе разгарнуцца ў Эўропе», што «ядзерную зброю дарма вывезьлі зь Беларусі» і да т.п., эўрапейцам ужо ўсё было зразумела.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG