Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 1999 г.


У Прагу вярнуўся адзін з замежных удзельнікаў Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі, сябра фундацыі «Чалавек у бядзе», створанай пры Чэскай Тэлевізіі, Філіп Посьпішыл. Учора у газэце "Lidove Noviny" зьявіліся ягоныя рэпартаж, інтэрвію з прэсавым сакратаром «Хартыі 97» Зьміцерам Бандарэнкам і некалькі фотаздымкаў. Алена Ціхановіч сустрэлася з аўтарам, чэскім журналістам Філіпам Посьпішылам і папрасіла яго падзяліцца сьвежымі ўражаннямі ад паездкі ў Беларусь.

(Посьпішыл:) «Пра сытуацыю ў Беларусі я ведаў у асноўным зь інфармацыйных крыніцаў. І таму, выпраўляючыся туды, меў адчуванне, што еду ў краіну, пра якую гавораць як пра апошнюю таталітарную краіну Эўропы. Мае прадчуваньні грунтаваліся на маіх уласных успамінах пра той лад, які быў у Чэхаславаччыне да лістападу 1989 году. Але сытуацыя ў сучаснай Беларусі шмат у чым адрозьніваецца . Так, для мяне гэта падарожжа прынесла некалькі нечаканых адкрыцьцяў. Першае - гэта сам той факт, што, у адрозьненьне ад ранейшай Чэхаславаччыны, зь Беларусі можна выехаць у любую краіну - калі, зразумела, чалавек мае грошы. Можна ўвогуле свабодна ехаць за мяжу. Другая нечаканасьць - гэта стаўленьне ўраду і міліцыі да ўдзельнікаў Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў і дэманстрантаў. Як я змог асабіста пераканацца, беларускі рэжым апошнім часам у нечым зьмяняе тактыку адносна апазыцыйных дэманстрацыяў: цяпер ужо міліцыя не дазваляе сабе адкрытага гвалту ў часе правядзеньня гэтых акцыяў. Так, падчас дэманстрацыі я быў зьдзіўлены, што міліцыі там ня так і шмат. Але, безумоўна, у параўнаньні з Чэскай Рэспублікай супрацоўнікаў сілаў бясьпекі там больш, і галоўнае, што так дэпрэсіўна ўзьдзейнічае - гэта іх маскіровачныя уніформы.

(Ціхановіч:) Наколькі, на ваш погляд, кангрэс выканаў пастаўленую перад ім задачу - аб'яднаньня дэмакратычных сілаў?

(Посьпішыл:) «У некаторыя моманты, асабліва па сканчэньні выступаў розных дэлегатаў, пры авацыях, па рэакцыі ўдзельнікаў, я меў сапраўды інтэнсіўнае адчуваньне іх паяднанасьці, узаемадалучанасьці. На жаль, што да канкрэтных вынікаў і канкрэтных захадаў - то , наадварот, ня меў адчуваньня, што кагрэс дасягнуў такога адзінства. Мне падалося, што адзінства дэлегатаў было ў стаўленьні да рэжыму, але, на жаль, ня ў тым, што датычыць тактыкі і стратэгіі іх далейшых захадаў.

(Ціхановіч:) Хто зь лідэраў апазіцыі здаўся вам найбольш харызматычным?

(Посьпішыл:) «З тых 700 дэлегатаў мне ўдалося асобна пагутарыць зь нямногімі. Гэта у асноўным сябры «Хартыі-97». І мушу сказаць, што менавіта асобы з гэтага кола мне здаліся даволі харызматычнымі. І ня толькі мне. Напрыклад, выступленьне Юрыя Хашчавацкага на кангрэсе сустрэла самы гарачы прыём і вельмі ўразіла і дэлегатаў, і на мяне пакінула вельмі добрае уражаньне.

(Ціхановіч:) Ці спрабавалі вы навязаць журналісцкія кантакты зь людзьмі па-за межамі кангрэсу? Калі так, якое ўражаньне робяць астанія беларусы?

(Посьпішыл:) «Для мяне гэта таксама было досыць нечакана. Можа, гэта зьвязана з тым, што мы усё такі замежныя журналісты і гэта было зразумела з нашай вельмі дрэннай расейскай мовы. Але калі дзе-небудзь нам даводзілася быць зь людзьмі бязь сьедкаў, у нейкім асобным памяшканні, ці ў таксі - то яны выказваліся вельмі адкрыта, адкрыта крытыкавалі сытуацыю ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG