Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 студзеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Пасланьне польскага Сойму да беларускага народу выклікала нэгатыўную рэакцыю з боку як уладаў, так і афіцыйных СМІ Беларусі. Разам з тым, сярод беларускіх парлямэнтароў заява польскіх калегаў успрынятая як вельмі своечасовая. Дэпутат Вярхоўнага Савету XIII скліканьня Анатоль Лябедзька, у прыватнасьці, выказаў меркаваньне, што польскі Сойм тым самым выступіў у падтрымку сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі.

Як вядома, польскія заканадаўцы ў Сойме й Сэнаце ніколі не парывалі кантактаў з дэпутатамі Вярхоўнага Савету як легітымнага органу ўлады. Летась, напрыклад, адбыўся афіцыйны візыт у Варшаву беларускіх парлямэнтароў на чале са сьпікерам Сямёнам Шарэцкім. Была створаная й працуе беларуска-польская рабочая група з мэтай міжпарямэнцкага супрацоўніцтва. Як паведаміў Анатоль Лябедзька, на гэты год заплянаваныя яшчэ дзьве сустрэчы з польскімі калегамі – ў Менску й Варшаве.

Не даводзіцца сумнявацца, што ў польскім парлямэнце добра ведаюць пра сытуацыю ў суседняй краіне, у тым ліку пра сытуацыю з палітычнымі і грамадзянскімі правамі. Тым ня менш, узьнікае пытаньне, чаму менавіта зараз было прынятае пасланьне да беларускага народу. Вось думка дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі Анатоля Лябедзькі:

(Лябедзька:) " Чаму зараз і чаму менавіта Польшча?.. Трэба зыходзіць з таго, што мы суседзі з Польшчай, і нас зьвязвае ня толькі мінулае, але й будучыня. І я думаю, што гэта рэакцыя на тую палітыку, зьнешнюю і ўнутраную, якую праводзяць беларускія ўлады пасьля лістапада 1996 году. Я думаю, дадатковы тут імпульс прыдала і вось гэтая інтэграцыйная атака, якую прадпрыняў беларускі прэзыдэнт. Яна пагражае для Беларусі, для яе сувэрэнітэту і для яе дзяржаўнасьці. Натуральна адпавядае інтарэсам Польшчы мець незалежную, сувэрэнную, прагназуемую, дэмакратычную Беларусь, якая інтэгруецца ў Эўропу. Гэта адпавядае інтарэсам Польшчы і польскага народу.

Як гэта ні дзіўна, польскія парлямэнтары больш дбаюць пра інтарэс беларускага народу, чым прэзыдэнт. Яны заклікаюць Беларусь быць дэмакратычнай, сувэрэннай, незалежнай і свабоднай. А беларускі прэзыдэнт прапануе стварыць новую імпэрыю, правесьці новы водападзел, пабудаваць новую бэрлінскую сьцяну на мяжы паміж Польшчай і Беларусьсю".

Зьвяртае на сябе ўвагу даволі нязвыклы, можна сказаць, стрыманы тон заявы беларускага МЗС. Хоць у заяве гаворыцца пра недружалюбны характар кроку польскага Сойму, зьнешнепалітычнае ведамства на словах выказвае гатовасьць да канструктыўнага дыялёгу з Польшчай. Ці азначае гэта, што Міністэрства Замежных Справаў спрабуе праводзіць нейкую новую палітыку? Вось як адказаў на гэтае пытаньне Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька:) "Пра палітыку МЗС, як і якой іншай установы, гаварыць вельмі складана. На мой погляд, у нас існуе толькі адна палітыка – палітыка прэзыдэнта Лукашэнкі. Багата прыкладаў, калі пра дзейнасьць таго ці іншага міністэрства самі супрацоўнікі даведваліся праз сродкі масавай інфармацыі. Мне бачыцца, што на сёньняшні дзень існуе стратэгічная мэта – беларускі прэзыдэнт робіць апошнюю імпульсіўную спробу выйсьці на палітычную прастору Расеі. І ўсе рэсурсы, усе сілы скіраваныя на выкананьне гэтай мэты. Змагацца на двух франтах – на ўсходнім і заходнім – гэта вельмі складана, цяжка. Таму я думаю, што ўсё-ткі беларускі прэзыдэнт вырашыў сканцэнтраваць свае намаганьні на ўсходнім фронце і менш ускладняць адносіны з заходнім, каб ня траціць дадатковыя рэсурсы. Гэтым і тлумачыцца даволі мяккая заява беларускага МЗС".

(Тарас:) Ваш прагноз – ці ня можна чакаць падобнай заявы, як польскі Сойм зрабіў, ад Літоўскага Сойму?

(Лябедзька:) " Гэта цалкам верагодна. Таму што ў нас напрыканцы мінулага году адбыўся афіцыфйны візыт таксама ў Вільню на запрашэньне кіраўніка Сойму Літвы сп. Ландсбергіса. Мы разглядалі шэраг праблемаў. І я зьвярнуў бы ўвагу на такую акалічнасьць. Што сёньня літоўскія палітыкі і наогул Літва вельмі моцна арыентуюцца на Польшчу. Польскі фактар, уплыў у Эўропе сёньня імкнуцца скарыстаць і літоўцы, і тыя ж украінцы. Яны разглядаюцць Польшчу як нейкі лякаматыў, да якога можна прычапіцца і таксама інтэгравацца ў эўрапейскую прастору. Мы на вялікі жаль тут робім іншую справу. Я думаю, цалкам верагодна, што і Літва можа прыняць падобную заяву – можа, больш стрыманую, таму што ў Літве ёсьць шэраг нявырашаных пытаньняў на міждзяржаўным узроўні".

Анатоль Лябедзька падкрэсьліў у размове таксама той факт, што парлямэнтары як правіла займаюць больш незалежную і адкрытыю пазыцыю, асабліва ў міжнародных пытаньнях, чымся прадстаўнікі выканаўчай улады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG