Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 студзеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Неўзабаве ў Беларусі пачнецца перарэгістрацыя палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Інфармацыю пра гэта, якая зьявілася ўжо даўно, фактычна пацьвердзілі сёньня ў Міністэрстве Юстыцыі. Хоць для перарэгістрацыі ёсьць пэўныя фармальныя падставы, у саміх партыях выказваецца меркаваньне наконт палітычных мэтаў гэткай акцыі.

Газэта «Советская Белоруссия» з спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміла сёньня аб верагоднасьці перарэгістрацыі партыяў і грамадзкіх арганізацыяў яшчэ да выбараў у мясцовыя органы ўлады.

Начальнік Упраўленьня грамадзкіх арганізацыяў Міністэрства Юстыцыі Беларусі Міхаіл Сухінін у тэлефоннай размове з карэспандэнтам Радыё Свабода адмовіўся афіцыйна пацьвердзіць альбо абвергнуць гэтую інфармацыю, але пры гэтым ён усё ж прызнаў, што, паводле ягоных зьвестак, дакумэнт наконт перарэгістрацыі рыхтуецца і можа зьявіцца ўжо неўзабаве.

Між тым шэраг палітычных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў сёлета ўжо атрымалі паперы зь МінЮсту за подпісам Сухініна з просьбай падаць зьвесткі аб структуры й колькасьці сяброў арганізацыі. Зрэшты, гэта звычайная фармальная працэдура, якая выконваецца штогод. За апазыцыйнымі партыямі й рухамі аднак МінЮст сочыць асабліва пільна. Пра гэта сьведчаць, напрыклад, леташнія папярэджаньні на адрас Беларускага Народнага Фронту.

Вось што сказаў у інтэрвію нашай радыёстанцыі сакратар Управы БНФ Аляксей Крыварот:

(Крыварот:) «Мы валодалі інфармацыяй, што рыхтуецца перарэгістрацыя. Гэтая інфармацыя ў друку зьяўлялася яшчэ напрыканцы мінулага году. Нас, дарэчы, гэтае пытаньне ня вельмі хвалюе, мы практычна да гэтага падрыхтаваныя. Тыя папярэджаньні, якія былі на адрас Сойму Партыі БНФ, датычылі выкарыстаньня пячаткі, выкарыстаньня сымболікі, а таксама некаторых публікацыяў у прэсе, дзе ня поўнасьцю згадвалася абрэвіятура як «Беларускага Народнага Фронту Адраджэньне», так і «Партыі Беларускага Народнага Фронту». Што да структурных зьвестак, дык мы рэгулярна гэтыя зьвесткі падавалі».

(Тарас:) На Вашую думку, з чым зьвязаная гэтая перарэгістрацыя? Ці мае яна палітычны падтэкст?

(Крыварот:) «Я думаю, што на самой справе ёсьць партыі, якія былі ў свой час зарэгістраваныя, але ў прынцыпе яны малаколькасныя і ў іх па Беларусі няма арганізацыйных структураў. Я думаю, што рыхтуецца зьмяншэньне колькасьці палітычных партыяў у Беларусі».

Намесьнік старшыні выканкаму Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Беларусі Міхаіл Пліска ў працэдуры перарэгістрацыі бачыць выразныя палітычныя матывы:

(Пліска:) «Можа й ёсьць рацыя ў тым, што трэба правесьці нейкую перарэгістрацыю, хоць мы як партыя лібэральна-кансэрватыўнага накірунку прытрымваемся таго, што ўсе партыі павінны йснаваць - малыя ці вялікія. Само грамадзтва вырашыць - аддаць за іх галасы ці не аддаць. Таму з гэтага гледзішча мы ня вельмі станоўча ставімся да перарэгістрацыі.

Але мне здаецца, тут галоўная прычына безумоўна палітычная, бо Лукашэнка настойвае на тым, што запрапанаваная ім на рэфэрэндуме «канстытуцыя» цяпер дзейная, і безумоўна яны хочуць прывесьці статутныя дакумэнты ўсіх палітычных партыяў у адпаведнасьць з гэтай «канстытуцыяй». Там, дарэчы, ёсьць запіс, што партыі павінны выконваць дзейнае заканадаўства Беларусі, законы, нарматыўныя акты «і канстытуцыю Рэспублікі Беларусь». Аднак паколькі большасьць партыяў рэгістравалася да 1996 году - перад парлямэнцкімі выбарамі 1995 году - дык безумоўна ў іх той запіс датычыць Канстытуцыі 1994 году. І зараз безумоўна ўзьнікне пытаньне: пры перарэгістрацыі трэба будзе запісваць у статутныя дакумэнты пра «канстытуцыю» 1996 году. Як быць палітычнай партыі, якая не прызнае вынікі «рэфэрэндуму», як між іншым увесь цывілізаваны сьвет? Што рабіць? Я думаю, што тут могуць узьнікнуць пэўныя спрэчкі. Некаторыя партыі могуць проста не прайсьці перарэгістрацыі.

Ходзяць чуткі, што трэба будзе плаціць вялікія грошы за саму працэдуру перарэгістрацыі. На жаль, хоць я й размаўляў на гэтую тэму з сп. Сухінінам, аднак пэўнага адказу не атрымаў».

Дарэчы, Міхаіл Пліска ўваходзіць ва ўправу грамадзкага Фонду Адкрытага Грамадзтва. Менавіта ад імя гэтай арганізацыі падавалася заяўка на правядзеньне канфэрэнцыі з удзелам дэпутатаў Вярхоўнага Савету XIII скліканьня, падчас якой было прынятае рашэньне аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў. Пасьля гэтага некаторыя сябры ўправы фонду выклікаліся ў пракуратуру. Іх, і ў прыватнасьці Міхаіла Пліску, які адмовіўся адказваць на пытаньні пракуратуры, пагражалі прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікі райаддзелу міліцыі, а старшыні Фонду Адкрытага Грамадзтва сп. Чарнову, паводле словаў сп. Пліскі, у прыватнай размове далі зразумець, што гэтая арганізацыя наўрад ці можа разьлічваць на перарэгістрацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG