Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 студзеня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Беларускія афіцыйныя ўлады напачатку зрабілі выгляд, што яны не заўважаюць падрыхтоўкі да студзеньскай сэсіі Вярхоўнага Савету. І вось за тры дні да яе пачатку яны ўсё ж такі адрэагавалі на спробу легітымнага парлямэнту прызначыць дату чарговых прэзыдэнцкіх выбараў.

У вечаровай праграме Беларускай тэлевізіі "Навіны" 6 студзеня і ўвесь дзень 7 студзеня ў тэлевізіі і ў радыё гучала паведамленьне прэсавай службы пракуратуры Рэспублікі Беларусь. У гэтым дакумэнце гаворыцца пра тое, што апошнім часам некаторыя беларускія сродкі масавай інфармацыі - у прыватнасьці згадваюцца газэты "Навіны" й "Народная Воля" - надрукавалі інфармацыю аб падрыхтоўцы да правядзеньня ў студзені сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня. На гэтай сэсіі, маўляў, плянуецца пачаць працу па арганізацыі выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Таксама паведамляецца аб падрыхтоўцы да Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі, які, як сьцьвярджаецца ў заяве прэсавай службы пракуратуры краіны, "будзе суправаджацца несанкцыянаванымі пікетамі й мітынгамі". У сувязі з гэтым пракуратура Рэспублікі Беларусь заяўляе, што гэтыя дзеяньні супярэчаць канстытуцыі й дзейнаму заканадаўству.

У паведамленьні сьцьвярджаецца таксама, што "такія дзеяньні могуць расцэньвацца ня йнакш як спроба захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, як намер дэстабілізаваць сытуацыю, справакаваць масавыя бясчынствы". У сувязі з гэтым пракуратура папярэджвае, што арганізацыя і ўдзел у падобных дзеяньнях пацягнуць за сабою як крымінальную, так і адміністрацыйную адказнасьць.

Напрыканцы заявы гаворыцца пра тое, што пракуратура заклікае грамадзянаў "не паддавацца на правакацыйныя звароты арганізатараў гэтых мерапрыемстваў, устрымацца ад удзелу ў іхным правядзеньні".

Дэпутаты Вярхоўнага Савету маюць намер паведаміць пра дзеяньні пракуратуры сваім калегам з парлямэнтаў краінаў СНГ, краінаў-суседзяў, а таксама міжнародных парлямэнцкіх арганізацыяў. У прыватнасьці заява прэсавай службы беларускай пракуратуры апэратыўна перакладзеная на ангельскую мову. Гэты дакумэнт і камэнтар да яго легітымнага Вярхоўнага Савету будуць перададзеныя кіраўніцтву Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Чарговая сэсія гэтай уплывовай міжнароднай структуры пачнецца ў Вене 13 студзеня. У ёй будуць удзельнічаць дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі Анатоль Лябедзька і Ўладзімір Нісьцюк.

Паводле словаў Сямёна Шарэцкага, амбасады эўрапейскіх краінаў у Менску з разуменьнем успрымаюць намер Вярхоўнага Савету прызначыць выбары прэзыдэнта Беларусі згодна зь легітымнай Канстытуцыяй 1994 году. Менавіта такое ўражаньне засталося ў сьпікера пасьля таго, як ён наведаў амбасады Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Францыі, Італіі, Польшчы ды іншых краінаў. Адзінае выключэньне складае толькі Расея. Менавіта расейцы хочуць чарговы раз узьняць у Вене пытаньне аб легітымнасьці "палаты прадстаўнікоў". Дарэчы, плянуецца, што дзеля гэтага расейскую дэлегацыю ўзначаліць ня нехта з намесьнікаў сьпікера Дзярждумы, як гэта было раней, а непасрэдна Генадзь Селязьнёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG