Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роля беларускай дыяспары ў сучаснай гісторыі Беларусі і пэрспэктывы яе захаваньня ў сьвеце.


Удзельнічаюць: Янка Запруднік, Хведар Нюнька, Сакрат Яновіч.

(эфір 29.12.2000)

Аўтары і вядучыя: Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш.

(Сурмач: ) “У нашай перадачы, што выходзіць напрыканцы 2000 году, мы таксама паспрабуем асэнсаваць мінулае і зазірнуць у будучыню.
Істотнаю прыкметаю гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя стала зьяўленьне ў ёй новага паняцьця – “беларуская дыяспара”, што абазначае тую частку нацыі, якая жыве ў замежжы. Свае меркаваньні пра ролю беларускай дыяспары, пра далейшае яе захаваньне ў сьвеце выказваюць вядомыя дзеячы беларускага замежжа – Янка Запруднік, Сакрат Яновіч і Хведар Нюнька.

Напачатку я зьвярнулася да Янкі Запрудніка са Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Сп. Янка, як Вы, грамадзкі дзяяч, гісторык, аўтар кнігі “Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях” ацэньваеце ролю беларускай дыяспары ў сучаснай гісторыі Беларусі?”

(Запруднік: ) “Асноўная роля беларускай эміграцыі, я маю на ўвазе заходнюю эміграцыю, палягала, найперш, ў перахоўваньні ідэі незалежнае дэмакратычнае Беларусі, а таксама дакумэнтальнае спадчыны, якая сьведчыла пра змаганьне беларускага народу за сваю дзяржаўнасьць. Важнай была дзейнасьць эміграцыі і ў захаваньні літаратурнай спадчыны тых пісьменьнікаў, якіх савецкая цэнзура забараняла або фальсыфікавала. На эміграцыі таксама было напісана многа твораў беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў. Былі напісаныя і навуковыя працы па гісторыі Беларусі на забароненыя ў савецкія часы тэмы. Увесь гэты ідэйны, дакумэнтальны і культурны набытак пасьля развалу Савецкага Саюзу вярнуўся на Бацькаўшчыну і цяпер працуе на ўмацаваньне беларускай нацыянальнай сьведамасьці і дзеля ўсталяваньня беларускай дэмакратычнай дзяржаўнасьці.

Эміграцыя прапагандавала імя Беларусі ў сьвеце, найперш, у такіх краінах, як Англія, Францыя, Бэльгія, Злучаныя Штаты, Канада, Аўстралія.

Трэба таксама згадаць тую істотную дапамогу, якую дыяспара аказвала ахвярам чарнобыльскай аварыі ў Беларусі.

Матэрыяльна беларускія эмігранты дзе б яны не пасяліліся, здолелі ня толькі ўладзіць сваё жыцьцё, але змаглі забясьпечыць і сваім дзецям, у большасьці, вышэйшую асьвету. Пра што гэта сьведчыць? Гэта сьведчыць пра тое, што дай беларусу магчымасьць працаваць на самога сябе, не абстаўляй яго чыноўнікамі, не душы падаткамі, як гэта робіцца цяпер у Беларусі, дык ён заробіць на сябе, на дзяцей сваіх і на дзяржаву”.

(Сурмач: ) “Як, на Вашую думку, выглядае беларуская дыяспара ў параўнаньні з іншымі?”

(Запруднік: ) “Часамі гавораць, што беларуская эміграцыя слабейшая за эміграцыі іншых народаў. Ну і што! Беларуская эміграцыя меншая, скажам, за польскую ці ўкраінскую. Але і беларускі народ меншы за гэтыя суседнія народы. Безумоўна, нацыянальная сьведамасьць нашых людзей нізкая, але так яно склалося гістарычна. Гістарычныя абставіны ў кожнага народу былі іншыя. Беларускую эміграцыю трэба мераць беларускаю меркаю. Паводле маштабаў беларускага нацыянальнага жыцьця зробленае беларускай эміграцыяй і тое, што робіцца цяпер, выглядае, на маю думку, даволі салідна”.

(Сурмач: ) “Далей мы гутарым з вядомым пісьменьнікам з Беласточчыны Сакратам Яновічам.

Сп. Яновіч, Вы нядаўна выдалі новую кнігу “Наша тысяча гадоў”, дзе закранулі таксама гістарычныя і сучасныя праблемы беларусаў на Беласточчыне. На парозе новага тысячагодзьдзя як Вам асабіста ўяўляюцца пэрспэктывы беларушчыны ў Польшчы?”

(Яновіч: ) “Мне ўяўляецца гэта пэрспэктыва вельмі добраю. Беларусы ў Польшчы жывуць ва ўмовах свабоды, а там дзе свабода, там і выяўляецца ініцыятыва. Чалавек любіць быць ініцыятыўным, любіць нешта рабіць для сябе. Да таго ж беларусы ў Польшчы ня ёсьць эміграцыя, яны жывуць на сваёй зямлі, на сваёй тэрыторыі, якая апынулася ў Польскай дзяржаве. Мы не зьяўляемся меншасьцю, у сябе мы вялікая большасьць.

У нашых тут умовах стварылася поўная структура нацыі, якая павінна быць. Гэта значыць, што мы маем шматлікую інтэлігенцыю, маем шматлікія арганізацыі, маем свой парапатэнцыял. Мы ня вельмі залежныя ад каго-небудзь, бо маем сваю зямлю, свой лёс і сваю гісторыю. У кніжцы, пра якую Вы згадваеце, я аналізую нашу сытуацыю на працягу тысячы гадоў. Гэта якраз ужо ёсьць тысячу гадоў, як мы тут жывём”.

(Сурмач: ) “Сп. Сакрат, але адбываецца натуральная зьмена пакаленьняў, беларуская моладзь у Польшчы асымілюецца. Вось у гэтым кантэксце што б Вы маглі сказаць? Відавочна, што слабеюць гэтыя тысячагадовыя карані”.

(Яновіч: ) “Гэта нам толькі здаецца. Асыміляцыя ёсьць непазьбежная, але яна ня ёсьць пагрозьлівая ва ўмовах сваёй Айчыны, мы не эміграцыя”.

(Сурмач: ) “Сп. Сакрат, беларуская дыяспара ў замежжы – наколькі яна можа ўплываць на лёс самой Бацькаўшчыны-Беларусі?”

(Яновіч: ) “Уплыў эміграцыі на лёс Бацькаўшчыны заўсёды быў і будзе вельмі невялікім таму, што гэта замежжа, гэта адарванасьць. Яе уплыў на разьвіцьцё падзеяў унутры краіны ня можа быць значным. Па гэтай прычыне кожны рэжым, кожная дыктатура намагаецца каб сваіх апанэнтаў, сваю апазыцыю выпхнуць за мяжу, у эміграцыю. Тады няма бяды з такой апазыцыяй, прадстаўнікі якой у эміграцыі, хочуць яны таго ці не, робяцца вельмі маргінальнымі”.

(Сурмач: ) “Трэба разумець, што Вы лічыце, што беларускае замежжа нельга ўсё ж прызнаць паўнацэннай часткаю нацыі?”

(Яновіч: ) “Не, беларуская дыяспара зьяўляецца паўнацэннаю часткаю нацыі таму, што нацыя – гэта паняцьце шырокае, гэта людзі таго самага мэнталітэту, таго самага сьветапогляду, культуры, мовы. Толькі нацыя, на мой погляд, ня можа быць паўнацэнным элемэнтам палітыкі. Але ў сэнсе часткі нацыі дыяспара можа мець і мае, часам, вельмі вялікае значэньне ў справе захаваньня нацыянальнай памяці, нацыянальнай культуры”.

(Сурмач: ) “Аптымістычна на маё пытаньне пра далейшае захаваньне беларускай прысутнасьці ў суседняй Літве адказаў і старшыня Таварыства беларускай культуры зь Вільні сп. Хведар Нюнька.
Для гэтага аптымізму ёсьць падставы. У Літве створана пэўная інфраструктура беларускага жыцьця. Там дзейнічае каля дзесяці беларускіх суполак, у Вільні ёсьць дзіцячы садок, школа, беларускае радыё, газэты.

Аднак, у нашай далейшай размове сп. Хведар адзначыў, што праблема захаваньня беларускасьці сёньня актуальная ня столькі для дыяспары, колькі для самой нашай Бацькаўшчыны. Ён падзяліўся сумнымі ўражаньнямі ад паездкі ў Беларусь”.

(Нюнька: ) “Я нядаўна ўдзельнічаў у Кангрэсе беларусістаў у Менску. Едучы ў вагоне мэтро, поўным людзей, і размаўляючы па-беларуску, пачуў у свой адрас наступнае: “Вам пора в тюрьме сидеть, повылазили здесь”. На гэта хамства шавініста ніхто з людзей не адрэагаваў. Я жыву ў Літве амаль 60 гадоў, але ніколі ня чуў, каб нехта з літоўцаў сказаў абразьліва пра нашую мову ці нацыю. Гэтак можа быць толькі там, дзе існуючы антыбеларускі рэжым падтрымлівае такое стаўленьне”.

(Сурмач: ) “ Сп. Нюнька мае рацыю. Дэнацыяналізаваная краіна-маці ня можа служыць надзейнаю апораю для сваёй дыяспары ў сьвеце. Беларускае замежжа, большая частка якога выступае за незалежнасьць і дэмакратызацыю краіны, мусіць цяпер жыць ня толькі без падтрымкі зь Беларусі, але і адчуваючы варожасьць і перашкоды з боку беларускіх уладаў.

Аднак, нашая дыяспара, згуртаваная за апошняе дзесяцігодзьдзе, мае свой уласны патэнцыял для жыцьця. Можна спадзявацца, што беларуская прысутнасьць у сьвеце захаваецца і надалей. Прынамсі, такую ўпэўненасьць выказалі нашыя суразмоўцы з Польшчы і Літвы, дзе жыве значная частка замежных беларусаў.

Падобна, што нашай дыяспары ў бліжэйшай будучыні давядзецца выконваць тую ж самую ролю, як і папярэдняй заходняй эміграцыі, пра што гаварыў сп. Янка Запруднік. Беларускае замежжа можа зьяўляцца апораю для самой Беларусі ў справе захаваньня нацыянальных ідэалаў”.

Ганна Сурмач, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG