Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які духоўны зьмест розныя цэрквы Беларусі ўкладаюць у юбілей 2000 году?


Удзельнікі: Біскуп-памочнік Гарадзенскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі Антоні Дзямянка, кандыдат багаслоўя, выкладчык Менскай Праваслаўнай Духоўнай сэмінарыі айцец Сергі Гардун і намесьнік епіскапа баптыстаў Беларусі, рэктар менскай баптысцкай сэмінарыі Віктар Круцько. (эфір 25.12.1999).

Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка.

Хрыстос нарадзіўся!
Славім Яго!

Гэтымі словамі, дарагія слухачы, многія з вас прывіталі адно аднаго сёньня ўначы ці ранкам, адзначаючы Каляды – сьвята Нараджэньня Хрыстовага.

1999 год таму ў сям’і цесьляра Язэпа і яго жонкі Марыі нарадзіўся хлопчык, перад якім ужо амаль 2 тысячы гадоў мільярды людзей на зямлі схіляюць калены і галовы. Сёньня ў тое, што Ісус Хрыстос быў сынам Божым, вераць больш за 1 мільярд 700 мільёнах жыхароў плянэты. Хрысьціянская вера зьяўляецц стваральніцай сучаснай чалавечай цывілізацыі. Менавіта хрысьціянскія каштоўнасьці ляжаць у аснове дэмакратыі, якую прызнае большая частка чалавецтва. Аснова сучаснай цывілізацыі – гуманізм, таксама зарадзіўся ў хрысьціянскай Эўропе.

Сёньня ў Беларусі няпростая сытуацыя. Але хочацца верыць, што мінулае начы тысячы нашых суродзічаў сьпявалі незабыўнае “Сьвяты вечар, шчодры вечар” альбо “Хрыстос нарадзіўся, Бог аб’явіўся”, хочацца верыць, што яшчэ недзе па Беларусі ходзяць калядоўшчыкі са зьвяздой, водзяць казу і ўсхваляюць адно з самых радасных і спрадвек шанаваных беларусамі сьвятаў.

Сёлетнія Каляды – незвычайныя. Зь імі чалавецтва ўступае ў юбілейны дзьвюхтысячны год. Каляды наступнага году стануцца дзьвюхтысячагадовым юбілеем Хрыста і Яго веры. Папа Рымскі Ян Павал ІІ абвесьціў увесь наступны год юбілейным.

Сёньня ўначы ў Рыме ў базыліцы Сьвятога Пятра адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця Сьвятой Брамы, якое здзейсьніў Ян Павал ІІ. Гэтая цырымонія і сымбалізавала адкрыцьцё юбілейных урачыстасьцяў, якія будуць працягвацца цэлы наступны год. Цырымонію адкрыцьця юбілею назіралі на плошчы перад саборам каля 50 тысяч чалавек, а транслявалася яна ў простым эфіры на 58 краінаў сьвету.

Пад час усяночнай службы ў Саборы Сьвятога Пятра, калі пэўныя фрагмэнты набажэнства чыталіся на пяці мовах, якія сымбалізавалі пяць кантынэнтаў, дзе распаўсюджана хрысьціянства, Эўропу прадстаўляла расейская мова. У такі спосаб Ян Павал ІІ прадэманстраваў сваю асаблівую ўвагу і прыхільнасьць да праваслаўных братоў па веры. Дарэчы, значная частка праваслаўных плянэты, у тым ліку і Канстантынопальскі патрыярхат, адзначаюць Каляды сёньня, паводле новага календару.

І вось улічваючы тое, што сёньняшнія Каляды адкрываюць юбілейны год, мы вырашылі і сёньняшні выпуск “Сымбалю Веры” прысьвяціць юбілейнай тэматыцы.

Я зьвярнуўся да прадстаўнікоў трох беларускіх хрысьціянскіх цэркваў з просьбай расказаць, які духоўны зьмест яны ўкладаюць у адзначэньне 2000-гадовага юбілею Нараджэньня Хрыстовага.

Першым на мае пытаньні адказвае намесьнік епіскапа баптыстаў Беларусі, рэктар Менскай баптысцкай сэмінарыі Віктар Круцько.

(Абламейка: ) “Што для баптыстаў Беларусі азначае юбілей 2000-га году, яго духоўнае значэньне для вас?”

(Круцько: ) “Духоўнае значэньне юбілею для нас вось у чым заключаецца: мы зхочам, каб гэты юбілей прайшоў зь Юбілярам. А юбіляр – Ісус Хрыстос.

Таму дохоўнае значэньне, гэта тое, што мы ўспамінаем і радуемся нараджэньню і прыходу на гэтую зямлю Ісуса Хрыста. І калі мы будзем прапаведваць, увесь духоўны зьмест нашых пропаведзяў на Каляды і сьпевы – гэта пропаведзь і сьпеў аб прыходзе і ўчалавечаньні Ісуса Хрыста, аб тым, што Ён прынес мір на зямлю, аб тым, што ён прынес выратаваньне з сабой.

Вось гэта самы галоўны духоўны сэнс – юбілей разам зь Юбілярам Ісусам Хрыстом”.

(Абламейка: ) “Як арганізацыйна гэта будзе выглядаць? Якія мерапрыемствы на працягу юбілейнага году ў вас адбудуцца?”

(Круцько: ) “У нас арганізацыйна вельмі шмат прызначана мерапрыемстваў, сходаў. Па-першае, у саміх цэрквах пачынаючы з гэтага году, мы будзем сьвяткаваць дзьвюхтысячны год.

Што датычыцца грамадзкасьці, на вялікую нашую радасьць, нам далі афіцыйны дазвол праводзіць у Менску, у Цэнтральным Доме прафсаюзаў набажэнства 8 студзеня… Гэтак мы пачынаем нашыя ўрачыстыя набажэнствы па-за сьценамі цэркваў. А далей – паглядзім.

Мы будзем плянаваць правядзеньне набажэнстваў у грамадзкіх месцах і хочам закончыць гэты юбілей 25 сьнежня 2000 году.

Вось і ўсё. Пераваждна гэта ўрачыстыя набажэнствы рознага характару з удзелам нашых хораў, нашых музычных калектываў і нашых прапаведнікаў.

Да нас таксама прыедуць госьці са Злучаных Штатаў Амэрыкі, асабліва са штату Місуры, са штату Тэнэсі.

Вось так будзем праводзіць гэты год”.

(Абламейка: ) “У Катліцкай царкве, напрыклад, юбілей 2000-га году нясе яшчэ і моцную экумэнічную нагрузку. Як вы лічыце, экумэнізм у сувязі зь юбілеем робіцца больш актуальным?”

(Круцько: ) “Я думаю, што экумэнізм у добрым сэнсе слова, як мы разумеем яго – сустрэчы кіраўнікоў, сустрэчы вернікаў, нейкія сумесныя акцыі міласэрнасьці – яны патрэбныя, і яны актуальныя. Асабліва ў гэты год.

А экумэнізм у няўдалым сэнсе гэтага слова, калі нас могуць заахвочваць ісьці на кампраміс у сэнсе нашай дактрыны, якую мы спавядаем, я думаю, гэтага ня трэба рабіць.

Вось гэты 2000 год ужо і заахвочвае нас да добрага экумэнізму. У нас ужо была сустрэча. Мы спадзяемся, што яна будзе не апошняю. Сустрэча і праваслаўных, і католікаў, і пратэстантаў-баптыстаў, і ўсіх іншых канфэсіяў.

Таму, калі вы пытаеце аб актуальнасьці, дык гэта, безумоўна, актуальна. Усё ж гэта дапамагае захоўваць нейкі мір і стабільнасьць і стрымлівае людзей ад варажнечы адно з адным”.

Як мы чулі, беларускія баптысты, якія ўжо некалькі год, як перайшлі на новы, Грыгарыянскі каляндар, дбаюць пра тое, каб юбілей не прайшоў без Юбіляра. Яны зьбіраюцца праводзіць у працягу наступнага году публічныя набажэнствы і выступленьні сваіх мастацкіх калектываў.

А вось як на маё пытаньне пра духоўны зьмест юбілею 2000 году адказаў прадстаўнік самай вялікай беларускай царквы – Праваслаўнай.
Гаворыць кандыдат багаслоўя, выкладчык Менскай Духоўнай сэмінарыі айцец Сергі Гардун.

(Гардун: ) “Духоўнае значэньне дзьвюхтысячагадовага юбілею для Праваслаўнай царквы я бачу перш за ўсё ў тым, што юбілей гэты паслужыць напамінам кожнаму нашаму сучасьніку пра асобу Хрыста.

За ўсю гісторыю чалавецтва яшчэ не было падзеі, дзьвюхтысячагадовы юбілей якой, сьвяткаваўся б так шырока, па ўсім зямным шары. Значыць, нараджэньне Хрыста – гэта сапраўды ўнікальная зьява ў чалавечай гісторыі. Гэта падзея, якая скіравала ў новае рэчышча агульначалавечую плынь гісторыі.

І вось я думаю, кожны наш сучасьнік, кожны наш суайчыньнік на працягу гэтага юбілейнага году, паставіць перад сабою пытаньне – а што для мяне значыць Хрыстос? Усё чалавецтва сьвяткуе юбілей нараджэньня Хрыста. Чаму? Што зрабіў Хрыстос для людзей, і што зрабіў Хрыстос для мяне.

І я спадзяюся, што Праваслаўная царква дапаможа кожнаму знайсьці адказы на гэтыя пытаньні. Бо царква прапаведуе Госпада Ісуса Хрыста як Бога і Збаўцу, які, як сказана ў нашым Сымбалі Веры, “дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўленьня сышоў зь нябёсаў”, прыйшоў для таго, каб уратаваць чалавека ад пагібелі вечнай і даць паўнату жыцьця.
Вечнае жыцьцё”.

Кожны беларус, спадзяецца айцец Сергі Гардун, адкажа ў наступным юбілейным годзе на пытаньне: што Хрыстос зрабіў для мяне, і што Ён зрабіў для людзей?

Апошні з маіх сёньняшніх суразмоўцаў – старшыня камітэту каталіцкай царквы Беларусі ў справе сьвяткаваньня юбілею 2000 году, біскуп-памочнік Гарадзенскае рымска-каталіцкае дыяцэзіі Антоні Дзямянка. Менавіта ён адказвае за сьвяткаваньне катлікамі Беларусі юбілею 2000 году.

(Дзямянка: ) “Перш за ўсё хацеў бы сказаць, што юбілей для ўсіх хрысьціянаў, як і для хрысьціянаў-католікаў, мае вялікае значэньне. Мы дзякуем Богу за Яго любоў да людзей. 2000 год таму Ён паслаў на зямлю свайго Сына. У часе юбілейнага году, пад час розных сьвяткаваньняў, хрысьціяне будуць асэнсоўваць любоў Бога да нас, да кожнага чалавека.

Але паміж намі і Ім павінна быць ня толькі аднабаковая сувязь. Бог даў нам знак таго, што нас любіць. І кожны каталік павінен адказаць сабе на пытаньне, ці любіць ён Бога, ці давярае ён Яму, ці думае аб Ім. І таму ў юбілейным годзе імкнемся лепш спазнаць Бога-Айца, Сына Божага і Духа Сьвятога разам з Марыяй – Маці нашага Збаўцы.

Як гэта зрабіць? Трэба чытаць Сьвятое Пісаньне, паглыбляць сваю веру. Гэта немагчыма, калі чалавек не бярэ ўдзелу ў Літургіі.

Вось чаму ў юбілейным годзе будзе вельмі шмат літургічных урачыстасьцяў. Ужо падрыхтаваны рымскі каляндар і календары лякальных касьцёлаў. Наш беларускі каляндар быў апрацаваны яшчэ год назад. Нядаўна ён быў зкарэктаваны.

У ім прадугледжаныя юбілейныя сьвяткаваньні ў чатырох дыяцэзыях: у архідыяцэзыі Менска-магілеўскай ва ўрачыстасьць Сьвятога Міхала Архаанёла, у дыяцэзыі Гарадзенскай ва ўрачыстасьць Сьвятога Казіміра 4 сакавіка і ў дзень Маці Божай Вастрабрамскай – Апякункі Гарадзенскай дыяцэзыі 16 лістапада, у дыяцэзыі Пінскай ва ўрачыстасьць Сьвятога Андрэя Баболі і ў новаўтворанай Віцебскай дыяцэзыі.

У юбілейным годзе асаблівую ўвагу касьцёл зьвяртае на міласэрнасьць.
Вось чаму ў юбілейным годзе не будуюцца нейкія дарагія помнікі, манумэнты, не выдаюцца дарагія кнігі, але сьвяткаваньне праходзіць вельмі сьціпла. Калі якая-небудзь супольнасьць будзе мець фінансы, дык яе абавязкам ёсьць дапамагчы людзям, якія патрабуюць. Бо Айцец Сьвяты гаворыць, што для некаторых людзей юбілей ня мае вялікага значэньня, бо яны хворыя, галодныя, ім вельмі цяжка. Таму хрысьціяне, якія глыбока перажываюць сваю веру, павінны дапамагчы людзям патрабуючым. І гэта будзе таксама іхнім укладам у юбілей”.

Я б асабліва хацеў зьвярнуць увагу слухачоў на заклік Каталіцкай царквы да сьціпласьці ў наступным годзе. Юбілей – вялікае сьвята, але вера бяз добрых учынкаў, як вядома, няпоўная. Якраз таму біскуп Дзямянка гаварыў пра патрэбу ахвярадайнасьці ў наступным годзе, бо вакол нас ёсьць шмат людзей, для якіх юбілей ня будзе радасным з-за матэрыльных нястачаў. На жаль, і ў Беларусі гэта сёньня – рэальнасьць.

Вядома, што і Папа Рымскі Ян Павал ІІ, які зьяўляецца найбольш аўтарытэтнай постацьцю сярод сёньня жывучых хрысьціянаў, зьбіраецца ў наступным юбілейным годзе ня раз узьняць свой голас за скасаваньне сьмяротнага пакараньня і дараваньне разьвітымі краінамі даўгоў краінам так званага трэйцяга сьвету.

Як бы там не было, якія б не былі матэрыяльныя варункі нашага існаваньня, але юбілейная лічба – 2000 – прымушае кожнага з нас хоць ненадоўга задумацца над лёсам і запаветам Таго, чый юбілей чалавецтва сёньня ўначы пачало сьвяткаваць.

Хрыстос нарадзіўся, дарагія слухачы! Славім Яго!

Сяргей Абламейка, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG