(эфір 6 студзеня 2001)
Удзельнічае:: Алесь Барскі.
Аўтар і вядучы – Міхась Скобла.
Аматары паэзіі ведаюць вытанчанага паэта Алеся Барскага. Навукоўцы-філёлягі
цэняць наробак прафэсара, загадчыка беларусазнаўчай катэдры Варшаўскага
ўнівэрсытэту Аляксандра Баршчэўскага. Барскі-Баршчэўскі шмат гадоў ачольваў
Беларускае грамадзка-культурнае таварыства ў Польшчы, ініцыяваў стварэньне
Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.
А старэйшыя пісьменьнікі прыгадваюць, як за часамі брэжнеўскага застою
Алесь Барскі прывозіў у Менск забароненую за саветамі літаратуру — выдадзеныя
на Захадзе кнігі Купалы, Гаруна, Мандэльштама. Гэткі своеасаблівы караткевічаў
кніганоша ў модных фірмовых джынсах… Адведаўшы нядаўна Беларусь, паэт і
прафэсар завітаў у “Вольную студыю”.
(Міхась Скобла: ) "Дачуўся я ад беластоцкіх сяброў, што вы, спадар Алесь,
набылі ў сваіх родных Бандарах на Беласточчыне ладны кавалак зямлі. Ці
не азначае гэта, што вы, барані Божа, надумалі пакінуць навуку зь літаратурай
ды перакваліфікавацца ў фэрмера?"
(Алесь Барскі: ) "Я не набыў аніякай зямлі, а толькі пераняў гаспадарку
бацькі — 16 гектараў, бо калі б гэтага не зрабіў, то наша зямля трапіла
б у чужыя рукі. І новы ўладальнік зямлі мог бы мяне выгнаць з поля ці з
лугу, празь якія я хадзіў ад самага дзяцінства на рэчку. І таму, каб ніхто
ніколі не сказаў мне — чаго ходзіш па маім, я пераняў гэтую гаспадарку.
Але гэта не пагражае маім навуковым і літаратурным зацікаўленьням з
тае простае прычыны, што апрацоўваць гэтае зямлі я ўжо ня буду. Проста
мне хацелася ратаваць зямлю, якая ад вякоў належала да майго роду. Гэта
— фундамэнт маёй духоўнай і маральнай структуры; у пераважнай большасьці
ўсё тое, што пішу — і літаратуразнаўчае, і мастацкае — яно так ці інакш
зьвязанае з маёй зямлёй".
(Скобла: ) "Каб не гістарычная выпадковасьць у 1945 г., калі Беласточчына
апынулася ў Польшчы, вы мелі б шчасьце жыць у Беларусі савецкай. Але склалася
так, што вы вучыліся ў Лодзі, жывяце ў Варшаве. Ці не шкадуеце пра тое,
што сёньня вы — грамадзянін Польскай, а не Беларускай дзяржавы?"
(Барскі: ) "Сёньня ні ў якім разе пра гэта не шкадую, а нават і ўдзячны
Сталіну, што ўрэшце скарэктаваў беларуска-польскую мяжу, перасунуў яе ад
Беластоку на сорак кілямэтраў на ўсход. У выніку я і апынуўся ў Польшчы.
Гадоў пятнаццаць таму выступіў па тэлебачаньні першы прэм’ер Польшчы
Камароўскі. І ён расказаў пра тое, чаго я ніколі ня ведаў. Як вядома, беларуска-польская
мяжа была праведзеная па лініі Керзона, і мяжа тая мела этнічны характар.
Гэта значыць, што ўсе этнічныя землі беларускія ўсходняй Беласточчыны мелі
належаць да Беларусі.
І вось прэм’ер расказаў, як падчас свайго першага візыту ў Маскву на
прыёме ў Сталіна ён зьвярнуўся да кіраўніка СССР з просьбай, каб вярнулі
назад, да Польшчы, Белавескую пушчу, таму што ўжо да вайны польская Акадэмія
навук мела сваю філію ў Белавежы, вяла навуковыя дасьледаваньні, затраціла
сродкі. А таму польскі бок вельмі зацікаўлены, каб палякі атрымалі доступ
да пушчы, якая апынулася за мяжой. І Сталін адказаў: “Ну, что ж, посовэтуемся
с бэлорусскімі товарішчамі”. Назаўтра Сталін паведаміў: “Бэлорусскіе товарішчі
согласілісь”. І правялі новую мяжу — ад Сямятычаў аж да Саколкі, урэзаліся
ў беларускую тэрыторыю.
Такім чынам мая родная вёска Бандары ды яшчэ 250 000 этнічных беларусаў
апынуліся ў Польшчы. І сёньня пра гэта ніхто зь іх не шкадуе. Мы ўсё ж
там жывем значна лепш, чым вы тут. Падам прыклад — мая сястра, якая мае
78 гадоў, сялянка, атрымлівае 130$ пэнсіі, прытым за хату ня плаціць, зямлі
мае — колькі хоча. Таму і я ніякіх прэтэнзіяў да гісторыі ня маю. Тым больш
у Польшчы ніхто не забараняе мне быць беларусам".
(Скобла: ) "Тым больш дзіўнымі выглядаюць словы спадара Сычэўскага,
аднаго з кіраўнікоў беларускага руху на Беласточчыне, што ён падтрымлівае
палітыку Лукашэнкі — казаў па беларускім тэлебачаньні падчас побыту ў Менску.
Як вы лічыце, спадар Алесь, чым гэта магло быць выклікана?"
(Барскі: ) "Зразумела, што кожны мае права выказваць свае погляды, як
і права належаць да тае партыі ці ідэалёгіі, да якое яму хочацца.
Мяне вельмі зьдзівіла вось што. Два гады таму польскі Сойм выступіў
з пасланьнем да беларускага народу, вельмі, дарэчы, памяркоўным, у тым
пасланьні не рабіліся спробы накінуць беларусам чужую волю. Гаварылася
там толькі пра адно — пра абарону дэмакратыі і незалежнасьці ў Беларусі.
Пад тым пасланьнем падпісаліся ўсе польскія партыі, прадстаўленыя ў
Сойме, улучна з сацыял-дэмакратамі, да якіх належыць і Сычэўскі. Супраць
прагаласавалі толькі два дэпутаты, два беларусы, якія ёсьць у Сойме — Сычэўскі
і Плева. Яны галасавалі супраць незалежнасьці і дэмакратыі ў Беларусі.
Я гэтага не разумею!
На маю думку, незалежна ад таго, дзе беларусы жывуць і якой яны трымаюцца
палітычнай арыентацыі, сувэрэннасьць і дэмакратыю для свайго народу яны
павінны ставіць вышэй за ўсё".
(Скобла: ) "На вашай вечарыне, што адбылася днямі ў менскім Доме літаратара,
Ніл Гілевіч прызнаўся, што ўпершыню пачуў пра немінучы распад савецкай
імпэрыі з вуснаў Алеся Барскага яшчэ 20 гадоў таму.
На чым грунтаваўся ваш тагачасны прагноз і ці не ацэньваеце вы апошнія
падзеі ў Расеі як спробу вяртаньня ў савецкія часы? Выступ Пуціна па расейскім
тэлебачаньні напярэдадні зацьверджаньня сталінскага гімну Дзярждумай Расеі
быў нібы сьпісаны з Лукашэнкі. Зноў жа – візіты абодвух на Кубу…"
(Барскі: ) "Адносна распаду імпэрыі ніякага прароцтва не было. Гэта
была проста гістарычная аналёгія. Калі ўпала імпэрыя Чынгісхана, Пэрсідзкая
імпэрыя, імпэрыя Аляксандра Вялікага, упала імпэрыя Гітлера, то, зразумела,
што і савецкая імпэрыя павінна была прыйсьці да канца.
Імпэрыя — гэта канструкцыя штучная, яна імкнецца зьяднаць у адно розныя
народы, розныя мовы, розныя цывілізацыі. Сёньняшняе імкненьне кіраўніцтва
Беларусі зьяднацца з Расеяй мяне палохае. Бо яно ёсьць формай адтварэньня
Савецкага Саюзу. Хоць мне вельмі спадабалася выказваньне Пуціна, штопраўда,
сказанае перад выбарамі: “Тот, кто не жалеет о распаде Советского Союза,
не имеет сердца, но тот, кто стремиться его возродить, не имеет головы”.
Ня ведаю, наколькі шчыра ён выказаўся. Бо тое, што сёньня дзеецца паміж
Беларусяй і Расеяй, сьведчыць якраз пра адваротнае — пра імкненьне аднавіць
“малы савецкі саюз”.
Мы ўсё цешымся, што нас любяць і паважаюць у сьвеце за нашу добразычлівасьць
і гасьціннасьць. Гэта ўсё легенды. У Польшчы было нядаўна праведзена апытаньне
— каго б палякі хацелі б мець за суседзяў і каго б не хацелі. Найперш не
хацелі б мець за суседа цыгана, пасьля румына, пасьля ўсіх арабаў, на пятым
месцы ў палякаў стаяць украінцы, расейцы, беларусы і габрэі.
А каго б палякі хацелі б мець за суседа? Амэрыканца, француза, ангельца,
швэда і немца. Тут мы назіраем зьмену вялікай арыентацыі. Бо польскае грамадзтва
традыцыйна заўсёды было ў аднолькавай ступені антыгабрэйскае, антынямецкае
і "антыкацапскае". Тут варта патлумачыць, што для большасьці палякаў расеец,
беларус і ўкраінец — гэта "кацапы". А "кацап" — гэта старапольскі панятак,
азначае актора, камэдыянта, які злоўжывае голасам, мімікай і жэстамі рук.
Так што бачыце, якія адносіны…"
(Скобла: ) "Стаўленьне афіцыйнай Варшавы да беларускага рэжыму вядомае.
Беларускія дэмакратычныя сілы мусяць быць удзячныя Польшчы за пэўную падтрымку.
Польшча дала прытулак палітычнаму выгнанцу Зянону Пазьняку, з тэрыторыі
Польшчы вяшчае Радыё Рацыя…
Але назіраецца і пэўная насьцярога, а неўзабаве нас чакае ініцыяванае
польскім бокам увядзеньне візаў. А як вы ацэньваеце пазыцыю Варшавы ў адносінах
зь Беларусяй? Ці дастаткова яна рашучая й выніковая?"
(Барскі: ) "Я марыў пра тое, што пасьля распаду Савецкага Саюзу Беларусь
далучыцца да нэўтральных краінаў, такіх як Фінляндыя, Швэцыя, Швэйцарыя,
Аўстрыя — разам зь іншымі савецкімі рэспублікамі, што атрымалі статус незалежных
дзяржаваў. У гэты блёк маглі б увайсьці Літва, Латвія, Эстонія, Беларусь,
Украіна, Польшча, Баўгарыя, народы Югаславіі, Славаччына, Чэхія, Румынія.
Мне здаецца, што гэта быў бы магутны хаўрус, зь якім усе лічыліся б,
і ніхто гэтага хаўрусу не крануў бы. І ня трэба было б выкідаць мільярды
даляраў на ўзбраеньне, ня трэба было б уступаць у ваенныя блёкі і гэтак
далей. Польшча, як вядома, уступіла ў NATO, але я гэта балюча перажываю,
таму што ўступленьне Польшчы ў NATO, на маю думку, падштурхнула Беларусь
у абдымкі Расеі".
(Скобла: ) "Спадар Алесь, я ведаю, што ў вашай варшаўскай кватэры сабраная
цэлая калекцыя гадзіньнікаў, ды амаль усе — спраўныя. А які час яны паказваюць
— варшаўскі ці менскі?"
(Барскі: ) "Выключна варшаўскі. Нельга жыць у адной краіне са сваім
часам, а гадзіньнік перавесьці на час іншай краіны — Беларусі, Расеі ці
Японіі. Чалавек спаралізаваў бы сабе жыцьцё ўвогуле.
Я маю большы камплект самавараў, самавар для мяне — сымбаль аб’яднаньня
ў адно цэлае стыхіяў, якія павінны быць аб’яднаныя — агню і вады. Яны для
мяне ўвасабляюць пэўную прытульнасьць, пэўную атмасфэру.
Я б тут яшчэ хацеў бы дадаць вось што. Калі параўнаць падарожжа паляка,
які прыяжджае зь Беларусі ў Польшчу, і падарожжа беларуса, які прыяжджае
з Польшчы ў Беларусь, то гэта вельмі адрозныя рэчы. Уражаньні абсалютна
супрацьстаўныя. Падарожжа паляка зь Беларусі ў Польшчу можна параўнаць
з падарожжам чалавека, які дападае да жыватворнай крыніцы ў вялікую сьпёку
і п’е зь яе, чэрпае чыстую крынічную ваду.
А падарожжа беларуса, які прыяжджае з Польшчы, і ня толькі з Польшчы,
але і з цэлага сьвету ў Беларусь, можна таксама параўнаць з падарожжам
чалавека, які ў вялікую сьпёку дападае да крыніцы, а крыніца — сухая, альбо
напоўненая такой вадкасьцю, якое піць нельга.
Адразу на мяжы, калі памежнік можа цябе абразіць і пасадзіць на месца
толькі за тое, што ты да яго азываесься па-беларуску, то чаго ўжо чакаць
у самой краіне…Калі чалавек падарожнічае па сьвеце і трапляе да самага
прымітыўнага племені, якое налічвае ўсяго 200 чалавек, і азавецца да іх
хоць колькіма словамі на іхнай мове, то ж гэтыя людзі цешацца, ганарацца,
што вось прыехаў чалавек здалёк і карыстаецца іхнай мовай. У Беларусі,
на жаль, інакш…"
(Скобла: ) "А на адвітаньне я ўсё ж папрашу вас у нашай празаічнай гутарцы
паставіць паэтычную кропку".
(Барскі: ) "Я прачытаю верш, якім заканчваецца мой беластоцкі зборнік
“Блізкасьць далёкага”, які для мяне істотны і які налічвае сто вершаў.
Мне сьніцца малінавы звон,
Валошкавасьць зорак высокіх.
Мой Край — гэта ява і сон,
Ён блізкі мне так, як далёкі.
У сэрцы я кодэкс нашу,
Айчыны мне мала і мала.
Я сёньня памерці магу,
Каб заўтра яна існавала". Міхась Скобла, Менск
Валошкавасьць зорак высокіх.
Мой Край — гэта ява і сон,
Ён блізкі мне так, як далёкі.
У сэрцы я кодэкс нашу,
Айчыны мне мала і мала.
Я сёньня памерці магу,
Каб заўтра яна існавала". Міхась Скобла, Менск