10 Лютага 2000.
Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.
Пачну зь ліста Барыса Супрунчука зь Берасьця, які выказаў стаўленьне
да дзяржаўных радыё і тэлевізіі. Ён піша:
“Паслухмяны раб ніколі анічога не вырашаў. Ён рабіў тое, што яму загадвалі.
Паслухайце дзяржаўнае радыё, паглядзіце дзяржаўную тэлевізію. Вядзецца
няспыннае размываньне беларускасьці. Дыктар так пранікнёна віншуе па-беларуску,
а песьня віншавальная гучыць расейская. Пра тэлевізію і казаць няма чаго.
Яго ў нас проста няма – гэта тэлевізія Разанскай губэрні. Праўда, Лукашэнка
толькі што даў загад стварыць другі канал БТ. Але хіба гэта будзе беларускамоўная
тэлевізія? Сёньня ў Беларусі гэта немагчыма, бо кіраваць культураю у дзяржаве
пастаўленыя палкоўнікі былое каляніяльнай арміі. А яны ня ведаюць і ненавідзяць
усё беларускае”, – напісаў Барыс Супрунчук.
На дзяржаўнай тэлевізіі ды радыё русіфікацыя, сапраўды, адбываецца такімі
тэмпамі, якіх ня было нават пры камуністах. Але дзіўная рэч – чым з большым
імпэтам новыя ідэёлагі спрабуюць ператварыць тэле- і рыдыёканалы ў расейскую
копію, тым больш відавочнымі становяцца іхныя правінцыйнасьць і непрафэсіяналізм.
Адмаўляючыся ад нацыянальнага, яны не набываюць, а страчваюць. І адкрыцьцё
другога тэлеканалу (калі яно адбудзецца) толькі памнажае гэтыя страты.
Вадзім Сьвірыда з Маладэчна напісаў нам пра лёс свайго продка – вядомага
мастака Рамана Семашкевіча, які стаў ахвяраю сталінскага гэнацыду. Раман
Семашкевіч родам з Маладэччыны, зь вёскі Лебедзева. Скончыў Віленскую гімназію,
а ў 24-м годзе вырашыў пераехаць з Заходняй Беларусі, якая тады належала
Польшчы, у Савецкі Саюз, каб вучыцца жывапісу…
“У ноч на 2 лістапада 37-га году яго арыштавалі ў маскоўскай кватэры
ягонае жонкі Васільевай, – піша Вадзім Сьвірыда. – Больш яго ніхто ніколі
не бачыў. Пасьля арышту НКВД-ысты забралі шмат карцінаў, не складаючы сьпісаў
і не запрашаючы сьведкаў. Гэтыя карціны таксама зьніклі бясьследна, як
і мастак. Праз 20 гадоў майстар быў рэабілітаваны. Але й па сёньняшні дзень
КГБ не дазваляе рассакрэціць тыя дакумэнты й паведаміць прычыны арышту
й расстрэлу Рамана Семашкевіча”.
Гэта была вытрымка зь ліста Вадзіма Сьвірыда з Маладэчна. Пра сябе Вадзім
паведаміў, што яму 31 год, што ён перакладнік з ангельскае мовы і што прыхільнікам
“Радыё Свабода” зьяўляецца ужо амаль 20 гадоў. Напісаў нам, спадзеючыся,
што гэтая інфармацыя пра мастака Семашкевіча, зьвесткі пра якога ён доўгі
час зьбірае, зацікавіць і іншых слухачоў “Свабоды”.
Яўгенія Казлова з Воршы распавяла пра тое, як яна са сваімі аднадумцамі
вырашыла наладзіць пікет супраць аб’яднаньня Беларусі й Расеі. У адказ
на сваю заяву з гарадзкога выканаўчага камітэту атрымалі адказ за подпісам
нейкае Сідняковай: пікет праводзіць забаронена, бо паводле рашэньня выканаўчага
камітэту пікетаваньне на Цэнтральным пляцы не прадугледжанае. Яўгенія паведамляе:
“Напярэдадні Новага году яны нам дазволілі пікет, прысьвечаны эканамічным
праблемам. І то, міліцыянтаў там было больш, чым пікетоўцаў. Але мы ня
будзем здавацца і апускаць рукі. Будзем змагацца – зноў і зноў падаваць
заявы на пікетаваньне ў розных месцах гораду”.
Падобным жа чынам чыноўнікі дзейнічаюць у многіх гарадох Беларусі: выдалі
пастановы, якімі забаранілі любыя апазыцыйныя акцыі ў цэнтры гарадоў і
мястэчак. Іх не бянтэжыць ані тое, што такія забароны парушаюць правы чалавека
й Канстытуцыю, ані тое, што ў бальшыні беларускіх раённых цэнтраў, акрамя
цэнтральнага, іншых пляцаў увогуле няма.
Мікола Вештарт зь Менску, адгукаючыся на тыя падзеі, якімі ўстрывожаны
сьвет – зьнікненьне журналіста “Радыё Свабода” Андрэя Бабіцкага ў Чачні
й прыход да ўлады ўльтраправых сілаў у Аўстрыі – прыводзіць нечаканыя паралелі.
Ён піша:
“Нам, беларусам, дужа зьдзіўляцца гэтым падзеям не выпадае, бо ў сябе
мы нешта падобнае перажылі ўжо. Выказваньні кіраўніка нашае гаротнае Беларусі
пра Адольфа Гітлера шакавалі сьвет ня менш, чым выказваньні Гайдэра. І
з Паўлам Шараметам Лукашэнка абышоўся ня менш жорстка, чым расейская ФСБ
з Андрэем Бабіцкім. Так што хоць у гэтым мы апярэдзілі Эўропу й сьвет.
І цяпер можам сказаць эўрапейцам: ня бойцеся – перажылі мы, перажывеце
й вы.”
Такі ж гіранічны погляд на сур’ёзныя праблемы ўласьцівы допісам многіх
нашых слухачоў. Феакціст Фядотаў зь вёскі Дубнякі Полацкага раёну даслаў
нам “Замалёўкі вяскоўца”, якія, як ён піша, “нядаўна знайшоў і як ня самы
кепскі чалавек, якому чужога ня трэба, вырашыў даслаць на радыё”. Замалёўкі
яўна зь сёньняшняга жыцьця Дубнякоў. Цытаваць усе іх няма магчымасьці –
Феакціст даслаў цэлую падборку. Але вось некалькі вельмі паказальных:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5. Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
Божа любы, якое сьвята:Ці яшчэ адна:
Зноў да фермы вязуць трысьнік
Аслабелым каровам дзяўчаты
Будуць пхаць яго пад язык.
Тут базар. Прымяраю боты.Увогуле, вершаваныя спробы нам дасылаюць досыць часта, і апошнім часам гэта, як правіла, такія ж, як у Феакціста, саркастычныя назіраньні за ўласным жыцьцём. Калі не стае сілаў, каб сур’ёзна абурацца й пратэставаць, ратуе самагіронія – для многіх – адзіны спосаб расповяду пра тое, што адбываецца наўкол. Ды й, напэўна, навогул – спосаб выжываньня. На мінулым тыдні нам на адрэсу Менскага бюро “Свабоды” напісалі таксама Ірына Коцур з Гомелю, Юрась Сьцяпанаў і Алег Асташанка зь Віцебску, Віталь Ефіменка з украінскага гораду Сумы, Сяргей Касьпяровіч зь Менску. Дзякуй усім. Чакаем новых лістоў. Нашая адрэса:
Згандляваў іх амаль за так.
Быў нябожчык, напэўна, багаты,
А даносіць вясковы жабрак.
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5. Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск