(эфір 1 Cтудзеня 2001)
Сонным студзеньскім ранкам, калі сьпічакі праскіх сабораў патанаюць у тумане,
а бронзавыя постаці сьвятых на Карлавым мосьце спавітыя вэлюмам смугі,
тут, у Празе, добра дыхаецца. Волкая прахалода поўніць грудзіну, але ўсё
адно: табе яго не хапае – гэтага п’янкога паветра. Паветра свабоды. І,
пазіраючы на стромую готыку, на мудрагелістае барока й велягурысты архітэктурны
юген-штыль, міжволі прасякнешся прагай любові да гэтай зямлі, гэтага места
й яе жыхароў.
Шматлюдным і шумным адвячоркам цябе падхопіць людзкая плынь, панясе
па завілых вулках, вынясе на Карлаў мост; бронзавыя сьвятыя – адвечныя
вартавыя славутага места – будуць глядзець табе ўсьлед і маладая мурынка,
якая сфатаграфуе сьвятога Пятра, абдорыць цябе белазубай усьмешкай.
На адной з вуліц убачыш мэмарыяльную табліцу і спынешся, злавіўшы вокам
знаёмае прозьвішча. Тут, у старасьвецкай камяніцы, туліўся калісьці аўтар
славутага “Пераўтварэньня”. Пазіраючы на пашэрханыя сьцены, на вокны, зь
якіх глядзеў на сьвет славуты Кафка, будзеш – у духу кафкіянскай фантазіі
– думаць пра тое, аб чым увесь час думаў на Радзіме: пра пераўтварэньне
роднага табе соцыюму ў эўрапейскую нацыю.
Праскі град сустрэне людзкой гаманой і стоеным бомканьнем званоў. Задзершы
голаў, будзеш доўга глядзець на крыжы сабору сьвятога Віта, пакуль не пачуеш
голас старой полькі: “Чы тутай седзі пан Гавэл?” Ля параднага пад”езду
будзе вісець шыльда з надпісам: “Канцылярыя прэзыдэнта”. “Марцін! Марцін!”
– гукне маладая немка наўздагон свайму чатырохгадоваму сыну. Маленькі вісус
падбяжыць да дзьвярэй прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі, ляпне па іх далонькай і
ты згадаеш іншую рэзыдэнцыю, згадаеш прыцягнуты з часоў акупацыі надпіс:
“Праход па прылежнай тэрыторыі забаронены!”, згадаеш суворых людзей у шэрым
камуфляжы і душу тваю апануе пякучая прага свабоды.
Зьнянацку насунуцца прыцемкі і Прага запаліць вагні. Яны будуць дрыжэць
у зімовым паветры, вясёлкава блішчэць, залатымі гронкамі адбівацца ў чорным
люстры Вэлтавы, і калі праз гадзіну давядзецца патэлефанаваць дахаты і
пачуць уражаны голас: “Дзе ты?” – з хваляваньнем адкажаш: “Я там, дзе самыя
прыгожыя вагні ў сьвеце”.
Ноччу ў Празе добра сьпіцца. Зьмежыш павекі – і адразу ж плывеш на замарачных
хвалях забыцьця, і сон вяртае цябе на Карлаў мост; нябачныя ў цемры сьвятыя
сьцерагуць твой сон, і асьветленыя пражэктарамі кагаркі, нібыта душы людзкія,
бязгучна лунаюць над галавою.
Сярод начы прачнешся з адчуваньнем, што анёл крануўся твайго пляча і
доўга будзеш ляжаць з адкрытымі вачыма, спавіты галавакружнай, па-дзіцячы
неспатольнай прагай жыцьця.
Вінцэсь Мудроў
Самае папулярнае
1