Менш як за сем тыдняў да прэзыдэнцкіх выбараў ў ЗША прадстаўнікі Рэспубліканскай
партыі ў Кангрэсе ЗША выступілі з рэзкай крытыкай у адрас прэзыдэнта Клінтана.
Яны абвінавацілі адміністрацыю Клінтана ў тым, што цягам апошніх васьмі
гадоў яна праводзіла памылковую палітыку ў дачыненьні да Расеі. Біл Клінтан
і ягоныя палітычныя саюзьнікі адкідаюць гэтыя абвінавачаньні і заяўляюць,
што яны зрабілі вельмі шмат дзеля таго, каб ператварыць былога ворага ў
свайго стратэгічнага партнэра...
Дакумэнт, які ўхваліў спікэр Палаты Прадстаўнікоў, рэспубліканец са
штату Ілінойс Дэніс Гастэрт, налічвае ажно 209 старонак. Адміністрацыя
прэзыдэнта Клінтана, – гаворыцца ў ім, – не скарыстала магчымасьць дапамагчы
Расеі ператварыцца з апанэнта ў эканамічнага і палітычнага саюзьніка Амэрыкі,
як гэта сталася зь Нямеччынай і Японіяй пасьля ІІ-й Усясьветнай вайны.
Рэспубліканцы ўсклалі на Клінтана значную долю адказнасьці за эканамічныя
і палітычныя цяжкасьці, якія Расея перажывае цягам апошніх васьмі гадоў,
за тое, што зараз Расейцы давяраюць Амэрыцы менш чым калі небудзь з часу
заканчэньня халоднай вайны. Заміж гэтага, – гаворыцца ў справаздачы, –
Клінтан змарнаваў вялікія грошы. Ён выдзяляў вялікія сумы грошаў Крамлю,
у прыватнасьці, Барысу Ельцыну і ягонаму акружэньню, нават пасьля таго,
як яны аказаліся ўцягнутымі ў карупцыйны скандал. На думку палітычных апанэнтаў
Клінтана, ягоная адміністрацыя ігнаравала пры гэтым дэпутатаў Думы, якія
адначасова маюць паўнамоцтвы рэгіянальных лідэраў. Старшыня Дарадчага камітэту
ў пытаньнях Расеі, які працаваў над дакумэнтам, Крыстофэр Кокс заявіў:
(Кокс: ) “Расейскія лідэры імкнуліся ў сваёй замежнай палітыцы, згодна
канцэпцыі зьнешняй палітыкі, ўхваленай у 93-м годзе, да стратэгічнага партнэрства
і цеснага саюзу са Злучанымі Штатамі. Аднак зараз гэта перастала быць іхнай
мэтай, і летась яны афіцыйна адмовіліся ад гэтай канцэпцыі. Адной з прычынаў
зьмены зьяўляецца тое, што расейскія лідэры перасталі давяраць парадам
з боку ЗША і страцілі павагу для нашай пазыцыі ў пытаньні карумпаванасьці
расейскіх элітаў”.
Удакладняючы закіды ў адрас адміністрацыі Клінтана, ён падкрэсьліў,
што за апошняе дзесяцігодзьдзе ЗША зрабілі вельмі мала дзеля таго, каб
прадухіліць развал расейскай эканомікі. Ён, у прыватнасьці, згадаў глыбокі
крызыс у расейскай сыстэме аховы здароўя. Заходнія лекі задарагія і недаступныя
для большасьці Расейцаў, і гэта адна з прычынаў таго, што сьмяротнасьць
у Расеі перавышае нараджальнасьць. Кокс адхіліў таксама абвінавачаньні
з боку дэмакратаў у палітычнай матываванасьці справаздачы. “Гэта факты,
якія павінны быць не праблемай рэспубліканцаў альбо дэмакратаў, але агульнаамэрыканскай
праблемай”, – сказаў ён.
У адказ на ягоныя закіды, выступаючы ўчора на брыфінгу, прадстаўнік
Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчэр адзначыў і станоўчыя моманты ў палітыцы
Клінатана ў дачыненьні да Расеі. Паводле яго, Злучаныя Штаты, сярод іншага,
пасьпяхова дапамаглі Маскве скараціць ейны ядзерны патэнцыял, стварыць
грамадзянскае і крымінальнае права, дапамаглі Расеі прыватызаваць 75-ць
адсоткаў дзяржаўнай маёмасьці.
(Баўчэр: ) “Хацелася б верыць, што ўклад адміністрацыі Клінтана ў пабудову
грамадзянскай супольнасьці, ў дапамогу прадпрымальнікам, у дэмантаж ядзерных
узбраеньняў быў адначасова карысны ня толькі для разьвіцьця Расеі, але
і для амэрыканскага народу”.
Для саюзьнікаў прэзыдэнта Клінтана не падлягае сумневу, што справаздача
рэспубліканцаў палітычна матываваная і накіраваная супраць дэмакратычнага
кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах Альбэрта Гора. Справа ў тым, што цягам
амаль васьмі гадоў віцэ-прэзыдэнт Эл Гор увасабляў амэрыканскую палітыку
ў дачыненьні да Расеі і былых савецкіх рэспублікаў. Ён быў нават сустаршынём
амэрыканска-расейскай і амэрыканска-украінскай двухбаковых камісіяў. Здавалася
б, усё гэта павінна яму залічыцца на плюс, аднак палітычныя апанэнты Гора
скарысталі карупцыю ў Расеі і на Ўкраіне для атакаў супраць яго.
(Артэртон: ) “Час, у які быў апублікаваны дакмэнт, падказвае мне, што
аўтары несумненна маюць перад вачыма выбарчы гадзіньнік”,
– адзначыў экспэрт з вашынгтонскага Ўнівэрсытэту Крыстафэр Артэртон.
З другога боку, нават рызыкуючы абвінавачаньнем іх у палітычнай матываванасьці,
сябры Кангрэсу маюць права выказаць сваю нязгоду з палітыкай адміністрацыі,
калі бачаць ейныя памылкі. Адказ дэмакратаў, паводле Артэртона, таксама
меў палітычную афарбоўку. У кожным разе неад’емнай рысай дэмакратыі зьяўляецца
тое, што людзі вырашаць наколькі палітыкі дзейнічаюць паводле сумленных
матываў.
Кастусь Бандарук, Прага
Самае папулярнае
1