Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.
Цягам мінулага тыдня ўрад і вэртыкальныя ўлады прыклалі нямала намаганьняў,
каб выканаць дадзенае Аляксандрам Лукашэнкам абяцаньне зьліквідаваць да
1 верасьня запазычанасьць у заробкавай плаце, уключаючы заробкі за ліпень.
Для дасягненьня пастаўленае мэты ўрад пайшоў на шэраг надзвычайных захадаў.
Напрыклад, Савет міністраў даслаў адмысловы ліст за подпісам першага намесьніка
прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова кіраўнікам усіх міністэрстваў і ведамстваў,
а таксама Нацыянальнага й камэрцыйных банкаў з прапановаю правесьці выплату
заробкавае платы за жнівень на 10 дзён пазьней вызначанага тэрміну. Мэта
— з’эканоміць грошай для пераадоленьня шматмесяцовае запазычанасьці ў заробкавай
плаце ў сельскай гаспадарцы, прамысловасьці й будаўніцтве, пазьбегнуь эмісіі
грошай і ўзмацненьня інфляцыі.
Але абяцаньне Лукашэнкі не было выканана. На канец жніўня, паводле дадзеных
аддзелу працы Мінсельгасхарчу, запазычанасьць у заробкавай плаце толькі
ў сельскай гаспадарцы складае 9 мілярдаў рублёў, хоць час ужо плаціць за
жнівень. Як бачым, ніякія адміністрацыйныя захады не даюць станоўчага плёну,
бо не закранаюць прычыну паўсталага напружаньня.
А прычыны дзьве: нізкая прадукцыйнасьць працы і эфэктыўнасьць вытворчасьці
пры адміністрацыйнай сыстэме гаспадараньня, а таксама непамерныя нажніцы
цэнаў, якія на сёньня для калгасаў і саўгасаў у разьліку на год складаюць
адмоўнае сальда памерам 200 млрд. рублёў. Пры такой умове забясьпечыць
рэгулярную выплату заробкаў і нармальнае вядзеньне гаспадаркі фактычна
немагчыма.
За чэрвень і ліпень запазычанасьць у заробках захоўваецца ва ўсіх рэгіёнах
краіны, а ў асобных гаспадарках — яшчэ за красавік і травень. Бацькі школьнікаў
калгасу “Сьветач” Чэрвеньскага раёну ў адчаі заявілі, што не пашлюць сваіх
дзяцей у школу, няма за што іх абуць і апрануць, купіць школьны рыштунак,
бо калгас не аплаціў ім заробак ажно з красавіка.
“Вэртыкаль” Лукашэнкі шукае выйсьця, між іншым, не на эканамічным полі,
а толькі адміністрацыйным чынам. У мінулы чацьвер створаная адмысловая
ўрадавая камісія кантролю за пераадоленьнем запазычанасьці ў заробкавай
плаце ва ўсіх сфэрах эканомікі. І ачольваць яе Лукашэнка даручыў старшыні
камітэту дзяржаўнага кантролю Анатолю Тозіку. У яе склад увайшлі многія
міністры, у тым ліку й старшыня КГБ Ўладзімер Мацкевіч. Склад камісіі сьведчыць
пра мэтоды, якімі яна будзе карыстацца. Чакаць ліквідацыі прычынаў запазычанасьці
ў заробках ня варта.
Уладзімер Кулажанка, Менск
Самае папулярнае
1