Генэральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан сёньня пракамэнтаваў сытуацыю
ў Беларусі, а таксама адносіны паміж Менскам і НАТО.
Джордж Робэртсан падкрэсьліў, што краіны, якія ўваходзяць у НАТО, расчараваныя
ў выніках выбараў у так званую “Палату прадстаўнікоў”, аднак НАТО не выказвае
афіцыйнай пазыцыі з гэтай нагоды. І ўсё ж спадар Робэртсан заявіў (цытую):
“Беларусь удзельнічае ў “Партнэрстве дзеля міру”. “Партнэрства” дэкляруе
датрыманьне фундамэнтальных правоў і дэмакратычных прынцыпаў. Гэтыя стандарты
неабходна ўжываць у адносінах да Беларусі. Парлямэнцкія выбары ў Беларусі
не адпавядаюць гэтым прынцыпам”.(канец цытаты)
Яшчэ адзін прадстаўнік НАТО высокага ўзроўню, які добра знаёмы з сытуацыяй
у Беларусі, паведаміў (цытую): “Мы расчараваныя ў вынках выбараў, таму
што яны не спрыялі дэмакратычнаму разьвіцьцю Беларусі”.(канец цытаты)
Аднак кіраўніцтва НАТО разьлічвае на партнэрскія адносіны паміж Беларусьсю
і Паўночна-Атлянтычным альянсам. Спадар Робэртсан паведаміў (цытую): “Расея
і Беларусь непакоіліся і выказвалі сваю пазыцыю яшчэ да далучэньня да НАТО
Польшчы, Чэхіі ды Вугоршчыны, аднак высьветлілася, што гэтыя краіны непакоіліся
дарэмна. Далучэньне тых краінаў дазволіла стварыць зону дэмакратычнай,
эканамічнай і абароннай стабільнасьці ў Эўропе. Гэта добра і для Беларусі,
і для Расеі”. (канец цытаты)
Ганна Навумовіч, Брусэль
Самае папулярнае
1