У Менску адбыўся 10-ты зьезд Саюзу журналістаў Беларусі. Дэлегаты зноў
пераабралі старшынём Саюзу Леаніда Екеля і выказалі свае прапановы й прэтэнзіі
да дзяржаўных ворганаў.
Сёньня ў Саюзе журналістаў каля 2,5 тысячаў сяброў. Варта адзначыць,
што яшчэ ў пачатку 90-х гэтая адзіная на той момант журналісцкая арганізацыя
мела ў два разы большую колькасьць. Пры гэтым нельга сказаць, што журналісты
актыўна пачалі пакідаць Саюз і ўступаць у альтэрнатыўную Беларускую Асацыяцыю
журналістаў, якая налічвае ўжо звыш 700 сябраў. Проста ў Саюз журналістаў
перастала ўступаць моладзь, а старыя кадры адыходзяць з жыцьця. Гэтая тэндэнцыя
была асабліва выразна выяўленая сёньня на зьезьдзе, дзе сярод 98-мі дэлегатаў
я ня ўбачыў аніводнага маладога, хаця б да 30-ці гадоў, твару.
Зрэшты, заклапочанасьці гэтым фактам не гучала ў выступах дэлегатаў
зьезду, які праходзіў у нядаўна ўзьведзеным будынку Саюзу журналістаў.
На першы плян для дэлегатаў выйшлі эканамічныя і сацыяльныя пытаньні, а
таксама праблема супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі структурамі.
Трэба сказаць, што дзяржава была прадстаўленая на зьезьдзе на самым
высокім узроўні. Па-першае, віншаваньне ўдзельнікам накіраваў Аляксандар
Лукашэнка, а ў залі зьезду прысутнічалі й выступалі Ўладзімер Замяталін
і Міхал Дзямчук. Яшчэ адзін прадстаўнік улады, намесьнік міністра адукацыі
Алег Слука, былы дэкан факультэту журналістыкі прысутнічаў на зьезьдзе
ў якасьці дэлегата, бо зьяўляецца сакратаром Саюзу журналістаў.
Я спытаў у спадара Слукі, зь якое прычыны дзяржава менавіта апошнія
месяцы надае асаблівую ўвагу дзяржаўнай прэсе?
(Слука: ) “Сёньня ў дакладзе нашага старшыні Саюзу журналістаў боло
сказана, што як разьдзяліць дзяржаўную і недзяржаўную прэсу? Такога дзяленьня
няма. Яно можа быць маральна-палітычнае, а слова дзяржаўнае падзяліць нельга,
і дзяржаўная, і недзяржаўная прэса працуе ў адной дзяржаве. Канчатковая
мэта – разьвіцьцё эканомікі, разьвіцьцё культуры, разьвіцьцё нашай дзяржаўнасьці
ў той і ў іншай прэсы аднолькавыя. Яны ідуць да гэтага рознымі шляхамі,
і я думаю, што вельмі хутка наступіць той час, калі гэтае паняцьце зьнікне.
Яно штучна прыдуманае”.
Цяжка дакладна зразумець, што меў на ўвазе спадар Слука — ці то незалежныя
выданьні павінны зьнікнуць, ці то дзяржаўная прэса неўзабаве адамрэ… Адметна,
што праз некалькі хвілінаў у сваім выступе на зьезьдзе падобную думку паўтарыў
і Ўладзімер Ядранцаў, кіраўнік Беларускага радыё. Ён заявіў, што ў Беларусі
няма недзяржаўных выданьняў — дзяржаўнымі зьяўляюцца ўсе тыя, якія працуюць
на тэрыторыі краіны. “Мы — найпершыя памочнікі кіраўніцтва нашае дзяржавы”,
— пераконваў зьезд Ядранцаў. Зазначу, што на зьезьдзе не было аніводнага
выступу прадстаўнікоў недзяржаўнае прэсы…
Аднак дэлегатаў з рэгіёнаў непакоілі больш надзённыя праблемы — падаткі
з ганарараў, умовы працы, велічыня фінансавых датацыяў. З найбольшай крытыкаю
выступалі рэдактары раённых газэтаў. Напрыклад, рэдактарка “Свіслацкай
газеты” скардзілася — “як можна нашым творчым калектывам (дзе два інваліды,
тры пэнсіянэры, а астатнія — жанчыны) нарыхтаваць тону сена?”. Зрэшты,
іншы дэлегат прапанаваў, каб супрацоўнікам СМІ быў нададзены статус дзяржаўнага
службоўцы і адпаведныя, прадугледжаныя законам, ільготы. Тады ўжо журналістам,
напэўна, ня прыйдзецца займацца сенанарыхтоўкамі.
Віталь Цыганкоў, Менск
Самае папулярнае
1