Ураніцу на прэсавай канфэрэнцыі старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі
Лідзія Ярмошына паведаміла папярэднія вынікі галасаваньня. ЦВК сьцьвяржае,
што ў выбарах узялі ўдзел звыш 60 адсоткаў беларускіх выбаршчыкаў.
Паводле Цэнтральнае выбарчае камісіі, выбары адбыліся ў 96-ці са 110-ці
выбарчых акругаў. У 43-х акругах ужо абраныя новыя дэпутаты “Палаты прадстаўнікоў”,
якія перамаглі адразу ў першым туры. У астатніх праз два тыдні, 29 кастрычніка,
адбудзецца другі тур. У тых 14-ці акругах, дзе выбары не адбыліся, паводле
заканадаўства, на працягу трох месяцаў мусяць адбыцца новыя выбары. Гэта
чатыры акругі — у Віцебску й Берасьці, тры — у Менску, а таксама па адной
— у Баранавічах, Барысаве й Маладэчне.
Сярод тых 43-х асобаў, што былі абраныя ўжо ў першым туры — 8 сяброў
палітычных партыяў і толькі тры жанчыны. Але самае адметнае, што сярод
іх больш як палова — 22 чалавекі — дэпутаты цяперашняга складу гэтак званага
“Нацыянальнага сходу”. Назавем толькі некаторыя найбольш вядомыя прозьвішчы
— Кучынскі, Пашкевіч, Хрол, Ананьеў, Глухоўскі, Салаўёў, Малафеяў, Канаплёў,
Худая, Катляроў, Дубовік.
Сярод іншых вядомых асобаў, якія патрапілі ў “палату” ў першым туры
— першы й другі сакратары БПСМ Усевалад Янчэўскі й Міхал Орда. У Менску
ў першым туры абраны толькі адзін чалавек — таксама дэпутат “Палаты прадстаўнікоў”
Уладзімер Аляксандровіч.
Дарэчы, яшчэ сёньня а трэцяй гадзіне ўначы, калі я тэлефанаваў у ЦВК,
там адказвалі, што дасюль ня маюць інфармацыі пра яўку выбаршчыкаў у сталіцы.
Толькі ўраніцу Лідзія Ярмошына паведаміла, што па Менску ў галасаваньні
ўзялі ўдзел 49 адсоткаў. Пры гэтым чамусьці атрымалася, што, хаця сярэдняя
лічба ўдзелу меншая за неабходныя 50 адсоткаў, аднак выбары адбыліся ў
14-ці зь 17-ці менскіх акругаў…
На маё пытаньне, як гэта магло здарыцца, спадарыня Ярмошына прывяла
лічбы яўкі выбаршчыкаў у большасьці менскіх акругаў. Яны былі амаль аднолькавыя
— 50,5%, 50,3%, 50,1% і гэтак далей. А ў адной акрузе мяйсцовая камісія
дасягнула проста каралеўскае (ці лепш сказаць — прэзыдэнцкае) дакладнасьці
— там зафіксаваная 50,02% яўкі выбаршчыкаў…
Нейкім загадкавым чынам выбары ў Менску не адбыліся менавіта толькі
ў тых трох акругах, у якіх на дэпутацкі мандат прэтэндавалі лідэры апазыцыйных
партыяў — Мікола Статкевіч, Сяргей Калякін і Сяргей Гайдукевіч.
Пасьля заканчэньня прэсавае канфэрэнцыі Лідзіі Ярмошынай я запытаў у
старшыні ЦВК, ці задаволеная яна вынікамі выбараў. Як вядома, Аляксандар
Лукашэнка ў дзень галасаваньня выказаў упэўненасьць, што на выбарчыя ўчасткі
прыйдзе 70 адсоткаў выбаршчыкаў. Ці можна лічыць посьпехам тыя 60 адсоткаў,
пра якія заяўляе Цэнтральная выбарчая камісія?.. Ярмошына адказала:
(Ярмошына: ) “Я лічу, што гэта – шанцунак. Вы знайдзіце хаця б адную
краіну ў сьвеце, дзе на парляманцкія выбары прыйшло б 60%. Паверце мне:
гэта вельмі рэдка!”
Тут са спадарыняй Ярмошынай варта пагадзіцца. Іншую такую краіну назваць
цяжка.
Віталь Цыганкоў, Менск
Самае папулярнае
1