Гандляры рэчавых рынкаў Беларусі правялі сёньня аднадзённы
агульнанацыянальны страйк. Гэта была самая буйная за апошняе дзесяцігодзьдзе
акцыя пратэсту прыватных прадпрымальнікаў.
Паводле інфармацыі страйкавага камітэту прыватных прадпрымальнікаў,
у сёньняшняй акцыі бралі ўдзел больш як 100 тысячаў чалавек ва ўсёй краіне.
Гандляры некалькіх дзясяткаў гарадоў адгукнуліся на заклік страйкаму падтрымаць
пратэст супраць палітыкі ўладаў, скіраванай, як лічаць арганізатары, на
эканамічнае банкруцтва сярэдняга клясу. Ня выйшлі сёньня на працу і асобы,
што працуюць па найму ў прадстаўнікоў дробнага бізнэсу.
Прычым, паводле словаў арганізатараў акцыі, згаданая лічба ўдзельнікаў
не канчатковая. У страйкам паступілі зьвесткі толькі з тых населеных пунктаў,
дзе дзейнічаюць суполкі прадпрымальніцкіх прафсаюзаў. Між тым, паводле
апэратыўнай інфармацыі, ініцыятыву страйкаму падтрымалі й гандляры шэрагу
рэгіёнаў, дзе няма такіх суполак, але куды дакацілася рэха прафсаюзнай
ініцыятывы.
Найбольш масавым быў прадпрымальніцкі пратэст у Менску. Вось што паведаміў
нашаму радыё каардынатар акцыі Леанід Каліценя:
“У Менску зарэгістравана каля 46 тысячаў прадпрымальнікаў. Зь іх большая
частка працуе на рынках. Апроч таго, на кожнага прадпрымальніка прыпадае
як мінімум па 2-3 прадстаўнікі наёмнае працы, якія нідзе не зарэгістраваныя.
Таму, паводле прыблізных ацэнак, сёньня 50-60 тысячаў чалавек ня выйшлі
на працу ў Менску”, — паведаміў Леанід Каліценя.
Сапраўды, у Менску страйкавалі сёньня гандляры такіх буйных кірмашоў
як “Ждановічы”, “Стадыён “Дынама”, “Чэрвеньскі”. Гаворыць адзін зь лідэраў
Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў рэчавага рынку “Дынама” і сябра страйкавага
камітэту Ігар Намочанка:
“Поўная адсутнасць “страйкбрэхераў”. Прадпрымальнікі падтрымалі нашу
ініцыятыву, таму што мы належным чынам правялі сярод іх растлумачальную
працу. І калі на папярэдніх акцыях нас падтрымлівалі 20 адсоткаў чалавек,
то сёньня — усе 100 адсоткаў. На рынку “Дынама” каля 4 тысячаў “арандатараў”,
— паведаміў Ігар Намочанка.
Падтрымалі сёньня пратэст супраць увядзеньня новых мытных правілаў на
тавары з трэціх краінаў, што ўвозяцца ў Беларусь з тэрыторыі Расеі, і ўсе
гандляры Дзяржынску. Гаворыць іхны лідэр Валеры Сіманаў:
“Былі такія прапановы, што ў сьнежні варта было б спыніць працу на месяц.
Месячны страйк патрэбен для таго, каб апратэставаць увядзеньне магчымага
дэкрэту прэзыдэнта пра адзіны падатак. Бо калі ён будзе прыняты, дык адмяніць
яго будзе цяжка. Аднак я тлумачу прадпрымальнікам, што Дзяржынск — мястэчка
маленькае. На пратэст падымаць трэба ўсю Рэспубліку”, — зазначыў Валеры
Сіманаў.
Паводле інфармацыі прафсаюзных лідэраў іншых рэгіёнаў, і там прадстаўнікі
дробнага бізнэсу выказваюцца за працяг супраціву палітыцы ўладаў. Рэспубліканскі
страйкавы камітэт не зьбіраецца абмежавацца сёньняшняй акцыяй. Гаворыць
старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі:
“Гэта папераджальны страйк. Першая акцыя з заплянаванай сэрыі. Мы мяркуем
правесьці яшчэ некалькі акцыяў, у тым ліку і мітынг у Менску да сярэдзіны
сьнежня. Усё залежыць ад паводзінаў уладаў. Калі яны ўрэгулююць заканадаўства,
дык мы свае акцыі спынім, калі ж не — будзем працягваць усё больш актыўна”,
— паведаміў Валеры Леванеўскі.
Міхал Стэльмак, Менск
Самае папулярнае
1