Аляксандар Лукашэнка на месца былога кіраўніка Дзяржаўнага
камітэту авіяцыі Рыгора Фёдарава прызначыў Фёдара Іванова.
Фёдар Іваноў — былы дырэктар Менскага авіярамонтага заводу. Калі завод
увайшоў у склад вытворчага аб’яднаньня “Белавіярамонт”, Іваноў заняў пасаду
генэральнага дырэктара аб’яднаньня. Супрацоўнікі лічаць Іванова прафэсійным
дырэктарам.
Менскі авіярамонты завод №407 да сёньняшняга дня лічыцца адным зь лепшых
на тэрыторыі СНД. Ён спэцыялізуецца на рамонце самалётаў грамадзянскай
авіяцыі і вылучаецца тым, што выконвае заказы ў кароткі тэрмін і якасна.
Існуюць пляны ў хуткім часе стварыць беларуска-расейска-ўкраінскае прадпрыемства,
якое будзе займацца рамонтам самалётаў.
Фёдара Іванова характарызуе наступная гісторыя. Менскі авіярамонтны
завод разьмешчаны фактычна ў цэнтры сталіцы, на тэрыторыі аэрапорту “Менск-1”.
Завод, зразумела, абсталяваны ўзьлётна-пасадачнымі палосамі. Нехта прыдумаў
неблагі бізнэс-праект — пабудаваць на месцы лётнага полю катэджы, а завод
перанесьці ў Мачулішчы, за межы гораду. Быў нават падрыхтаваны плян з назвамі
вуліцаў, якія будуць пабудаваныя на месцы бэтонных палосаў. Аднак Фёдар
Іваноў адстаяў свой завод і лётнае поле.
Трэба адзначыць, што прэм’ер Беларусі Ўладзімер Ярмошын некалі таксама
працаваў на авіярамонтным заводзе. Ня выключана, што менавіта паводле ягонае
рэкамэндацыі зробленая стаўка на Іванова.
Што тычыцца былога кіраўніка Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Рыгора Фёдарава,
дык, паводле інфармацыі радыё Свабода, зараз ён шукае новую працу. Хутчэй
за ўсё, яго ўладкуюць у кампанію “Белавія”, дзе знайшлі сабе месца шматлікія
спэцыялісты авіяцыі, якія былі пазбаўленыя працы.
Ганна Навумовіч, Менск
Самае папулярнае
1