Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Міхал Чыгір і ягоныя адвакаты падалі ў Вярхоўны суд Беларусі касацыйную скаргу на прысуд, што быў вынесены гарадзкім судом на мінулым тыдні...

Адразу пасьля завяршэньня працэсу ў Менскім гарадзкім судзе экс-прэм’ер Міхал Чыгір заявіў, што ня згодны з рашэньнем судзьдзяў і будзе яго абскарджваць. Учора быў атрыманы тэкст прысуду, а сёньня адвакат Аляксандар Пыльчанка на даручэньне Чыгіра даставіў у Вярхоўны суд Беларусі касацыйную скаргу, у якой, у прыватнасьці, сказана: “Лічым прысуд незаконным і неабгрунтаваным, а таму справа падлягае спыненьню”, – зьвяртаюцца адвакаты й сам асуджаны да вышэйшае судовай інстанцыі краіны. Міхал Чыгір тлумачыць свой зварот у Вярхоўны Суд наступным чынам:

(Чыгір: ) “Глупства, якое зачытаў Васілевіч, безумоўна, не павінна мець месца ў судовай практыцы, таму мы зьвярнуліся ў Вярхоўны суд і я думаю, што цяжка будзе ў Вярхоўнам судзе знайсьці яшчэ такога чудака, каб ён паўтарыў тое, што напісаў Васілевіч. Паколькі такога чалавека знайсьці будзе цяжка, я лічу, што Вярхоўны суд прыме іншае рашэньне ў гэтай справе”.

Нагадаю, калегія Менскага гарадзкога суду на чале з судзьдзём Аляксандрам Васілевічам , якая разглядала справу Чыгіра на працягу 5 месяцаў, вырашыла, што Чыгір вінаваты ў перавышэньні ўлады й варты трох гадоў турмы з адтэрміноўкаю выкананьня прысуду на працягу двух гадоў. Таксама судзі забавязалі экс-прэм’ера выплаціць дзяржаве 209 мільёнаў рублёў у якасьці кампэнсацыі за нанесеную шкоду.

З гэтым пакараньнем Міхал Чыгір таксама ня згодны й просіць яго адмяніць.

У Вярхоўным судзе адвакату Чыгіра паведамілі, што адказ з прызначэньнем дня касацыйнага разгляду будзе атрыманы пасьля 3 чэрвеня, калі судзьдзі азнаёмяцца з пратаколам працэсу ў гарадзкім судзе.

І яшчэ адная навіна ад Чыгіроў. Юлія Чыгір зьвярнулася ў пракуратуру Фрунзэнскага раёну Менску з патрабаваньнем правесьці расьледваньне й прыцягнуць да адказнасьці міліцыянта, які ў дзень абвяшчэньня прысуду нанёс ёй траўму. Гэта адбылося на ганку гарадзкога суду, у той момант, калі Юлія Чыгір спрабавала дамовіцца зь міліцыянтамі, каб тыя прапусьцілі на працэс хаця б сваякоў і журналістаў. Жонку экс-прэм’ера схапілі й пацягнулі ў будынак суду, і пры гэтым паранілі ёй руку.

Цяпер Юлія Чыгір спрабуе знайсьці вінаватага, хоць і сумняецца, што ўдасца гэта зрабіць. “Пакуль нічога дакладна мне ў пракуратуры не адказалі, сказалі – чакайце, мы прымем рашэньне”, – гэткім быў адказ з Фрунзэнскае пракуратуры на заяву Юліі Чыгір.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG